Фота Depositphotos.com

Калі пандэмія кавіду набрала абароты, людзі сталі часцей бачыць анамальныя сны і нават начныя кашмары. Часцей за ўсё гэтая з’ява адзначалася ў краінах з высокім узроўнем заражэнняў ці ў тых краінах, дзе быў уведзены строгі лакдаўн.

Шмат людзей цяпер знаходзяцца ў стане хранічнага стрэсу, асабліва гэта датычыцца медыкаў, што непасрэдна змагаюцца з вірусам. Працяглыя перыяды стрэсу, што доўжацца месяцы ці гады, здараюцца нячаста, і ў сучаснай гісторыі іх можна параўнаць толькі з ваенным часам. Вядома, што хранічны стрэс значна ўплывае на працу нашага мозгу, і людзі ў такім стане часцей бачаць кашмары, піша ВВС.

З іншага боку, яркія сны могуць дапамагчы нам апрацаваць эмоцыі і ўспаміны мінулага дня, а таксама трохі перагрупаваць старэйшыя ўспаміны. У асноўным гэта праходзіць падчас фазы «хуткага сну», бо менавіта яна ў асноўным звязаная з эмацыйнымі ўспамінамі, якія і складаюць аснову нашых сноў. Існуе гіпотэза, што пасля такой перапрацоўкі мы пачынаем ставіцца да стрэсавых падзей менш эмацыйна.

Пасля начнога кашмару зона мозгу, што рыхтуе нас да стрэсавых сітуацый, працуе актыўней, нібыта сон вучыць нас, як дзейнічаць у жыцці. Магчыма, што нашаму мозгу патрэбнае гэтае перапрацоўванне інфармацыі, каб перазагрузіцца перад новым днём.

Таму наступны раз, калі вы пабачыце начны кашмар, успрымайце яго як спосаб вашага мозгу рэгуляваць эмоцыі праз пазбаўленне ад стрэсу мінулага дня. Трэба турбавацца толькі ў тым выпадку, калі такія сны становяцца рэгулярнымі або пачынаюць нейкім чынам уплываць на ваша здароўе. Для большасці людзей, хутчэй за усё, дрэнныя сны прыносяць толькі карысць.

Існуе некалькі метадаў працы з начнымі кашмарамі ў тым выпадку, калі яны робяцца рэгулярнымі. Адзін з іх — ERRT-тэрапія. Падчас яе пацыент запісвае на паперы свой сон дакладна так, як ён яго памятае, або з новым варыянтам заканчэння. Іншы метад лячэння, IRT-тэрапія, вучыць пацыентаў кантраляваць начныя кашмары з дапамогай асэнсавання сноў.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?