Аляксей Мельянец. Фота з сацыяльных сетак

Аляксей Мельянец. Фота з сацыяльных сетак

З фотаздымкамі жалюзі па мужчыну прыйшлі 21 сакавіка. Пры гэтым міліцыянеры супакоілі, што забяруць яго ад жонкі і непаўнагадовых дзяцей на прафілактычную размову ў Ленінскі РУУС. Нават паабяцалі, што самі прывязуць назад. Але ў выніку дахаты Аляксей не вярнуўся. Ён правёў дзве ночы на Акрэсціна, а пасля быў этапаваны ў Жодзіна.

«Першую ноч правёў на драўляных ложках без пасцелі і ацяплення. Другую — у двухмясцовай камеры 2,5-3 метры, дзе нас было сямёра. Пасцеля, матрацы адсутнічалі. Мы проста клалі галаву пад ложак на падлогу, каб неяк змясціцца там і спаць. Зранку нас вывелі ў калідор, і камеру залілі хлоркай, адразу ж нас вярнуўшы. Прыйшлося ўсё гэта прыбіраць неяк і дыхаць гэтым. Як сказаў больш бывалы — цяпер так там робяць кожную раніцу», — расказвае Аляксей.

Суд над Аляксеем цягнуўся хвілін 20. Дзесяць з іх нібыта разважалі над тым, якое рашэнне прыняць. Мужчына стараўся дагрукацца: тлумачыў, што балкон у падобных адценнях у яго аформлены не першы год, што жалюзі даўно віселі ў гарызантальным становішчы, і немагчыма было ўбачыць на 14-м паверсе, што там увогуле за колеры.

«Ад суддзі проста чуў: «Вы ж разумееце, якая цяпер сітуацыя». А я не разумею. Калі гэтыя колеры сталі забароненымі?»

На трэці дзень Аляксея транспартавалі ў Жодзіна. Спачатку ўсё там яму падалося ледзь не ідэальным — у параўнанні з тым, канечне, як там абыходзіліся з затрыманымі ў жніўні.

«Пасля 10 жніўня я быў у Жодзіне пару дзён. Суд тады так і не адбыўся. Нас пачалі збіваць яшчэ ў Савецкім РУУСе, пакуль мы амаль суткі стаялі на вуліцы. Пасля ўсю дарогу з Мінска штурхаў АМАП. Ну і прынялі адпаведна: людзі прайшлі праз калідор удараў. У гэты раз нічога такога не было. Нас нават адразу звадзілі ў душ. Назвалі мінскай элітай. Канечне, камера была перапоўненая: 13 чалавек на 10 месцаў, але ў нас былі і падушкі, і пасцеля, і кніжкі, і гульні. Адзінае, што не дазвалялі днём сядзець на ложках. Усё змянілася пасля Дня Волі. Ад нас адсялілі «бывалых» — нехта за крадзяжы сядзеў, нехта за бойку — і засталіся адны палітычныя», — згадвае суразмоўца.

У камеры ўжо стала 15 чалавек, у іх забралі ўсё — ад матрацаў да рэштак перадач. Калі раней на вячэру разам з кашчавай рыбай (сукамернікі Аляксея называлі гэтую страву «могілкамі») давалі бульбу, то цяпер пакінулі адну рыбу. Прычым лыжак не прыносілі — трэба было есці ўсё рукамі. Акрамя таго, у супрацоўнікаў ізалятара з’явілася новае «хобі» — па некалькі разоў прыходзіць у «хату» па начах і рабіць бессэнсоўныя пераклічкі, не даючы спаць.

«Мы падумалі: раз камера перапоўненая — і метра квадратнага не было на чалавека, — то можам патрабаваць права хаця б сядзець на ложках днём. Паспрабавалі. І вось зранку яшчэ да праверкі да нас у камеру залятаюць з крыкамі: «Каму там месца не хапае»? Ну і вывелі спачатку сукамерніка Сашу ў душ. Збілі там. А пасля забралі маладафронтаўца Дзяніса Урбановіча як «самага галоўнага змагара» і таксама збілі. Потым нас усіх вывелі на калідор, ледзь не на шпагат паставілі. Мне таксама дасталася палкай па азадку. Але ў параўнанні з тым, што зрабілі з Дзянісам — гэта, канечне, нішто. Пасля ўсёй гэтай сітуацыі і калі Дзяніс выйшаў на волю ды распавёў пра ўмовы на Жодзіна ў СМІ, нас называлі самай «пеўневай камерай».

Чытайце. «У Жодзіне адвялі ў душавую і сталі дубасіць. А пры вызваленні міліцыянер сказаў: «Давайце яму дубінку ў сраку засунем»

Даставалася не толькі сукамернікам Аляксея. З яго словаў, з іншых камер таксама перыядычна чуліся стогны і крыкі. Так, у адной з суседніх «хат» асуджаным удалося схаваць адну падушку. Пасля таго, як супрацоўнікі выявілі гэта, пачалі збіваць мужчыну, што «правініўся».

Сукамернікамі Аляксея былі ў асноўным студэнты, затрыманыя пасля Дня Волі. А таксама інжынер, менеджар, вернік, юрыст. Былі і выпадковыя людзі, што трапілі пад хапун. Так, аднаго з мужчын забралі на Пушкінскай, калі той ішоў па піва.

«Ëн расказваў, што зусім не цікавіўся палітыкай, апалітычны, але пасля сутак выйшаў амаль змагаром», — смяецца Аляксей.

«Нас, канечне, спрабавалі зламаць маральна, прынізіць як мага мацней, але абстаноўка ў камеры была неверагоднай. Праз 10 дзён мы з хлопцамі так зрадніліся, што, калі развітваліся, — ледзь не плакалі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?