Пасля абвяшчэння прысуду

Пасля абвяшчэння прысуду

Справу разглядала суддзя Марына Фёдарава. Пракурор — Анастасія Маліко.

Кірыл Паўлавец быў затрыманы 4 кастрычніка пасля маршу. Калі ён быў ужо дома, яму патэлефанавалі з незнаёмага нумару, папрасілі выйсці ва двор і адагнаць машыну. Там яго і затрымалі людзі ў балаклавах.

На наступны дзень быў суд. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве (артыкул 23.34 КаАП) і ў непадпарадкаванні работнікам міліцыі (23.4 КаАП). Прысудзілі 14 сутак. Але на волю ён так і не выйшаў. Была заведзеная крымінальная справа, з Акрэсціна яго перавялі ў СІЗА на Валадарскага.

Згодна з прад’яўленым абвінавачваннем, Кірыл Паўлавец 30 жніўня на плошчы Свабоды заклікаў да ўдзелу ў масавых мерапрыемствах. Перашкодзіў сваімі дзеяннямі працы транспарту, асабліва аўтобусам (там велізарны спіс аўтобусаў, якія ездзяць па найбліжэйшых маршрутах).

Таксама 9 жніўня — на праспекце Дзяржынскага, вул. Пушкіна, Жукава зноў перашкаджаў руху транспарту (аўтобусы, тралейбусы) і спыняў іх нармальную працу.

На двух папярэдніх судовых пасяджэннях пракурор хадайнічаў аб выкліку ў суд ужо вядомага па многіх працэсах сведкі — супрацоўніка Цэнтральнага РУУС Мінска Аляксандрава Аляксандра Аляксандравіча. Аднак сведка так і не з’явіўся.Таму суд прыняў рашэнне завяршыць судовае следства без яго.

Падчас судовых спрэчак пракурор Маліко прасіла суд прызнаць Паўлаўца вінаватым і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на тры гады з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу (хімія).

Сёння суддзя Фёдарава агучыла прысуд: тры гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу (хімія).

Кірыл пакуль вызвалены з-пад варты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0