Грамадства

Актрыса Наталля Качаткова, якая аддала Купалаўскаму 50 гадоў: Яны проста абслугоўваюць уладу, і калі-небудзь ім будзе за гэта сорамна

«Свабодныя купалаўцы» не аформленыя ў трупу юрыдычна, але як творчы калектыў аднадумцаў існуюць і дзейнічаюць. Так, з цяжкасцямі, з эмацыйнымі перагрузкамі. Тым не менш акцёры працуюць, іх спектаклі і кліпы, выкладзеныя на ютубе, чакаюць і глядзяць дзясяткі тысяч гледачоў. Менавіта так — дзясяткі тысяч. Напрыклад, першую частку новага відэаспектакля «Страх» па п'есе Брэхта ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна паглядзела каля 50 тысяч чалавек. Грандыёзная лічба праглядаў! Грандыёзная, і яна абнадзейвае.

Таму з адной з найстарэйшых акторак трупы былога Купалаўскага тэатра, заслужанай артысткай Наталляй Качатковай «Народная Воля» сустрэлася ў прыўзнятым настроі. Яшчэ адзін спектакль «здадзены», рыхтуецца да выхаду наступны — гэта сюрпрыз. І на сэрцы, вядома, ужо менш смутку.

— Разумею, як цяжка пускацца ў гэтыя ўспаміны зноў і зноў, але ўсё ж такі спытаю: як асабіста вы прымалі рашэнне сысці з тэатра? Вы ж чалавек старэйшага пакалення, адпрацавалі ў Купалаўскім 50 гадоў. У гэтым узросце ўжо, як кажуць, і сцены трымаюць.

— Калі ў канцы жніўня скончыўся адпачынак і я прыйшла ў тэатр і даведалася пра падзеі ў Мінску і пра тое, што бесцырымонна звольнены наш дырэктар Павел Паўлавіч Латушка, у мяне і думкі не было заставацца. Але потым, прызнаюся, у душы пачаліся ваганні… Мне раптам стала страшна — бо ў нас такі калектыў, такі тэатр! Але на сходзе выступіў Мікалай Мікалаевіч Пінігін. Ён сказаў: «Я сыходжу. Але гэта не значыць, што вы павінны ісці за мной. Кожны вырашае сам за сябе». Ну, тут ужо двух меркаванняў быць не магло: без Пінігіна заставацца ў тэатры было бессэнсоўна. Ён наш найлепшы рэжысёр. Карацей, я напісала заяву. І мне стала так лёгка, так на душы чыста… Больш ніякія сумневы і шкадаванні мяне не раздзіралі.

— Не дарма кажуць, што шчасце — гэта чыстае сумленне.

— Іншага шляху быць не магло.

— А якія аргументы высоўвалі тыя акцёры, якія засталіся?

— Адна акцёрка моцна ўпірала на тое, што мы некультурна паводзілі сябе з міністрам, што не выслухалі яго. Гэта яшчэ больш пераканала мяне ў правільнасці майго рашэння: людзі нават не зразумелі, што справа зусім не ў міністры, у нейкім чыноўніку…

— Але антаганізму адно да аднаго вы тады яшчэ не адчувалі?

— Мы і цяпер, у прынцыпе, яго не адчуваем. А вось тыя, што засталіся, нашы былыя калегі, паводзяць сябе, я лічу, непрыстойна. З нашага боку на іх адрас не прагучала ніводнага зняважлівага слова. Кожны зрабіў свой выбар. Што ж вы атрутай зыходзіце? У мяне гэта выклікае пачуццё агіды.

— Там цяпер галоўны рупар «праведнага гневу» акцёрка Вольга Няфёдава.

— І не толькі. Давалі інтэрв'ю і іншыя. Прычым прыніжальныя інтэрв'ю: маўляў, хочаце граць у падваротні — калі ласка. Ну, а пра Олю… Столькі гадоў разам працавалі, і я нават не ўяўляла, колькі ў чалавеку тоіцца фанабэрыстасці.

— Цікава, на якой творчы працэс яны разлічваюць? Хто будзе ставіць ім новыя спектаклі?

