Жэня. Фота даслала Ірына Варачкова

Жэня. Фота даслала Ірына Варачкова

— Жэня чалавек творчы, таму тое, што ў яе з сабой быў балончык з фарбай, для мяне не дзіўна. Увечары 29 сакавіка яна гуляла з двума сябрамі. Калі яны ішлі па вуліцы Пуліхава, дачка дастала балончык, намалявала на траве сэрцайкі і напісала на пешаходнай дарожцы «жыве», — апісвае сітуацыю Ірына. — Побач, як аказалася, стаяў бус з міліцыяй. Супрацоўнікі заўважылі, што яна зрабіла, і падлеткаў забралі.

Іх прывезлі ў Партызанскі РУУС Мінска. Пра затрыманне дачкі, працягвае Ірына, адразу ёй ніхто не паведаміў. Бліжэй да 22.00 мама пачала хвалявацца, што на вуліцы позна, а дзіцяці няма, і пачала сама тэлефанаваць Жэні. У 22.10 дзяўчынка зняла трубку.

— У гэты момант тэлефон у Жэні ўзяў следчы. Ён паведаміў, што дачка затрыманая, яе апытваюць, і папрасіў прыехаць. «Што здарылася?» — спытала я, ён адказаў, маўляў, растлумачыць на месцы, — распавядае Ірына.

Па словах жанчыны, калі яна прыехала ў РУУС, ёй сказалі: «Чакайце». Яна стала ўдакладняць у дзяжурнага звесткі супрацоўніка, які затрымаў яе дачку, і таго, хто з ёй камунікуе, але, кажа, адказу не атрымала. У выніку жанчына пакінула скаргу.

— Калі я была ў міліцыі, прыехалі бацькі двух іншых дзяцей. Я так разумею, следчы патэлефанаваў ім пасля размовы са мной, — кажа Ірына і зноў вяртаецца да сітуацыі з Жэняй. — Дачку апытвалі ў прысутнасці педагога, мяне да яе не пусцілі. Калі іх зносіны скончыліся і дзяцей вывелі, следчы распавёў, што Жэня напісала на асфальце «жыве». Правапарушэнне здзейсніла яна, а яе сябры — сведкі. Я пацікавілася, а ці даўно ў нас лічыцца злачынствам тое, што дзеці малююць на асфальце. На што мне растлумачылі: яна ж напісала слова «жыве». Я засмяялася, абняла дачку і сказала: «Ты малайчына, я табой ганаруся».

У той дзень, працягвае Ірына, ніякіх папер ім на рукі ніхто не даваў. У сувязі з гэтым жанчына пакінула другую скаргу. У ёй, кажа, напісала, што Жэню дапытвалі без яе і ёй, як маці, не далі азнаёміцца з пратаколам апытання дзіцяці.

— Пазней Жэня мне распавяла, што іх затрымалі дзесьці а 19.30 (у пратаколе напісана, што правапарушэнне дзяўчына здзейсніла блізу 20.30. — заўвага Tut.by). Выходзіць, прыкладна дзве з паловай гадзіны мне ніхто не паведамляў, што дзіця ў міліцыі, — кажа суразмоўніца. — Раней мы з дачкой абмяркоўвалі, калі так здарыцца, што яе раптам затрымаюць, яна адразу ж павінна сказаць: «Мне 13 гадоў» — і папрасіць патэлефанаваць бацькам. Жэня распавядае, што патэлефанаваць мне ёй не давалі. 

«Сказалі, вы ж разумееце, слова «жыве» ў спалучэнні з яшчэ адным словам вельмі шмат чаго азначае»

Па словах Ірыны, так на другі дзень выглядаў надпіс, які зрабіла яе дачка. Фота даслала Ірына Варачкова

Па словах Ірыны, так на другі дзень выглядаў надпіс, які зрабіла яе дачка. Фота даслала Ірына Варачкова

8 красавіка Ірыне патэлефанавалі з Партызанскага РУУС. Жанчыну паклікалі ў міліцыю на размову.

— Я патлумачыла, чаму мая дачка напісала «жыве» па-беларуску. Жэня з трох гадоў танчыць народныя танцы. Беларуская культура ў яе ў крыві ледзь не з нараджэння, — успамінае тую размову мама. — На гэта мне адказалі, што ў моладзі не прынята гаварыць на беларускай. Да таго ж, сказалі, вы ж разумееце, слова «жыве» ў спалучэнні з яшчэ адным словам вельмі шмат чаго азначае. Я адказала: не разумею. У выніку мне раздрукавалі пратакол адміністрацыйнага правапарушэння.

У дакуменце напісана: Ірына не выканала абавязкі па выхаванні сваёй непаўналетняй дачкі, якая 29 сакавіка каля 20.30 паблізу дома №51 па вуліцы Пуліхава нанесла на асфальце надпіс «жыве» фарбай фіялетавага колеру з балончыка, чым парушыла парадак правядзення масавага мерапрыемства. Гэта выявілася ў прыняцці ёй актыўнага ўдзелу ў пікетаванні, якое не было ўзгоднена з Мінгарвыканкамам. Зрабіла яна гэта, пазначана ў пратаколе, «з мэтай публічнага выказвання свайго пратэсту па факце правядзення сумленных выбараў». У выніку парушыла ч. 1 арт. 24.23 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Аднак, паколькі ў момант правапарушэння школьніцы было ўсяго 13 гадоў, то пратакол склалі на маму — ч. 1 арт. 10.3 КаАП (Невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей). Пакаранне па гэтым артыкуле — штраф да дзесяці базавых (290 рублёў).

Аператыўна атрымаць каментар у прэс-службы ГУУС Мінгарвыканкама Tut.by не атрымалася. Як толькі мы яго атрымаем, ён будзе апублікаваны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?