Ліпень 2020 года, Мінск.

15 красавіка журы самага вядомага міжнароднага конкурсу фотажурналістыкі World Press Photo назвала пераможцаў, сярод якіх другі раз у гісторыі ёсьць імя фотарэпартэркі зь Беларусі — Надзеі Бужан.

Яе фота, на якім Вольга Севярынец чакае вызваленьня мужа каля Акрэсьціна, выбралі сярод здымкаў, зробленых больш як 4300 удзельнікамі са 130 краін. У выніку яно спачатку ўвайшло ў тройку лепшых у катэгорыі Spot news (Гарачыя навіны), а потым заняло там 2-е месца.

«Хацелася б, каб Беларусь на конкурсе была паказаная ня здымкамі з пратэстаў»

«Я на World Press Photo здымкі адправіла сёлета першы раз, раней ніколі не дасылала, — расказвае Надзея. — Ведала, што ня мела якасных рэчаў, якія маглі б нешта заняць там. Абы даслаць — так неяк не цікава. Чаму сёлета вырашыла? Таму што мы ўсё адно разумеем, што падзеі, якія адбываліся ў Беларусі, прыцягнулі ўвагу да краіны. Хацелася яшчэ раз нагадаць пра тое, што адбывалася ў нас тут».

Падчас працы ў судзе

Надзея Бужан кажа, што дасылала на конкурс каля 15 фота. У асноўным гэта былі здымкі з пратэстаў. Фота з розных маршаў. Надзея прызнаецца, што не дасылала на конкурс здымкі са збіваньнем пратэстоўцаў і іншым гвалтам. Хацела, каб гэта былі больш эмацыйныя рэчы, а ня «жэсьць», якой хапае на World Press Photo штогод.

«Мне, калі шчыра, вельмі хацелася б, каб Беларусь на WPP была паказаная не пратэставымі навінавымі фота, — кажа Надзея. — Ведаю, што шмат маіх калегаў сёлета дасылалі туды здымкі з разгонаў акцый. Але я веру ня ў сынглы (адзіночныя навінавыя здымкі. — РС), а ў сэрыі, у фотагісторыі. Мне хацелася, каб была нейкая гісторыя. Але калі пачала адбіраць свае фота, то зразумела, што такой гісторыі таксама ня маю. Усё было такое штодзённае, навінавае. У мінулым годзе на праекты і гісторыі проста не было часу».

Надзея расказвае, што летам і восеньню 2020 году працавала літаральна штодня. Здымала і акцыі пратэсту, і тое, што адбывалася ля турмаў у першыя дні пасьля выбараў і пазьней. Адзін здымак, зроблены ля Акрэсьціна, у выніку перамог на сусьветным конкурсе.

«Зьдзівілася, як шмат здымкаў станавіліся папулярнымі ў сацсетках»

«Мяне туды адправіў рэдактар, — узгадвае Надзея, як зрабіла пераможнае фота. — Сказаў, што нібыта могуць выпусьціць Севярынца. Была такая інфармацыя. Нехта з родных пазваніў на Акрэсьціна, там сказалі, што Паўла выпусьцяць. Таму, калі я прыехала туды, там ужо сабралася вялікая колькасьць людзей. Мы чакалі некалькі гадзін. Былі выпадкі, што вязьняў вывозілі і адпускалі ў горадзе. Усе спадзяваліся, што зь Севярынцам таксама адбылося такое. Але ў выніку жонка Паўла Вольга вырашыла яшчэ раз падысьці да дзьвярэй і спытаць. Я ня чула, пра што яна гаворыць з аховай, але зрабіла гэты здымак. Тады акурат ёй кажуць, што Паўла ня вызваляць».

Надзея расказвае, што не знаёмая з Вольгай Севярынец асабіста. Толькі некалькі разоў сустракала на розных мерапрыемствах і ў судах над Паўлам Севярынцам. У канцы восені Вольга напісала фатографцы паведамленьне з просьбай даслаць тое самае фота з Акрэсьціна ў добрай якасьці.

