president.gov.by

— Я, вядома, калі не стану прэзідэнтам, шмат чаго распавяду добрага аб тым, што Ільхам Гейдаравіч прапаноўваў армянскаму народу і кіраўнікам Арменіі для таго, каб урэгуляваць гэты канфлікт. Адна з прапаноў, калі ён мне сказаў: «Слухай, ты перадай армянам, ты з імі ў добрых адносінах, я гатовы аднавіць не толькі Карабах, але і падняць Арменію (калі за сто даляраў была нафта)… Я не называю суму нават, якую вось я адразу гатовы заплаціць. Перадай ім, каб мірна ўрэгулявалі гэтае пытанне», — распавёў Лукашэнка.

Тады, заявіў Лукашэнка, армянскае кіраўніцтва ад прапановы Азербайджана адмовілася. Ён таксама прызнаўся, што ўпершыню кажа пра гэта публічна.

Лукашэнка павіншаваў народы Арменіі і Азербайджана «са сканчэннем гэтага сумнага перыяду ў іх гісторыі». І заявіў, што хоча адзначыць «найвялікшую ролю» Аліева «ў развязанні гэтай праблемы».

Ільхам Аліеў адзначыў, што на працягу амаль трыццаці гадоў Азербайджан спрабаваў вырашыць карабахскае пытанне мірным шляхам, і тое, што пытанне было вырашана ваенна-палітычным шляхам, — віна армянскага боку.

***

Ваенны канфлікт у Нагорным Карабаху абвастрыўся 27 верасня 2020 года. Тады Азербайджан і Арменія ўсклалі адно на аднаго адказнасць за эскалацыю ў рэгіёне. Пасля гэтага ўлады абедзвюх краін, а таксама Нагорнага Карабаха ўвялі ваеннае становішча.

У ноч на 10 лістапада прэм'ер Арменіі Нікол Пашынян і лідар Азербайджана Ільхам Аліеў пры пасярэдніцтве Уладзіміра Пуціна дамовіліся аб спыненні агню ў Нагорным Карабаху. Пагадненне таксама прадугледжвала вывад армянскіх падраздзяленняў з некалькіх раёнаў і размяшчэнне расійскага міратворчага кантынгенту для захавання стабільнасці ў рэгіёне.

Падпісанне мірнага пагаднення выклікала радасць у Азербайджане і масавыя пратэсты ў Арменіі. Адразу пасля прыняцця мірнага пагаднення па Карабаху ў Ерэване пачаліся мітынгі з удзелам апазіцыі, якая запатрабавала неадкладнай адстаўкі прэм'ер-міністра краіны і працягу вайны.

Пашынян заявіў, што гатовы сысці ў адстаўку пасля правядзення датэрміновых выбараў.