Шэрлак Холмс-2009. Роберт Даўні ў стужцы Гая Рычы.

Шэрлак Холмс-2009. Роберт Даўні ў стужцы Гая Рычы.

Замах на дэтэктыва

Замахі на класічны (піпка, кепі і поўная адсутнасць рамантычных сувязяў) вобраз Шэрлака Холмса мае даўнюю гісторыю. Пэўна незадаволеныя запрыстойнай віктарыянскай спадчынай, самі брытанцы ўжо ў 1939 годзе знялі некалькі фільмаў з Базылам Рэтбарнам, дзе яго герой дзейнічае не ў канцы, а ў сярэдзіне ХХ ст., а ў некаторых серыях маляўніча глядзіцца побач са сваімі новымі апанентамі, зламыснікамі‑нацыстамі. У Беларусі гэты чорна‑белы міні‑серыял даволі часта круцілі напачатку 90‑х.

Савецкае кіно: ужо праз пару гадоў гадоў пасля з’яўлення «найлепшага Шэрлака Холмса ўсіх часоў і народаў», прыгожатэмбравага Ліванава, пэўна, у процівагу, але на хвалі поспеху, была знятая эмансіпэ‑стужка «Мой пяшчотна любы дэтэктыў», дзе галоўныя гераіні — Шэрлі Холмс і місіс Ватсан.

Неўзабаве пасля таго, як лонданскі дэтэктыў паказаў свой рымскі нос у Галівудзе, як на яго зрабілі фільм‑пародыю «Без адзінай зачэпкі» (1988 г.) з Майклам Кейтам (нядаўна ён граў лёкая Альфрэда у «Бэтмэне» ). Фільм пабудаваны на эфекце кантраснасці: таленавіты сышчык, выдатны літаратар і фенаменальны піяр‑мэнэджэр доктар Ватсан наймае прафесійнага актора, п’янюку і скандаліста, каб той раскручаваў ватсанаўскія кнігі. Але прафесар Марыярці скрадае Ватсана. І бесталковаму, але ў адрозненне ад хітрага Ватсана, шчыраму і дзесьці нават станоўчаму Шэрлаку Холмсу, даводзіцца, паралельна ратуючы свайго незадачлівага стваральніка, самастойна даваць рады злачыннаму прафесару.

Шэрлак Холмс па‑ранейшаму адзін з найвядомейшых літаратурных дэтэктываў на планеце. Конан Дойль, якому гэтымі днямі споўнілася б 150 гадоў, стварыў вобраз які па‑ранейшаму натхняе многіх, а пагатоў галівудскіх кінасцэнарыстаў, то бок тых, хто спакон веку стрыг купоны з экранізацыяў вядомых літаратурных твораў.

І ў горадзе Анёлаў гэтымі днямі кіпіць праца, каб чарговы раз дастасаваць літаратурны вобраз Холмса да кіно. Вядома, на тле ў кадры будуць знакамітыя «кацялкі» і каптуркі віктарыянскай эпохі, але як выглядацьме сам геній вышуку паводле амерыканскіх прадусараў?

Фільм першы: «Шэрлак Бонд»

Першая стужка, у пастаноўцы новаспечанага развядзёнца, Гая Рычы, мусіць выйсці на экраны ў Штатах ужо сёлета. Выдае на тое, што меркаваная дата выхаду, не выпадковая. Пасля паядання індзейкі і разгортвання падарункавай паперы будзе цалкам натуральна даць дэсерт з дзёрзкім дэтэктывам і адданым сябрам доктарам Ватсана, якія «шчоўкаюць» заблытаныя справы не раўнуючы крыжаванкі ў «Народнай волі».

У гэтым фільме, што мае надзіва арыгінальную назву «Шэрлак Холмс», галоўную ролю грае Роберт Даўні‑малодшы. Джуд Ло прымерае на сябе гарнітур доктара Ватсана. Фільм пастаўлены хутчэй не паводле Конан‑Дойлевых твораў, а па вытворнай, графічным рамане, які напісаў Лаянэл Віграм. І гэта не адзінае новаўвядзенне, якое налучыла класічны сюжэт. фільм можа і здымалі ў холмсаўскіх мясцінах: Лондане, Ліверпуле і Манчэстэры, Гай Рычы кажа, што яго Холмс — сугучны нашаму часу.

«Мы рабілі вобраз з нуля» — сказаў ён і намякнуў, што яго Шэрлак прайшоў грунтоўны ап‑дэйт і цяпер нагадвае цяперашніх трылерных герояў.

Старэча Холмс прадстаўлены не меншым Жыгала чым Джэймс Бонд. Цяпер сышчык, які заўсёды гатовы (як гэта прынята ў ХХІ стагоддзі) кінуцца ў галавакрутны экшн, ды які не толькі выкрывае злачынствы дзякуючы свайму клёку, але і ганяецца за злачынцамі, дзякуючы сваім натрэніраваным цягліцам, не забываючы прадэмастраваць іх (пэўна, на зайздрасць Даніэлу Крэйгу). Дадамо толькі, што цяпер Шэрлак і Ватсан высвятляюць свае адносіны, не седзячы ля каміна і дадаючы да кожнага сказу прыдомак «сэр», а махаючы на баксёрскім рынгу кулакамі.

Кампанія «Браты Ворнеры» інвеставала ў фільм цэлую дзежку грошай, але найгалоўнае пытанне, ці ж былы муж Мадоны, Гай Рычы, пасоўная кандыдатура для пастаноўкі, бо стваральнік «Карты, грошы, дзве рулі» у апошні час здымае фільмы кшталту «Рок-н-ролу», правальных з касавага гледзішча. Хіба з іншага боку маем Даўні, які засведчыў свае чары ў «Жалезным чалавеку». Фільм прыцягнуў мільёны гледачоў, якія цяпер нецярпліва чакаюць «Жалезнага чалавека‑2».

Фільм другі: »Шэрлак Холмс з Алма‑Аты»

Другі фільм цікавы не менш: ён пакуль толькі здымаецца, а яго сюжэт не надта вядомы.

Але вядома адно: класічны вобраз будзе ўвасабляць (валіцеся адразу!) Саша Барон Коэн, ён жа прасунуты цемрашал, казахскі журналіст Борат,
ён жа тэлевядоўца‑беспрадзельшчык Элі Джы. Ведаючы цынічнага, з’едлівага і вульгарнага Коэна, які не перапусціць свайго, каб пастроіць кепікі з усяго і ўсіх: падпусціць непаліткарэктныя жарцікі, выкачаць у гразюцы свайго ж героя, разумеем: нас чакае напраўду балаганнае відовішча. Не менш камедны Віл Фэрэл («Зуландэр») будзе на падхваце ў ролі Ватсана. Цікава, як цяпер павінна гучаць праграмная фраза сышчыкава брата Майкрафта Холмса: «Пазнаёмцеся, гэта мой брат Шэрлак Холмс»? Няўжо: «Пазнаёмцеся, гэта мой брат, ой, прабачце Борат».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?