«Фота ў той жа дзень адразу мы апублікавалі на сайце «Нашай Нівы», а потым нехта яго перапосьціў сабе ў фэйсбук, — расказвае Надзея. — Я сама хацела гэта зрабіць, але там ужо і так было некалькі тысяч лайкаў, рэпосты. Увогуле ад пачатку падзей лета і восені мінулага году шмат якія здымкі станавіліся віруснымі ў сацсетках. Я была гэтаму зьдзіўленая. Раней адно-два фота ў год максымум так разыходзілася, а зараз такое здаралася раз на тыдзень. Ня толькі мае фота, здымкі калегаў таксама».

Надзея Бужан кажа, што для яе аднолькава прыемна і калі яе фота публікуюць у СМІ, і калі іх посьцяць людзі на сваіх старонках. Фатографка прызнаецца, што не заўсёды разумее, як гэта працуе і чаму нейкі здымак становіцца папулярным і вірусным, а нейкі не.

«Першая камэра была аматарская, але ў мяне і цяпер непрафэсійны фотаапарат»

«Я пачынала здымаць у 2010—11 гадах, — расказвае Надзея Бужан. — А ў 2009-м паступіла на журфак. Я сама зь Менску. Чаму на журфак, я дакладна дагэтуль ня ведаю. Разумела, што пісаць я не хачу і ня буду. Яшчэ да ўнівэрсытэту хадзіла на курсы, гурткі і бачыла, як пішуць іншыя мае аднагодкі. Яны ўжо ўмелі са словам працаваць, у іх усё вельмі крута атрымлівалася, складалася. Проста цэлыя тэксты. А я ня ўмела так. Не было мне дадзена, узялася за фотаапарат».

Надзея Бужан узгадвае, што пачынала фатаграфаваць у часы, калі ў Беларусі толькі-толькі пашыралася лічбавая фатаграфія. Мабільнікі яшчэ ня мелі добрых камэр, людзі езьдзілі ў адпачынак зь першымі лічбавымі фотаапаратамі. А лічбавая люстраная камэра ўвогуле была рэдкасьцю і прадметам мараў.

«Такія камэры і цяпер каштуюць нятанна, а тады гэта ўвогуле нешта было касьмічнае, — узгадвае Надзея. — Калі ў некага зь сяброў у бацькоў зьяўляўся такі фотаапарат — гэта была падзея. У маёй сястры стрыечнай быў такі. Цяпер усе з тэлефонамі ў адпачынак езьдзяць, а тады фатакамэры яшчэ бралі. І падавалася, што калі ты такою зрабіў фота, то яно адразу кляснае і крутое. Мой першы апарат быў Canon 450D з «кітовым» аб’ектывам (адна зь першых масавых люстраных мадэляў з самай простай оптыкай. — РС). Але ў мяне і цяпер непрафэсійны фотаапарат».

Першую камэру Надзеі набылі бацькі. Яна кажа, што ёй моцна пашанцавала, што ў бацькоў была такая магчымасьць. Камэра каштавала каля 1000 даляраў, гэта і цяпер немалыя грошы.

«Я калі да таты прыйшла і сказала, што вось, хачу займацца фатаграфіяй, мне падабаецца гэта, то ён адразу спытаў, колькі гэта будзе каштаваць, — узгадвае Надзея. — Я адказала. Тата тады пачухаў патыліцу такі. Кажа, ну ладна. Я проста вельмі паслухмянай дзяўчынкай была заўсёды, добра вучылася, з добрымі адзнакамі. Да таго ж мне ня трэба было наймаць кватэру. Тата быў міліцыянтам, ён памёр у 2012-м. Дапрацаваў да пэнсіі і сышоў у 45 гадоў адтуль. Ён ужо не працаваў, калі я паступала на журфак. Маці мая шмат дзе працавала. Я нават ня ведаю, як можна назваць яе прафэсію. Цяпер мама загадчыца склада на прыватнай фірме».

Першы тэкставы і фотарэпартаж Надзеі, за які яна атрымала грошы, быў надрукаваны ў газэце для падлеткаў «Переходный возраст». Ён быў пра жыцьцё ў дзявочай калёніі. Бужан тады яшчэ вучылася ў 11 клясе школы.