— У тым і справа. Мяне ўразіла, як Аўсяннікаў на сходзе з Лукашэнкам прасіў: «Нам бы парачку рэжысёраў». А Лукашэнка адказваў у тым сэнсе, што давайце шукайце самі, са сваіх. Гэта значыць ясна, што чалавек нічога не разумее ў тэатральнай справе. Ды і хто будзе ставіць на ролі глыбока ўзроставых акцёраў?.. Так што цяпер яны, па сутнасці, проста абслугоўваюць уладу, і калі-небудзь ім будзе за гэта сорамна. Я ўсё ж такі веру…

— І я веру, што ход гісторыі не спыніць. Але каласальныя ахвяры — ці жарт, страціць Купалаўскі тэатр! Добра, што вы знаходзіце магчымасць працаваць.

— Мы вось толькі-толькі выйшлі з новых здымак, але фільм (а здымалі менавіта фільм) цяпер на мантажным стале. Які — даведаецеся пазней, усяму свой час.

— Як настрой у Мікалая Пінігіна?

— Ён малайчына. З верай у будучыню і з вялікімі планамі — гэта важна.

— Планы звязаны са «Свабоднымі купалаўцамі»?

— Ну, вядома.

— Вы лавілі сябе на думцы, што проста хочацца зайсці ў будынак тэатра?

— Нядаўна ехала з мужам міма на машыне. Ён пытаецца: «Ёкае сэрца?» Няма! Зусім не ёкае. Самой дзіўна. Калі сыходзіла з тэатра, я нават у грымёрку сваю не зайшла, не забрала рэчы. Не магла, усё раптам стала чужым. А цяпер яшчэ і затаптанае. Прыйшоў Лукашэнка — і ў вулічным абутку на сцэну! Што, месца мала? Сцэна — месца святое.

— Ну, а ён па-гаспадарску… Напэўна, ужо звыкся з роляй ўласніка. Наталля Рыгораўна, калі я рыхтавалася да сустрэчы, хацела пабольш прачытаць аб вашай сям'і. Бо ваш бацька — Рыгор Аляксеевіч Качаткоў, народны артыст Узбекскай ССР і народны артыст БССР — служыў пасля вайны ў нашым Рускім — тэатры імя Горкага. І ваша мама Марыя Кузьменка там служыла. Але ў інтэрнэце пра іх амаль нічога няма — эпоха была іншая.

— Тата, на жаль, даволі рана сышоў, я яшчэ і дыпламаванай артысткай не стала, толькі вучылася. Сэрца… Тэатральны лёс паматаў яго па краіне. Падчас вайны працаваў у Ташкенце, а пасля — у Маскве ў тэатры Савецкай Арміі. Але яны з'ехалі са сталіцы. Я да праўды не змагла дакапацца, але мама распавядала (хоць мне цяжка ў гэта паверыць цяпер), што на ад'ездзе настаяў менавіта тата, які казаў ёй: «Я тут, у Маскве, памру». Што там адбылося? Ён баяўся палітычных рэпрэсій? Сямейная таямніца…

— Спачатку вы былі занадта маладыя, а потым мама, хутчэй за ўсё, не хацела ўспамінаць. Знаёмая сітуацыя.

— Мама распавядала, што Рыгор Качаткоў быў такі папулярны, што прыхільніцы адрывалі гузікі ад яго паліто і пінжакоў. Гэта былі 1950-я гады. Ён быў вельмі абаяльны, сын памешчыка, сям'ю якога разбурыла рэвалюцыя. Яго бацькі ўсё кінулі і ўцяклі ў Маскву, каб згубіцца. Жылі вельмі цяжка. Мая бабуля, напрыклад, памірала, лежачы на велізарным куфры, у якім пасля яе смерці знайшлі кіпу абмылкаў — вось што робіць з чалавекам галеча. Вядома, тата ўсё жыццё хаваў сваё паходжанне.

— Тата паспеў убачыць вас у спектаклях?

— Толькі ў студэнцкіх і студыйных, на прафесійнай сцэне, на жаль, не. Але ён, вядома, цікавіўся маёй вучобай, рабіў заўвагі: «не пераціскай, не старайся ты так моцна!» Сам ён на сцэне быў вельмі арганічны.

