Як паведамлялася раней, украінскія памежнікі ўстанавілі, што даведкі аб праходжанні ПЦР-тэстаў у 35 беларусаў, якія спрабавалі ўехаць на аўтобусе ва Украіну ў пункце пропуску «Дольск», падробленыя.

Самі пасажыры аўтобуса, з якімі ўдалося пагутарыць Tut.by, распавялі, што накіроўваліся ў турыстычную паездку з Мінска ў Львоў: увечары ў чацвер яны павінны былі туды прыбыць, а ў панядзелак, 12 красавіка, вярнуцца ў Беларусь. Арганізатары тура заявілі, што ні даведкі аб праходжанні ПЦР-тэстаў для ўезду ва Украіну, ні абавязковага каранціну па вяртанні ў Беларусь не спатрэбіцца — нібыта ў іх ёсць дамоўленасці.

Таксама людзям паведамілі, што калі ў іх няма пярэчанняў, з імі паедзе фатограф, які будзе здымаць удзельнікаў тура на фоне славутасцяў і помнікаў прыроды, каб пасля кампанія змагла выкарыстоўваць гэтыя фота ў рэкламных мэтах.

Аўтобус з беларускімі турыстамі позна ўвечары 8 красавіка прыбыў на пункт пропуску «Макраны», дзе перасёк беларускую мяжу. А вось на сумежным «Даманава» суправаджальнік ад турфірмы, які таксама ехаў у аўтобусе, заявіў усім пасажырам, што яны павінны паведаміць памежнікам аб тым, што 7 красавіка здавалі ПЦР-тэсты ў адной са сталічных паліклінік.

— Вывелі з аўтобуса траіх чалавек — мяне і яшчэ дзвюх жанчын. Прывялі ў пакой, дзе быў украінскі памежнік і яшчэ дзве дамы стаялі ў дзвярах. Нам задавалі адно і тое ж пытанне: «Вы здавалі тэст на COVID-19?» Мы гаворым, што не. Далей пытанне, якое нас вельмі насцярожыла, гучала наступным чынам: «А дзе вы працуеце?» Мы сказалі, а ён (украінскі памежнік. — заўв. Tut.by) усміхнуўся. [ … ] Падняў стос ліпавых тэстаў, якія мы бачылі ў першы раз — у іх былі нашы прозвішчы і імёны, — распавяла пасажырка аўтобуса Лізавета.

Пытанні аб месцы працы таксама былі не выпадковыя: аказалася, што акрамя папер нібыта з вынікамі тэстаў памежнікам прад'явілі яшчэ і камандзіровачныя пасведчанні на кожнага пасажыра як на ўдзельніка рэкламнай здымкі.

— Ва ўсіх шок, у многіх пад пытаннем стаіць іх праца, — кажа Лізавета, звяртаючы ўвагу, што аб наяўнасці падобных дакументаў ні ёй, ні іншым турыстам загадзя вядома не было.

Пасля гэтага суправаджальнік заявіў пасажырам, што аўтобус не пусцілі ва Украіну па палітычных матывах: нібыта там паказалі нейкае відэа з танкамі ў раёне Кобрына. Калі турысты папрасілі ў яго «ПЦР-тэсты», то ён сказаў, што яны засталіся на ўкраінскім баку.

Далей людзей вырашылі везці на іншы пагранпераход — «Махра»-«Дольск». Некаторыя з іх вырашылі не працягваць выпрабоўваць лёс і пакінулі аўтобус, але большая частка ўсё ж засталася. На іншым памежным пераходзе аказалася, што ўкраінскія памежнікі выклікалі паліцыю.

— Маладых хлопцаў і дзяўчынак з нашага аўтобуса выклікалі на допыт, які вёўся на ўкраінскай мове. Нам прынеслі пратаколы таксама на ўкраінскай і прымушалі іх падпісваць. Я ім сказала, што нам трэба разабрацца ў сітуацыі і зразумець, што за артыкулы там пералічаныя. Нам усім заявілі: альбо вы гэта падпісваеце, альбо мы не вяртаем вам пашпарты і ўтрымліваем тут да пяці сутак. Юрыст беларускай мытні, з якім мы звязаліся, пацвердзіў: гэта іх права, — кажа Лізавета.