Падчас вучобы ва ўнівэрсытэце Надзея праходзіла практыку на Tut.by, нейкі час нават вяла музычную перадачу на радыё «Мір» — дзіцячы хіт-парад. На пачатку кар’еры даводзілася быць унівэрсальным журналістам, пісаць тэксты і рабіць фота да іх самой. Яшчэ ва ўнівэрсытэце Бужан пачала працаваць у «Звяздзе», здымала таксама як фатограф-фрылансэр для «Трыбуны» і Tut.by. Цяпер штатна працуе для «Нашай Нівы».

«Я не згодная з падыходам, што ўсё павінен рабіць адзін чалавек, — кажа Надзея. — Фотажурналістыку ўжо хавалі шэсьць тысяч разоў, а яна дагэтуль жывая. Вядома, ты павінен нейкія базавыя моманты ўмець. Бо бываюць выпадкі, калі некуды можа трапіць толькі адзін чалавек, альбо фатограф, альбо пішучы. Калі тэма навінавая, то перавага можа давацца журналісту, які перадасьць навіну і зробіць фота на тэлефон. Калі важны візуал найперш, то трэба фатограф. Але ва ўнівэрсальнасьць я ня веру. У такім выпадку журналістаў ужо даўно маглі замяніць сацсеткі. Мы ж бачым, што гэтага не адбываецца. Прафэсіяналы ўсё адно патрэбныя і запатрабаваныя».

«Спрабавала здымаць вясельлі, але я ня ўмею»

Надзея Бужан — другі фатограф зь Беларусі, хто стаў пераможцам конкурсу World Press Photo. Першай была год таму Тацяна Ткачова з сэрыяй пра жанчын, якія зрабілі аборт. Надзея кажа, што ў прафэсіі не адчувае сэксізму з боку мужчын, хоць яшчэ адносна нядаўна іх сярод фатографаў было нашмат больш.

«Мяне ніяк ня раніць, калі называюць фатографам, фатографкай ці фотаграфіняй. Можна называць, як каму зручна, — кажа Надзея. — Я лічу, што з гэтым у мяне акурат усё нармальна. Чаму цяпер так шмат дзяўчат сярод фатографаў, цяжка сказаць. Я ніколі ня думала над гэтым. Магчыма, грошай проста менш стала ў прафэсіі, а ў мужчын такое заўсёды ёсьць, што трэба шмат зарабляць, каб карміць сям’ю. Увогуле, не магу сказаць, што ў фотажурналістыцы можна стаць мільянэрам. Вясельлі можна здымаць. Чула, што там можна і на кватэру зарабіць сабе».

Надзея прызнаецца, што мела некалькі пэрыядаў, калі скептычна ставілася да свайго выбару прафэсіі. Аднойчы гэта здарылася, калі ў яе з аўтамабіля скралі заплечнік з усёй фататэхнікай коштам каля 8 тысяч даляраў. Злачынцу так і не знайшлі.

«Я тады падумала яшчэ — можа, гэта знак?» — кажа яна. У якасьці пацярпелай яе тады апытвалі ў тым самым РУУСе, куды ў 2020 годзе прывозілі «для праверкі дакумэнтаў».

Надзея Бужан кажа, што ня ставіцца да камэрцыйнай фатаграфіі як да другаснай. Таленавіта можна здымаць і фотачкі для інстаграма за вялікія грошы.

«Але я так проста ня ўмею, — кажа фатографка. — Спрабавала здымаць вясельлі сяброў. Ведаю, як бы я хацела зьняць. Але не атрымліваецца. Ва ўсіх сфэрах жа трэба разьвівацца. Ня будзе так, што вось пачаў, і адразу — ваў! Трэба вучыцца, нешта новае даведвацца. Але я падчас вясельляў стамляюся. Мне псыхалягічна складана цэлы дзень нешта здымаць — вясельлі, канфэрэнцыі. Цэлы дзень танцуеш вакол людзей, робіш неверагодную колькасьць здымкаў. Потым сядзець разграбаць гэта ўсё яшчэ некалькі дзён. Мне прасьцей займацца журналісцкімі здымкамі — ці то разгон дэманстрацый, ці то жыцьцё камбайнэра, што рэальна нашмат цікавей. Ці то модны паказ. Справа ў тым, што ў журналістыцы кожны дзень штосьці новае, новыя эмоцыі».

