pixabay.com

Невялікае будысцкае каралеўства, якое месціцца паміж Індыяй і Кітаем, заявіла некалькі дзён таму, што 470 000 з 770 тысячаў яго жыхароў атрымалі першую дозу вакцыны AstraZenecа.

Вакцыны былі вырабленыя ў Індыі і са студзеня паэтапна перадаваліся ўрадам у Дэлі. Але Бутан не спяшаўся. Замест таго, каб расстаўляць прыярытэты па групах і ствараць чэргі, ён вырашыў пачакаць, пакуль у яго будзе дастаткова вакцын, каб вакцынаваць усіх адразу.

Улады звярнуліся па параду да групы будысцкіх манахаў, якія пастанавілі, што няўдалае ў той час размяшчэнне зорак азначае, што вакцынацыю трэба прыпыніць на два месяцы, а пасля ўпэўніцца, што першая доза будзе ўведзеная жанчынай, якая нарадзілася ў год Малпы, іншай жанчыне такога самага ўзросту.

Усё было зроблена менавіта так. Кампанія вакцынацыі праходзіла як радаснае дзяржаўнае мерапрыемства.

Улады Бутана, нягледзячы на моцную рэлігійнасць, дзейнічаюць у адпаведнасці з навуковымі прынцыпамі. Кароль Джыгмэ Хэсар Намг’ял Вангчук загадаў стварыць Корпус нацыянальнай службы, які дапамог укамплектаваць больш за 1200 пунктаў вакцынацыі па ўсёй краіне.

На сённяшні дзень у краіне зарэгістравана 896 выпадкаў заражэння COVID-19 і адна смерць.