У атацы Насця Верамеенка

У атацы Насця Верамеенка

Жаночая зборная Беларусі па баскетболе выйшла ў чвэрцьфінал чэмпіянату Еўропы, што праходзіць у Латвіі.

Пасля трох запар паразаў ад Францыі, Італіі і Расіі нашы шанцы на працягненне барацьбы былі мінімальныя. Для гэтага трэба было абавязкова выйграваць у літовак і турчанак, і адначасова чакаць, што гэтыя каманды не выйграюць у некага з фаварытаў.

Літовак з цяжкасцю абыгралі.

Перад гульнёй з Турцыяй сітуацыя ў нашай групе была вельмі заблытаная. У выпадку нашай перамогі адразу тры каманды (Беларусь, Італія, Турцыя) набіралі аднолькавую колькасць пунктаў.
Для выхаду ў чвэрцьфінал трэба было абавязкова выйграваць у турчанак з розніцай у 7 пунктаў, каб выйсці з трэцяга месца (і не трапіць на грозную Іспанію) — у 14.

Гонар дзяўчатам, што яны не абмежаваліся мінімумам. Ад самага пачатку каманда Буяльскага захапіла ініцыятыву. Найлепш гульню ў першыя хвіліны вяла Наталля Трафімава, якая набрала дзесяць пунктаў. У першай чвэрць перамаглі з лікам 27:21.

Дзве наступныя чвэрці таксама засталіся за беларускамі, але з меншай перавагай. Перад апошняй чвэрцю на табло гарэлі лічбы 67:58.

Менавіта ў гэтыя хвіліны гульню на сябе ўзяла Кацярына Сныціна, яна набрала аж 19 пунктаў. Што зробіш, калі гульня не ідзе ў прызнаных лідэраў, нехта павінен браць ініцыятыву на сябе.

Турчанкі не вытрымалі фінальнага псіхалагічнага прэсу. Беларускі не проста перамаглі, а зрабілі гэта з патрэбным для сябе лікам 86:70.

Цяпер у чвэрцьфінале нашы сустрэнуцца з Славакіяй. Гульня пройдзе заўтра ў Рызе. Пачатак а 20:15.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?