16 чэрвеня 2009 году ў судзе Савецкага раёну Мінска адбыўся судовы працэс паводле пазову Галіны Юбко да рэдакцыі газеты «Советская Белоруссия» і яе аўтара Віктара Панамарова.

Нагодай стаў артыкул В. Панамарова «Ня веру» ў «СБ» за 18 лютага 2009 г., у якім ён піша пра групу жанчынаў — сваячак асуджаных, а таксама нязгодных з рашэннямі судоў.
Галіна Юбко, як удзельніца групы жанчынаў, палічыла, што аўтар артыкулу нанёс шкоду яе гонару і годнасці. Паводле яе словаў, журналіст аднабакова апісаў праблему, заявіўшы, што большасць жанчынаў усімі праўдамі і няпраўдамі намагаюцца палегчыць лёс сваякоў, асуджаных пераважна за цяжкія злачынствы — забойствы, згвалтаванні, рабаванні.

Вось некалькі цытатаў з артыкулу.

«У апошні час у нас сфармавалася досыць вялікая і дынамічная група жанчын, якія, скардзячыся на несправядлівыя, на іх думку, прысуды, фактычна самі выносяць вердыкты, апраўдваюць і нават «судзяць»... уласна правасуддзе. Жорстка, не стрымліваючыся ў ацэнках. Гэта жонкі, маці і бабулі асуджаных (мужоў, сыноў, унукаў...) — за цяжкія, як правіла, злачынствы».
«Сёння жанчыны, якіх аб’яднала гора і якія аб’ядналіся ў «пошуках праўды», з усёй утрапёнасцю ціснуць на суды і следства, прыводзяць уласныя «версіі», страсаюць атмасферу юрыдычнымі тэрмінамі і, не абмяжоўваючыся ціскам на мясцовае правасуддзе, засыпаюць лістамі міжнародныя праваахоўныя арганізацыі».

Тым часам, група жанчын, да якой належыць і Юбко, аб’яднала людзей з самымі рознымі гісторыямі, сярод яе ўдзельнікаў ёсць і тыя, хто бароніць свае ўласныя правы — ад маёмасных пытанняў, да выкрыцця фактаў карупцыі. Сама Галіна Пахомаўна ад 2004 году намагаецца высветліць акалічнасці смерці роднай сястры.

Судовае паседжанне цягнулася амаль да 6-й вечара. Падтрымаць Галіну Юбко прыйшло каля трох дзесяткаў чалавек — набілася поўная зала. Паводле словаў юрыста Тамары Сяргей, суд прыняў рашэнне адмовіць у задавальненні пазову Галіны Пахомаўны да рэдакцыі газеты «Советская Белоруссия» і яе аўтара Віктара Панамарова. Прычына — жанчына «не даказала факт распаўсюду інфармацыі, якая нясе шкоду яе гонару і годнасці». «Гэта пры тым, што у суд Г. Юбко прынесла пісьмовы адказ ад рэдактара «СБ» Паўла Якубовіча, у якім ён прызнаў, што апісаная ў артыкуле група жанчын менавіта тая, да якой належыць Юбко» – патлумачыла Т. Сяргей. Яшчэ адным доказам быў ліст з Адміністрацыі прэзідэнта, куды звярталася жанчына (у артыкуле Панамарова гаварылася, што Лукашэнка даў загад яшчэ раз грунтоўна праверыць скаргі групы). Там таксама пацвердзілі, што адпаведны загад быў зроблены і што на ўвазе маецца менавіта гэтая група жанчынаў. Тамара Сяргей дадала, што на гэтым яны не спыняцца і працягнуць звяртацца ў суд.

Галіна Юбко. Фота Андрэя Лянкевіча.

Галіна Юбко. Фота Андрэя Лянкевіча.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?