— А вас пасля дыплома адразу запрасілі ў Купалаўскі тэатр?

— Так, але ў мяне быў выбар: запрашалі яшчэ ў абласны тэатр імя Якуба Коласа ў Віцебск. Але… я не палюбіла гэты паўночны горад, мне ён чамусьці заўсёды здаваўся занадта халодным, які прадзьмувае ўсімі вятрамі.

— Хто з рэжысёраў быў, як гаворыцца, вашай пуцяводнай зоркай?

— Мабыць, мне такое шчасце не выпала. У Валерыя Раеўскага я грала больш, у Мікалая Пінігіна менш. Але калі ў тэатры не было працы, я хадзіла на агучку на тэлебачанне, не гультаявала. Хоць у апошнія гады ў мяне былі дзве ролі ў спектаклях, якія я вельмі любіла: «Зямля Эльзы» і «Ювелір». Зноў пачаўся плённы перыяд. І… хутка скончыўся.

— Вы лічыце, што трупа ўжо не вернецца ў гістарычны будынак?

— Цяжка сказаць… За сябе я не перажываю. Я вельмі перажываю за нашых маладых, 30-40-гадовых акцёраў (для мяне яны маладыя). Я бясконца іх паважаю, вельмі люблю. Цяпер ім трэба выстаяць. Веру: у іх потым усё складзецца, усё будзе ў поўным парадку. Падабраліся такія выдатныя, таленавітыя хлопцы!

— Дзякуй рэжысёру Пінігіну, гэта яго праца.

— Безумоўна. Дзіўна, які ў нас калектыў! Цяпер вось сустракаемся, здымаем у холадзе да ночы — вельмі цяжка. Але зносіны прыносіць такую радасць, такую ўзаемную любоў!.. Мы адчуваем вялікую павагу адно да аднаго. Я думаю, што калі б не здарыўся наш сыход, то мы, напэўна, ніколі не змаглі б так моцна адчуваць, так шчыра адно пра аднаго клапаціцца. Мы ўсе адкрыліся са сваіх лепшых бакоў.

— Як хатнія — ці падтрымліваюць вас?

— Падтрымліваюць, прычым з гумарам. Сын па раніцах, калі вітаецца, заўсёды дадае, што я — барацьбіт. Яны з мужам трохі з мяне кпяць. Але мне падабаецца мой новы стан свабоды. Вядома, калі б не кавід, мы ездзілі б на гастролі, бо нас чакаюць, запрашаюць краіны-суседзі. Так што планы ў нас ёсць.

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

«Я хачу справядлівасці — і для жанчын, і для сябе». Шчырая гутарка з Андрэем Стрыжаком пра скандал з дыкпікамі, залежнасці і будучыню61

«Я хачу справядлівасці — і для жанчын, і для сябе». Шчырая гутарка з Андрэем Стрыжаком пра скандал з дыкпікамі, залежнасці і будучыню

Усе навіны →
Усе навіны

Вядучая «Марафону адзінства» ў падтрымку Лукашэнкі адпачывала ў Латвіі27

На поўначы Брэста працягвае смярдзець, улады заклікаюць «не панікаваць»2

Са Швецыі дэпартуюць яшчэ адну беларускую сям'ю11

Пад Быхавам адкрылі помнік археалагічнай знаходцы 1960 года. Ён падобны да надмагілля

Ва Украіне пад уплывам пратэстаў вяртаюць незалежнасць антыкарупцыйным органам8

У Мёрах падлетак прадаваў парнаграфію, выкарыстаўшы нумар суседа

Берасцеец ператварыў сямітонны валун у каменную ванну5

Мінчукі скардзяцца на атручванне пасля наведвання вядомага рэстарана. Працу ўстановы прыпынілі7

«Саўт-парк» жорстка высмяяў Трампа. Белы дом рэзка асудзіў12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я хачу справядлівасці — і для жанчын, і для сябе». Шчырая гутарка з Андрэем Стрыжаком пра скандал з дыкпікамі, залежнасці і будучыню61

«Я хачу справядлівасці — і для жанчын, і для сябе». Шчырая гутарка з Андрэем Стрыжаком пра скандал з дыкпікамі, залежнасці і будучыню

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць