Меркаванні

«У чым сэнс жыцця?» Пра што пішуць палітвязні ў лістах

Большасць — пазітыўныя, поўныя ўпэўненасці ў сваіх сілах і будучыні. Але часам прыходзяць сігналы пра дэпрэсію. І самі сабой ствараюцца механізмы ўзаемападтрымкі, піша Паўліна Скурко.

Два месяцы таму я з азартам узялася пісаць палітвязням. Штотыдзень стараюся адправіць прынамсі 3—5 паштовак або лістоў тым, чые гісторыі мяне закранулі, і тым, каму менш пішуць. Сайтаў са спісамі і дадзенымі палітвязняў тры: dissidentby.com і prisoners.spring96.org, і politzek.me. На першым і апошнім ёсць магчымасць зарэгістравацца і пазначаць, каму ты пішаш. Так ствараецца карцінка, каму пішуць больш, каму менш. Каму падтрымка патрэбнейшая.

Лісты даходзяць слаба. Як пішуць самі вязні, гэта латарэя — чый дойдзе. Каму лісты не даходзяць, ёсць іншы спосаб — грашовы перавод. Душу туды не ўкладзеш, цёплых слоў не напішаш, але знак ёсць знак (вязень атрымае квітанцыю з вашым прозвішчам і зможа атаварыць грошы ў турэмнай краме або, калі захоча, забярэ іх пры выхадзе з турмы).

У адмысловай групе ў фэйсбуку нехта напісаў скрушлівы допіс: маўляў, пішу-пішу — і ніводнага адказу. У каментах высветлілася, што адказы складаюць прыкладна 10% ад адасланага. «Я адправіла 180 лістоў і атрымала на іх 18 адказаў», — піша жанчына.

Людзі выказваюць назіранні, што ў калоніі лісты перадаюць лепш, чым у СІЗА.

Таксама загадка, ці ўплывае на нешта тып ліста. Просты канверт, канверт 1-га класа ці заказны з паведамленнем — здаецца, большасці цэнзараў усё адно. Нехта, праўда, заўважае, што з лістоў дайшлі выключна канверты 1 класам, а простых — ніводнага. Таксама пішуць, што ў ізалятар у Жодзіне найлепш даходзяць заказныя з паведамленнем…

Чаму адны лісты адхіляюць, іншыя прапускаюць — загадка. Іх чытаюць і не пускаюць? Іх выкідаюць не чытаючы? Што ж, некалі ўсё гэта стане вядома. Відаць, ёсць тут і разлік дэмаралізаваць грамадства. Ёсць, відаць, і нейкая логіка.

Гісторыкі адзначаюць, што ў Савецкім Саюзе лісты ў турмы даходзілі ўсе гарантавана. Такім чынам, і ў гэтым цяперашні рэжым перафарсіў савецкі.

Грамадства спее на вачах, і самі сабой ствараюцца механізмы ўзаемападтрымкі. У рэгіёнах існуюць тэлеграм-чаты родных і сяброў палітвязняў. У групе «Лісты салідарнасці» ў фэйсбуку ўжо 2500 чалавек. Яны дзеляцца напісаным ды атрыманым і не думаюць здавацца. Чытаць тамтэйшыя допісы — проста тэрапія. Аказваецца, душа беларуса шырокая, як жнівеньскае неба, і так сама усеяная зоркамі. Уражваюць драбнічкі.

Нехта дасылае хлопцам спецыяльныя наборы паштовак, каб віншавалі сваіх дзяўчат з 14 лютага. Сямейным укладаюць налепкі, каб перасылалі сваім дзецям такія вітанні з турмы. Для палітвязня з псіхічнай хваробай (у яго свядомасць 7-гадовага дзіцяці) пішуць лісты друкаванымі літарамі і адпраўляюць фота сваіх хатніх гадаванцаў.

Пісьмы маме і тату ад Дзімы Гопты. Гэтага 21-гадовага юнака з разумовай адсталасцю таксама адправілі ў калонію за ўдзел у процістаянні з міліцыяй падчас пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў. Рэквізіты, па якіх можна дапамагчы сям'і Дзмітрыя Гопты: 4344 8434 2060 1346 (03/22) - БелІнвестБанк (Volha Hopta). Турэмны адрас Дзмітрыя Гопты: Дзмітрый Валер'евіч Гопта СІЗА-3, Гомель вул. Кніжная 1А, 246003

Маё галоўнае назіранне: не столькі мы падтрымліваем вязняў, колькі вязні — нас. Такі чысты дух ідзе ад гэтых лістоў! Большасць — пазітыўныя, поўныя ўпэўненасці ў сваіх сілах і будучыні. Але часам прыходзяць сігналы пра дэпрэсію. Тады народ піша: трэба падтрымаць хлопца. І дзясяткі лістоў, пераводаў назаўтра ляцяць на яго падтрымку.

