Скрыншот відэа «Радыё Свабода»

Меру стрымання змянілі з заключэння пад варту на падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах. Аляксандру Патрасаеву вызвалілі ў зале суда. 

Аляксандру вінавацілі ў тым, што яна прыняла ўдзел у масавых беспарадках каля ГЦ «Рыга» ў ноч з 10 на 11 жніўня 2020 года: з групай асобаў па папярэдняй змове блакавалі рух транспарту, узводзілі барыкады, знішчалі тратуарную плітку, выкарыстоўвалі петарды, факелы і іншыя прадметы.

Чытайце таксама: Пачаўся суд над Аляксандрай Патрасаевай, што аказвала дапамогу пацярпелым на Сурганава і Бяды

Дзяўчына віну не прызнала, суду распавяла, што аказвала медыцынскую дапамогу людзям на вуліцах Бяды, Багдановіча, Сурганава. На месцы не бачыла супрацоўнікаў міліцыі, патрабаванняў аб спыненні незаконнага мерапрыемства не чула. Бачыла, што там было каля 50 чалавек, якія ўзводзілі барыкады, але не бачыла падпалаў, пагромаў, каб людзі кідалі розныя прадметы.

Аляксандру затрымалі ў тую ж ноч, трое сутак яна ўтрымлівалася ў ЦІП на Акрэсціна, дзе, па яе словах, яе катавалі: збівалі, абражалі і пагражалі згватаваннем. 

Учора Аляксандра выступіла з апошнім словам у судзе Маскоўскага раёна.

«Я хачу выказаць словы шчырай падзякі тым, хто мяне любіць і чакае. Вы менавіта тыя людзі, якія далі мне зразумець, што адзінота гэта не пра мяне. Вы менавіта тыя людзі, якія падзялілі са мной усе цяжкасці і паказалі мне, што я моцны чалавек. Вы надавалі мне сіл, упэўненасці, а самае галоўнае, усялялі ў мяне надзею. Я дзялю з вамі кожную хвіліну, кожны дзень, праведзены ў сценах СІЗА. Але таксама я хачу прызнацца вам сумленна ў тым, што перада мной быў выбар — шкадаваць сябе ці выцерці слёзы і змагацца за сябе і тых, хто быў са мной увесь гэты час. Я ведаю, што мяне любяць і чакаюць, а я люблю вас. Дзякуй!» — сказала яна.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?