Агулам Мінздароўя кажа пра 4,6% няспраўнага абсталявання ад агульнай колькасці. Яно рамантуецца. 

У той жа час з боку медыкаў чуваць нараканні, што ў некаторых бальніцах абвастрыліся праблемы з недахопам расходнікаў, а таксама на зацягнуты па часе рамонт абсталявання. Што адбываецца?

Праблемы маюць сістэмны характар і абумоўленыя прыціркай пастаўшчыкоў да ўвядзення 10-працэнтнага падатку на тавары медыцынскага прызначэння з 1 студзеня 2021. 

У Беларусі даўно існуе заганная схема паставак лекаў і бальнічных тавараў, у выніку якой насельніцтва і бюджэт пераплочваюць месцамі ў разы.

Указ Аляксандра Лукашэнкі №366 «Аб фарміраванні цэн на лекі, вырабы медыцынскага прызначэння і медыцынскую тэхніку» устанаўлівае максімальна магчымую гандлёвую надбаўку ў залежнасці ад памеру цаны ў базавых велічынях. Калі нешта зусім таннае, то можна накручваць да 20% (гаворка пра лекі), калі дарагое — да 3% (гаворка пра медтэхніку). Узаемасувязь паміж цаной і надбаўкай можна глянуць тут.

Таму кампаніі з беларускай юрыдычнай прапіскай існуюць нібыта на мяжы выжывальнасці, але рэальны прыбытак асядае ў фірмах-пракладках ва ўмоўным Кіпры — тыя купляюць тэхніку ў вытворцы, накручваюць цану да жаданай рэнтабельнасці і па ёй потым прадаюць беларускай «дачцэ», якая і рэалізуе тавар «у межах закону». 

Увядзенне 10%-га падатку проста спыніла многія медыцынскія закупкі ў Беларусі, бо пастаўшчыкі не пайшлі на конкурсы — цана ў аўкцыённых дакументах сфармаваная летась, і калі пастаўшчык пагодзіцца па ёй удзельнічаць, то будзе ў мінусе. 

Умоўна кажучы, калі пастаўшчык купляў у свайго кіпрскага партнёра тавар за 100 рублёў, каб прадаць яго тут за 105 рублёў, то ў выніку ён заплаціць дадатковыя 10% са 105 рублёў і акажацца ў чыстым мінусе. Таму пастаўшчыкам выгадна пачакаць.

«Усе тэхнічныя заданні цяпер трэба перапісваць па новых цэнах. Гэта ўскладзена на загадчыкаў аддзяленняў, якія павінны дазнавацца новыя цэны ў пастаўшчыкоў. Але звязвацца з пастаўшчыкамі рызыкоўна, бо кантралёры могуць угледзець карупцыю ў такім узаемадзеянні. Само па сабе ўвядзенне ПДВ прыводзіць да падаражання тавару, які потым дзяржава сама ж і купляе па больш высокіх цэнах. Тэндары праводзіць «Медтэхніка» — лічы што падраздзяленне Мінздароўя. Уплыву на іх з боку бальніцы няма, таму ўзнікаюць праблемы са своечасовым рамонтам і закупкай расходнікаў», — кажуць абазнаныя медыкі. 

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?