Пратэст працаўнікоў Парку высокіх тэхналогій на МКАДзе. Жнівень 2020-га.

Праграма «Бізнэс-гавань» («Business Harbor») была распачатая польскім урадам у лютым і ўжо дае свае вынікі. Польскія візы атрымалі 790 беларускіх IT-спецыялістаў, паведаміла прадстаўнік Польскага агенцтва інвестыцый і гандлю (Polska Agencja Inwestycji i Handlu, PAiH) Моніка Гжэляк (Monika Grzelak).

«Мы забяспечваем беларускім IT-спецыялістам і іх сем’ям, а таксама ўладальнікам і супрацоўнікам IT-кампаній адмысловую паскораную іміграцыйную праграму, — адзначае прадстаўнік PAiH. — Стартапы з Беларусі атрымліваюць фінансаванне, а кампаніям, незалежна ад памеру, даецца шэраг спецыялізаваных паслуг, неабходных для паступовага пераходу ў польскую бізнэс-экасістэму».

Прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі напісаў у Facebook, што Польшча становіцца «надзейным прытулкам для праграмістаў і супрацоўнікаў IT-кампаній з Беларусі, якія былі актыўнымі падчас пратэстаў і падвяргаюцца рэпрэсіям».

Беларускі IT-сектар з’яўляецца адным з самых развітых у свеце. Па звестках лонданскага аналітычнага цэнтра Emerging Europe, у Беларусі ўдвая больш IT-спецыялістаў, чым ва Усходняй Еўропе, піша Deutsche Welle. 

Хоць сусветным лідарам у IT-сферы з’яўляецца Індыя, Emerging Europe падлічыў, што колькасць IT-супрацоўнікаў на 100 тысяч жыхароў у Беларусі ў чатыры разы вышэйшая, чым у Індыі. Аднак палітычныя рэпрэсіі, эканамічная нестабільнасць і перспектывы, якія прапаноўваюць краіны ЕС, вымушаюць высокакваліфікаваных беларусаў з’язджаць у суседнія краіны.

Калі для Беларусі і яе эканомікі гэта вялізныя страты, то для Польшчы, у сваю чаргу, гэта выдатная магчымасць для развіцця высокіх тэхналогій. У Беларусі ў чатыры разы больш выпускнікоў IT-спецыяльнасцяў, чым у Польшчы. На думку экспертаў, Беларусь можа стаць прыкладам для Польшчы, як рыхтаваць праграмістаў, бо на польскім IT-рынку не хапае высокакваліфікаваных спецыялістаў.

Беларусы, якія трапляюць у Польшчу па праграме «Бізнэс-гавань», могуць працаваць без атрымання дазволу.

Тым не менш, як адзначае Андрэй Аўсіевіч, адзін са стваральнікаў беларускага стартапа Bulba Ventures, Польшча — далёка не адзіны цэнтр для эміграцыі беларускіх айцішнікаў. Асноўны паток накіраваны ў бок Украіны, бо адсутнасць віз і нізкія падаткі становяцца вырашальным фактарам. Паводле ацэнак украінскіх уладаў, пасля палітычных рэпрэсій 2020-га з Беларусі ва Украіну пераехала каля 2500 IT-спецыялістаў. Яшчэ некалькі соцень чалавек прыняла Літва.

Беларусь перажывае хвалю палітычных рэпрэсій, якой у Еўропе не было з часоў дыктатуры «чорных палкоўнікаў» у Грэцыі 1970-х. Паводле статыстыкі праваабаронцаў, у краіне адбылося больш за 34500 затрыманняў. Як мінімум 1013 чалавек сталі фігурантамі крымінальных спраў палітычнага характару.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?