Паводле Латушкі, партыя — дзейсны інструмент для рэалізацыі мэтаў у дэмакратычным грамадстве: «Мы плануем удзельнічаць у будаўніцтве Новай Беларусі і яе палітычным жыцці. Для гэтага нам спатрэбіцца структура, якой і стане партыя».

Павел Латушка зазначае, што важна прыступіць да стварэння палітычнай структуры яшчэ да сыходу Лукашэнкі, каб мець магчымасць своечасова адрэагаваць на палітычны вакуум, які ўтвараецца пасля гэтай падзеі.

«Мы фактычна працуем на апярэджанне. Мы разумеем, што ў бягучых рэаліях наўрад ці магчыма зарэгістраваць партыю, але загадзя рыхтуемся да таго, каб зрабіць гэта, як толькі ў краіне з'явяцца палітычныя і прававыя ўмовы. Хутка мы прадставім бяспечную платформу для аб'яднання аднадумцаў у будучую партыю», — кажа ён

Латушка падкрэслівае, што варта быць гатовым, што Лукашэнка пад уплывам знешніх сіл створыць сваю партыю і кішэнныя, каб прадэманстраваць псеўдадэмакратыю, таму дэмакратычныя партыі пры падтрымцы беларусаў заблакуюць яго задумы.

Экс-дырэктар Купалаўскага дадае, што НАУ працягне дзейнасць і спыніць працу, як толькі краіна атрымае новага, законна абранага прэзідэнта.

Раней пра намер стварыць партыю «Разам» заявіла група людзей, якія былі блізкія да штаба Віктара Бабарыкі, але, у адрозненне ад самога Бабарыкі, яго сына, Марыі Калеснікавай і Максіма Знака, застаюцца на свабодзе.

У той жа час некаторыя аналітыкі лічаць, што стварэнне рэальна дзейных новых партыйных структур цяпер немагчымае. Так, папулярны рух хрысціянскіх дэмакратаў ужо амаль 15 гадоў не можа зарэгістраваць партыю. У той жа час роля зарэгістраваных палітычных партый у пратэстах 2020 года была нязначная, толькі дапаможная.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0