Фота Depositphotos.com

Фота Depositphotos.com

На першы погляд можа падацца, што грошы ўжо і так збольшага віртуальныя, бо такія плацежныя дадаткі, як Apple Pay у ЗША ці WeChat у Кітаі, змяншаюць неабходнасць у купюрах. Аднак гэта ўсяго толькі электронныя сродкі перамяшчэння грошай. Стварэнне лічбавай валюты, у сваю чаргу, азначае тое, што Кітай ператворыць законны плацежны сродак у камп’ютарны код, тлумачыць The Wall Street Journal.

Крыптавалюты, напрыклад біткойн, ужо з’яўляюцца прыкметай лічбавай будучыні для грошай, хоць дадзеная крыптавалюта існуе па-за глабальнай фінансавай сістэмай і не з’яўляецца законным плацежным сродкам, як наяўныя грошы, што выпускаюць урады краін.

Кітайская версія лічбавай валюты, аднак, кантралюецца цэнтральным банкам краіны, які будзе выпускаць новыя электронныя грошы. Гэта дасць кіраўніцтву Кітая новыя інструменты для кантролю не толькі эканомікі краіны, але і народа.

Такім чынам лічбавы юань не будзе мець галоўнай перавагі біткойна — ананімнасці для карыстальніка.

Больш за тое, Кітай стварае лічбавы юань так, каб ён быў прывязаны да міжнароднай фінансавай сістэмы, дзе галоўную ролю з часоў Другой сусветнай вайны адыгрывае даляр ЗША.

«Каб абараніць наш валютны суверэнітэт і законны валютны статус, мы мусім планаваць усё загадзя», — адзначае Му Чанчунь (Mu Changchun), кіраўнік праекта па стварэнні лічбавага юаня.

Даляр значна апярэджвае ўсе іншыя валюты для выкарыстання ў міжнародных валютных таргах. Па апошніх звестках Банка міжнародных разлікаў, даляр выкарыстоўваецца на 88%, у той час як юань — усяго на 4%.

На думку эканамістаў, лічбавізацыя юаня не зробіць яго канкурэнтам даляру ў банкаўскіх пераводах.

Але ў сваёй новай форме юань можа мець падтрымку ў бедных краінах, бо гэта дало б магчымасць людзям пераводзіць свае грошы на міжнародны ўзровень. А нават абмежаванае выкарыстанне кітайскай валюты за мяжой можа паслабіць удар амерыканскіх санкцый, якія ўсё часцей прымяняюцца супраць Кітая. Таму ўвядзенне лічбавага юаня можа пагражаць даляру ў доўгатэрміновай перспектыве.

Лічбавы юань знаходзіцца ў кіберпрасторы, і ўладальнік мае доступ да яго на мабільным тэлефоне. Каб яго патраціць, не абавязкова мець доступ да інтэрнэту.

Лічбавы юань з выявай Маа Цзэдуна з’яўляецца на экране, а расплаціцца ім можна з дапамогай мабільнага дадатку ад цэнтральнага банка Кітая, які спампавалі ўжо больш за 100 тысяч чалавек. Лічбавы юань у Кітаі ўжо прымаюць кавярні Starbucks і McDonald’s.

У той жа час лічбавыя грошы дазваляюць ураду адсочваць расходы людзей у рэжыме рэальнага часу, а таксама выяўляць злачынную дзейнасць. З дапамогай лічбавага юаня таталітарная дзяржава зможа яшчэ мацней кантраляваць кожны крок чалавека, засцерагаюць крытыкі.

Летась у Кітаі назіраўся значны рост накапленняў наяўных грошай, што сведчыць пра занепакоенасць жыхароў тым, што ўлады праз фінансавую сістэму адсочваюць кожную аперацыю.

Кітайскі ўрад адзначае, што лічбавы юань будзе цыркуляваць разам з банкнотамі і манетамі на працягу некаторага часу, але эксперты дапускаюць, што Пекін будзе дабівацца пераводу ўсіх разлікаў у лічбавы фармат.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0