У пратаколах многія напісалі, што нічога не ведалі пра сітуацыю, якая склалася. Там гаварылася, што распачатая крымінальная справа аб фальсіфікацыі дакументаў, а беларускія турысты выступілі сведкамі. Пакуль інцыдэнт ўладжвалі, людзей не выпускалі з аўтобуса, а ў прыбіральню вадзілі з суправаджэннем. Беларусы правялі ў аўтобусе больш за дзесяць гадзін, у іх не было дастатковай колькасці ежы і вады — пры гэтым сярод іх было як мінімум два маленькія дзіцяці.

У выніку нашых суайчыннікаў выпусцілі, а на беларускім баку яны вымушаныя былі падпісаць дакументы, якія абавязваюць іх прайсці самаізаляцыю, хоць турагенцтва абяцала, што яе не будзе. У выніку аўтобус прыбыў у Мінск раніцай 10 красавіка.

Пасажыры замаўлялі туры праз розныя кампаніі, але ўсе яны былі пасярэднікамі, а арганізоўвала паездку сталічная фірма «Хэпі Уікэнд Трэвэл». Па словах яе дырэктара Аліны Лапцёнак, туры без каранціну і ізаляцыі ажыццяўляліся кампаніяй з лістапада на законных падставах, бо да чацвярга ва Украіну можна было ўехаць без тэстаў. Аб саміх «падробленых тэстах» яна кажа як аб паперах, якія немагчыма прыняць за афіцыйны дакумент.

— Гэта не падробка тэстаў, гэта не фірмовы бланк. Гэта проста стос дакументаў, падобных на тэсты. Там наогул няма пячатак. Там няма нічога, што ўказвала б на іх афіцыйнае паходжанне. Украінская мяжа адна з самых «няўважлівых». Там дастаткова было ўказання на стос папер, які яны не бралі ў рукі, і сказаць, што вось гэта тэст. Ім хапала гэтага на словах, таму што тэсты былі неабавязковымі, — кажа Аліна Лапцёнак.

Па яе словах, у той жа дзень да таго, як аўтобус з беларусамі не пусцілі ва Украіну, туды праехалі два іншыя, паездку якіх ладзіла кампанія — яны проста не паспелі патрапіць туды да паўночы 9 красавіка, калі ўступіла ў сілу новая пастанова. Яна пацвярджае, што паперы былі зробленыя без ведама турыстаў, але параўноўвае іх са спісам групы, які робіцца проста для зручнасці таксама без іх ведама.

Яшчэ яна падкрэслівае, што камандзіровачныя лісты, пра якія казалі пасажыры аўтобуса, сапраўды былі зробленыя — але на законных падставах.

— Мы законна адпраўляем людзей ва Украіну на фотаздымку. У нас ёсць усе дамовы з фатографамі і гэтак далей. Яны едуць па камандзіровачным, мы маем на гэта дазвол. Мы прайшлі праверку розных інстанцый з гэтай нагоды. Людзі без камандзіровачных пасведчанняў не праедуць беларускую мяжу — яна закрытая. Ім казалі, што яны едуць на фотаздымку, яны гэта выдатна ведалі. У аўтобусе з імі ехаў фатограф, іх чакаў відэограф ва Украіне.

Як патлумачыла Аліна Лапцёнак, фота і відэа па дамове прадае іншая юрыдычная асоба — кампанія «Экаглобус», якая займаецца рэкламным кантэнтам.

Паводле яе слоў, кампанія звязалася з прадстаўнікамі Дзяржпагранкамітэта для таго, каб высветліць пытанне з абавязковым праходжаннем беларусамі, якія так і не трапілі ва Украіну, каранціну на радзіме. Турыстам плануецца вярнуць грошы за няўдалы тур не пазней за 12 красавіка, з імі таксама звяжуцца па пытаннях кампенсацыі. Аліна Лапцёнак паведаміла, што прадстаўнікі кампаніі прыязджалі на памежны пераход «Дольск» і размаўлялі з украінскім бокам — па яе словах, крымінальная справа заведзена не будзе, паколькі інцыдэнт нельга назваць падробкай дакументаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?