У студзені—красавіку 2009 года 485 прамысловых прадпрыемстваў Беларусі (23,2%) былі стратнымі.

Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, агульная сума стратаў склала 497 млрд. рублёў — гэта ў 5,4 разу больш, чым у студзені—красавіку 2008 года.

Найбольшыя сумы стратаў — у прадпрыемстваў харчовай прамысловасці (245,5 млрд. рублёў), машынабудавання і металаапрацоўкі (93,2 млрд.), лёгкай прамысловасці (48,7 млрд.), лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна‑папяровай (55,2 млрд.), шкляной і фарфорава‑фаянсавай (17,3 млрд.),

а таксама хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці (16,5 млрд. рублёў).

Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі, работ і паслуг прамысловых прадпрыемстваў за студзень—красавік склала 8,4% (за чатыры месяцы 2008 года — 18,1%), рэнтабельнасць продажу — 6,4% (12,6%).

Вышэйшая, чым у сярэднім па прамысловасці, рэнтабельнасць прадукцыі, работ і паслуг была ў медыцынскай прамысловасці (24,7%), хімічнай (18,2%), паліграфічнай (17,4%), тарфяной (14,2%), харчовасмакавай (14%), гарбарнай, футравай, абутковай (13,1%), рыбнай прамысловасці (12,7%), прыборабудаванні (11,7%) і швейнай прамысловасці (10,4%).

Ніжэйшы за сярэдні паказчык узровень рэнтабельнасці ў мукамольна‑крупяной і камбікормавай (6,7%), тэкстыльнай (6,6%), аўтамабільнай (6,5%), нафтаперапрацоўчай прамысловасці (5,6%).

Нерэнтабельнай у студзені—красавіку была праца прадпрыемстваў мікрабіялагічнай прамысловасці (мінус 0,8%), цэлюлозна‑папяровай (мінус 1,4%), шкляной і фарфорава‑фаянсавай (мінус 2,4%), мясной і малочнай (мінус 3,1%), лесанарыхтоўчай (мінус 4,3%) і падшыпнікавай прамысловасці (мінус 9,5%).

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0