Фота Pixabay

Фота Pixabay

Пажар у сярэдневяковым будынку, які здарыўся два гады таму, узрушыў увесь свет. Прэзідэнт Макрон паабяцаў тады, што помнік гісторыі і культуры будзе адноўлены за пяць гадоў.

Спачатку лідар Францыі выступаў за тое, каб зрабіць новы шпіль сабора больш сучасным, але эксперты настойвалі на захаванні стылю Віяле-ле-Дзюка, піша Deutsche Welle.

Аднак каб аднавіць Нотр-Дам з гістарычнай дакладнасцю, патрэбна дубовая драўніна. Па дамоўленасці, палова неабходных для рэканструкцыі дрэваў перадаецца ляснымі гаспадаркамі, што належаць дзяржаве, а другая палова — прыватнымі ўладальнікамі лясных угоддзяў.

Гіём Лар’ер, афіцыйны прадстаўнік Нацыянальнага кіраўніцтва лясной гаспадаркі Францыі, адзначае, што стагадовыя дубы ў любым выпадку апынуліся б у спісе дрэваў, якія належыць высечы, каб вызваліць прастору для маладых дрэваў, якім патрэбна шмат святла.

Аднак высечка дрэваў дзеля Нотр-Дама абурыла эколагаў. Жакі Банмэн, кіраўнік прыродаахоўнай арганізацыі Robin des Bois, перакананы, што рашэнне аднавіць сабор у яго першапачатковым выглядзе састарэлае.

Яго думку падтрымліваюць 40 тысяч французаў, якія падпісалі петыцыю аб спыненні высечкі лясоў дзеля сабора. Дубы з’яўляюцца домам для вялікай колькасці птушак і насякомых.

Жакі Банмэн

Жакі Банмэн

Больш за тое, першапачатковы шпіль сабора будаваўся з сумесі драўніны і свінцу. У выніку пажару адбылося маштабнае забруджванне свінцом тэрыторыі вакол сабора, што было пацверджана экспертамі. Таму на думку Банмэна, падчас рэканструкцыі Нотр-Дама неабходна выкарыстоўваць больш сучасныя і больш бяспечныя будаўнічыя матэрыялы, напрыклад, бетон.

Аднак эксперты заяўляюць, што ў выпадку з Нотр-Дамам бетон не падыходзіць: каб будынак сабора захоўваў стабільнасць, яго шпіль мусіць мець пэўную вагу, дасягнуць якой можна з дапамогай камбінацыі драўніны і свінцу.

Таму ўжо распачатая актыўная падрыхтоўка да аднаўлення сабора. Рэканструкцыю Нотр-Дама плануецца пачаць у канцы 2021 — пачатку 2022 года, а скончыць да 2024.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0