Фота Depositphotos.com

Каля паловы сусветных паставак полікрэмнію, неабходнага для вытворчасці сонечных батарэй, паступае з паўночна-заходняга Кітая, дзе, па словах праваабаронцаў, знаходзіцца шырокая сетка канцэнтрацыйных лагераў, у якіх утрымліваецца больш за мільён уйгураў, піша The Wall Street Journal.

Прадстаўнікі індустрыі сонечнай энергетыкі асцерагаюцца, што полікрэмній і іншыя неабходныя матэрыялы, якія паступаюць з Сіньцзяна, могуць быць звязаныя з прымусовай працай. Адпаведна, пастаўшчыкі могуць ускосна быць звязаныя з парушэннем правоў чалавека.

Узмацняецца глабальны ціск, каб абмежаваць гандаль з Сіньцзянам. І ЗША, і ЕС разглядаюць заканадаўства, якое можа прывесці да забароны імпарту прадуктаў з кітайскага рэгіёна. У ЗША са студзеня ўжо забаранілі імпарт бавоўны і таматаў з Сіньцзяна.

Кітайскі ўрад заяўляе, што ў Сіньцзяне няма прымусовай працы, у тым ліку ў галіне сонечнай энергетыкі. Пекін адзначае, што дзейнасць у гэтым рэгіёне накіраваная на барацьбу з тэрарызмам, а калі еўрапейскія сонечныя кампаніі вырашаць спыніць бізнэс з Кітаем, то гэта прывядзе толькі да страты імі прыбыткаў.

Эксперты перакананыя, што распрацоўка іншых крыніц полікрэмнію патрабуе вялізных грошай і шмат часу, што, верагодна, запаволіць глабальны працэс распаўсюджвання сонечнай энергетыкі, якая лічыцца жыццёва неабходнай для барацьбы са зменамі клімату і адзінай рэальнай альтэрнатывай нафце і газу.

Тым не менш, Асацыяцыя сонечнай энергетыкі (Solar Energy Industries Association) заклікае сваіх членаў да адмовы ад ланцужкоў паставак з Сіньцзяна. Еўрапейскія заканадаўцы заяўляюць, што гатовыя пайсці на гэты крок, нават калі гэта запаволіць пераход да ўзнаўляльных крыніц энергіі.

«Мы не можам дапусціць, каб энергетычны пераход грунтаваўся на рабскай працы, — адзначае Ганна Кавацыні, член Еўрапейскага парламента ад партыі Зялёных. — Гэта не можа быць апраўданнем таму, што адбываецца ў Сіньцзяне». 

Вытворчасць полікрэмнію — энергаёмісты працэс, які ўключае ў сябе ачыстку крэмнію з выкарыстаннем хімічных рэчываў і надзвычай высокай тэмпературы. Затым атрыманы прадукт ператвараюць у крысталічныя зліткі, якія наразаюцца на тонкія пласціны, а пасля злучаюцца з іншымі электроннымі кампанентамі, у выніку чаго атрымліваюцца сонечныя панелі.

Кітай стаў дамінаваць на рынку ў апошнія гады дзякуючы танным вугальным электрастанцыям у Сіньцзяне, энергію якіх выкарыстоўваюць для вытворчасці полікрэмнію.

Заходнія кампаніі абвінавачваюць Кітай у непразрыстасці наконт таго, дзе здабываецца сыравіна. Таму часта складана зразумець, што адбываецца ўнутры ланцужкоў паставак. Улічваючы гэтую няпэўнасць, адзіны спосаб забяспечыць чысціню паставак — цалкам пазбягаць кітайскага рэгіёна.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?