«Цяпер стала яшчэ цяжэй, чым увосень»

Надзея расказвае, што ў ноч з 9 на 10 жніўня працавала каля стэлы. Яна была побач зь месцам, дзе мужчына трапіў пад колы аўтазака, зрабіла некалькі кадраў гэтага. Бужан прызнаецца, што ўзгадваць той момант ёй дагэтуль няпроста.

«Я нават уявіць сабе не магла, што можа адбыцца тое, што адбывалася ў Менску ў тыя дні, — кажа Надзея. — І калі ўбачыла, як чалавек падае пад колы аўтазака, як ён яго пераяжджае… Ты ня ведаеш, што зь ім там, ці жывы ён. Думаеш, што яго забілі. І невядома, што зараз будзе рабіць натоўп, на вачах якога чалавека пераехаў міліцэйскі аўтамабіль. Як могуць людзі адрэагаваць. Я вельмі рада, што той чалавек не загінуў. Мае нэрвы тады ўпершыню пачалі здаваць. Пасьля хтосьці расказаў мне, што падобнае бывае з баксёрамі. Маладыя яшчэ не баяцца атрымаць удар. Яны ня ведаюць, што можа быць зь імі пасьля ўдару. А прафэсіяналы ведаюць, стараюцца вывернуцца. Я цяпер таксама стараюся».

Момант затрыманьня Надзеі Бужан 11 жніўня 2020 года. Флэшку з фота ў яе забралі

Надзею летам і восеньню затрымлівалі некалькі разоў. Аднойчы ля «Пушкінскай» сілавікі забралі ў яе флэшку са здымкамі. Бужан кажа, што новая хваля стрэсу накрыла яе акурат цяпер.

«Пачынаеш рэфлексаваць, асэнсоўваць, што адбылося, — кажа Надзея. — Тады проста не было часу ўсё пераварыць. Кожны дзень працавалі, нешта адбывалася. Такі быў баявы стан — паспаў, падняўся, пайшоў, папрацаваў, зноў паклаўся. Цяпер больш вольнага часу, можна ўзгадаць і пераварыць усё. Звальняцца мне ня хочацца, але я б адпачыла крыху. У мяне ўжо быў адпачынак, але я яшчэ б хацела крыху. Паехаць ад усіх падзей некуды. Але зь іншага боку, калі вочы заплюшчыць, то гэта ўсё не перастане адбывацца. Усё адно вернесься, а тут…»

«Мы ўсе зараз у чаканьні»

Надзея Бужан кажа, што на яе здымку з Вольгай Севярынец ля дзьвярэй турмы — сымбалічная карціна таго, як уся краіна жыве ў чаканьні вызваленьня. Фатографка вельмі рада, што журы абрала менавіта гэты кадар, а ня здымкі з разгонам і гвалтам.

«Гэтая сытуацыя чаканьня, яна ж ня толькі для нашай краіны актуальная, для іншых несвабодных таксама, — кажа Надзея. — Мы ўсе зараз у чаканьні. Я спадзяюся, што змагу зьняць, як Вольга Севярынец нарэшце сустрэне Паўла. Мне б вельмі хацелася зрабіць гэты кадар. Калі Вольга ня будзе супраць, канечне».

Надзея Бужан расказвае, што цяпер у яе ўсе пытаюцца, колькі грошай яна атрымае за перамогу ў конкурсе. Гэтае пытаньне яе дзівіць. Надзея кажа, што звычайна перамога ў WPP была значнай падзеяй найперш таму, што можна было паехаць у Амстэрдам на адкрыцьцё выставы, пабачыць самых лепшых фотажурналістаў сьвету, пазнаёміцца з фотарэдактарамі. Цяпер гэта немагчыма праз пандэмію. Да таго ж выстава наўрад ці нават трапіць у Беларусь — з прычын, зьвязаных ня толькі з пандэміяй.

«Але я б хацела заставацца працаваць у Беларусі, — кажа Надзея. — Магчыма, часам штосьці рабіць для замежных СМІ таксама, гэта ж крута. Я хачу больш здымаць не навіны, а нейкія большыя рэчы, больш грунтоўныя, працяглыя. Але на гэта чамусьці заўсёды не хапае часу. Альбо прафэсійнасьці, ідэі. Хачу рабіць штосьці пра звычайнае жыцьцё. Вельмі шмат цікавых гісторый ёсьць навокал».