* * *

Ведаю, што многія хацелі б, але не ведаюць як адправіць грашовы перавод вязню. Гэта вельмі проста. Гэта можна зрабіць анлайн, праз інтэрнэт-банкінг (але тады не прыходзіць пацверджанне, яго можна атрымаць толькі з адвакатам або ў пісьме; СІЗА-1 — выключэнне, у яго праз банкінг не пашлеш), а можна паштовым пераводам. Трэба ведаць імя, прозвішча і, пажадана, імя па бацьку адрасата (палітвязня) і месца зняволення. «Мне трэба адправіць грашовы перавод» — кажаце вы і даяце работніцы пошты імя, адрас ды грошы. Гатова.

* * *

Пра што пісаць незнаёмцам? Я пісала пра сваю сям’ю, вясёлыя выпадкі з апошняга часу, цікавосткі сваёй работы, мары. Таксама пераказвала нейкія факты з сусветнай культуры, якія нядаўна прачытала і якія мяне ўразілі.

Я адправіла каля сарака лістоў. Атрымала (пакуль?) толькі тры адказы ад незнаёмцаў. А таксама ўжо некалькі — ад Алы Шарко, затрыманай па справе «Прэс-клубу». Яна ў кожным лісце адпраўляе малюнак. Перажывае, што колеры насамрэч не такія, як яна іх бачыць — у камеры кругласуткавае бляклае электрычнае асвятленне. А сонца — толькі на прагулцы. «Шмат хто не любіць «Рускае радыё», што грае. Я не задумваюся ўжо на гэты конт: навошта кожны раз раздражняцца? А на днях там круцілі некалькі разоў прыгожую песню Цоя «Кукушка». Там такія прыгожыя словы… Шукаеш моманты радасці — знаходзіш іх. Не шукаеш — не будзе ўсмешак, — піша Ала ў нядаўнім лісце. — А песня «Самый лучший день проходил вчера…» кожным разам выпадае на мыццё ўнітаза. Цуд нейкі!:)» Пісала, што развучваюць танцы народаў свету і па выхадзе падумваюць даваць канцэрты ансамбля «Валадарачка».

Ліст ад Вольгі Залатар, мамы пяці дзяцей, зняволенай на Валадарцы. Яе адрас: Вольга Віктараўна Залатар. СІЗО-1, Мінск вул. Валадарскага 2, 220030 

А незнаёмцы — вельмі розныя. Адказаў мне з «хіміі» магілёўскі актывіст Валадар Цурпанаў, 58 гадоў. Яго віна — аблаяў суддзяў падчас суду. Сумуе, што Магілёў спіць — «на 30 лістоў з Мінску — 1 з майго Магілёва». Перажывае за жонку, піша, што гэта не вязням — гэта іх сем’ям прысуджаюць гады пакут. «Падтрымка? Я з тых, каму ніхто і нішто не трэба, я — самадастатковы. Але кожны ліст, паштоўка — каменьчык у падмурак новай Беларусі». Цяпер палітвязень у магілёўскай турме — «на хіміі» ён дамагаўся мінімальнага заробку, гарантаванага дзяржавай, інакш адмаўляўся працаваць. Яго перавялі ў турму, яму пагражае артыкул «ухіленне ад адбыцця пакарання».

З СІЗА Гомеля атрымала адказ ад Аляксандра Баброва, 38 гадоў. Гэта рабочы БМЗ у Жлобіне, які ў знак пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў разам з іншымі рабочымі перакрываў дарогу для тэхналагічнага транспарту на тэрыторыі заводу. 2,5 гады калоніі. «У мяне настрой падымаецца, дый час мінае хутчэй, калі прыходзяць лісты. І разумееш, што некаму не абыякавы твой лёс», — піша Аляксандр.

Ён — гітарыст-віртуоз і запрашае ўсіх на свой youtube-канал з каверамі.

Рэквізіты, па якіх можна дапамагчы сям'і Бабровых:

5470 8740 4219 5485 (да 09/23) — Беларусбанк (Instant Card, не іменная карта сям'і).

Турэмны адрас Баброва — тут.

Жлобін асабліва пацярпеў. У горадзе металургаў — ужо паўтара дзясятка палітзняволеных, пераважна рабочых.

Вельмі крануў ліст ад 25-гадовага Уладзіслава Еўсцігнеева з Маладзечна. Ён кінуўся бараніць чалавека ад ціхароў яшчэ ў той дзень, калі людзі выйшлі пратэставаць супраць цынічнай нерэгістрацыі Віктара Бабарыкі. Памятаю, як мяне ўразілі тыя кадры. 3 гады калоніі ў Наваполацку.

Ад ліста Улада ў мяне здарыўся катарсіс. Упершыню за многа месяцаў выступілі слёзы. Адступіла з душы чарната.

«Будь весёлым, дерзкім, шумным, драться надо — так дерісь» — вучыла Чарапаха Тарціла. Я пісала Уладу, што апошнія паўгода пастаянна згадваю гэты выраз з дзіцячага фільма. Ён у адказ піша, што выхоўваўся на мультыках і фільмах пра караля Артура, Робіна Гуда, Артура і мініпутаў. «Дабрыня, чысціня сэрца, каханне і любоў, здольнасць прыйсці на дапамогу — менавіта на гэтых маральных устаноўках я і вырас. І пакуль у сэрцы чалавека будзе жыць дзіця, ён ніколі не зробіць іншаму шкоды».

Дзіця і сям’я — самае важнае ў жыцці, піша хлопец. «Майму дзіцяці ніколі не будзе слухаць хлусні на тэлебачанні, і калі ў адукацыйнай установе яго паспрабуюць агітаваць на амаральныя дзеянні, добра той установе не будзе!» Яго дзяцінства было не вельмі радасным. З 7 класа выхоўваўся ў прыёмных бацькоў… «Тэма дзяцінства выклікае ў мяне шмат пачуццяў…»

Я прасіла Уладзіслава распавесці пра сябе, і ён распавёў. Гэта насычаная і няпростая біяграфія. Харашыст, сярэдні бал у школе быў большы за 7. Але прыйшлося памяняць тры школы. Вучыўся і ў школе мастацтваў. Скончыў каледж па спецыяльнасці тынкоўшчык і плітачнік. Доўга не мог уладкавацца на працу, казалі, не стае досведу ці адукацыі. Рабіў на будаўніцтве — з нуля навучыўся ўзводзіць хаты. Вельмі ўпадабаў гэта, планаваў вывучыцца на архітэктара, але не паступіў. Потым — апаратчык на мясакамбінаце, а з-за скарачэнняў перайшоў у лякарню і ў час COVID амаль паўгода працаваў дэзінфектарам.

«Як Вы лічыце, у чым сэнс жыцця?» — пытае Уладзіслаў на палях.

Турэмны адрас Уладзіслава Еўсцігнеева: ІК №1, 211440, Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8

Страшэнна крыўдна, што такія людзі, як Улад, цяпер за кратамі. Найлепшыя людзі. Соль зямлі. Самыя адважныя, самыя рашучыя. Якія перамаглі ў сабе страх. Яны мусяць кахаць, будаваць хаты, выхоўваць дзяцей. Гэта людзі, пра якіх хочацца пісаць кнігу. Людзі, якія мусяць застацца — і застануцца — героямі нашай гісторыі.

Лапідарнае развітанне ад журналіста Андрэя Аляксандрава.

Хочацца пакласці перад імі цэлы свет, упакаваць яго ў пасылку (але пасылкі можна дасылаць толькі ў СІЗА! у калонію гэта мусяць рабіць родныя!) або — у канверт.

Пішыце лісты! Мы падтрымліваем вязняў, але непараўнальна больш падтрымліваюць яны нас.

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Чамаданава расказала, што катэгарычна нельга абмяркоўваць на кухнях16

Чамаданава расказала, што катэгарычна нельга абмяркоўваць на кухнях

Усе навіны →
Усе навіны

У МТС расказалі, дзе ў Беларусі жывуць жаўранкі, а дзе — совы2

З-за навальніцы на поўначы Мінска на 25 секунд адключалася электрычнасць

Сям’я беларусаў аказалася ў двух розных асяродках эміграцыі. Муж не можа трапіць да жонкі ў Грузію, а яна — атрымаць візу да яго ў Польшчу10

Беларусы здымаюць у Польшчы серыял пра свінгераў19

Алімпійская чэмпіёнка па біятлоне прапала ў гарах Пакістана1

Магутны землятрус каля берагоў Камчаткі прывёў да цунамі, у Японіі і на Гаваях абвешчана эвакуацыя

Якія машыны беларусы дагэтуль актыўна вязуць з ЗША7

Беларус распрацаваў перакладчык для бізнэсу, які прыносіць яму мільён даляраў на год14

У заапарку Нюрнберга застрэлілі 12 бабуінаў. Для іх не хапала месца6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чамаданава расказала, што катэгарычна нельга абмяркоўваць на кухнях16

Чамаданава расказала, што катэгарычна нельга абмяркоўваць на кухнях

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць