Фота з твітара

На судзе Труэба сцвярджаў, што «інстынктыўна» кінуўся на тушэнне пажару, які ў лютым 2019 года ахапіў 144 гектары лесу і пустак на поўначы Іспаніі.

Аднак пракуроры пастанавілі, што ён сам зладзіў пажар, каб «пацешыць эга» і «сыграць галоўную ролю» ў яго тушэнні.

Як высветлілася падчас разбору ў правінцыйным судзе Кантабрыі, дзе разгарнулася гэтая драма, за некалькі гадзін да пачатку пажару Труэба з калегам адправіліся ў патруль, бо ў рэгіёне было абвешчана пра павышаную рызыку пажараў у сувязі з засушлівым надвор'ем. Труэба, як успамінае калега, тады сказаў: «Як суха, варта толькі паднесці запалку — і…»

Іншы пажарны-валанцёр паведаміў суду, што абвінавачаны проста любіў пажары і «паводзіў сябе як наркаман пасля дозы», калі выяўляў узгаранне.

Калегам Труэбы здалося таксама падазроным тое, што па вяртанні з тушэння ён дастаў з машыны каністру з-пад бензіну і паспрабаваў яе схаваць.

Хоць сам абвінавачаны сцвярджаў, што ў час пачатку пажару ён адвозіў крэслы свайму стрыечнаму брату, па сведчаннях навігатара ў яго машыне ў гэты час ён якраз знаходзіўся ў раёне будучага ўзгарання.

У выніку суд пастанавіў, што «выкарыстоўваючы бензін, разліты ў канаве ўздоўж дарогі, у якасці паскаральніка, абвінавачаны стварыў прынамсі 7 ачагоў узгарання на адлегласці 65 метраў адзін ад аднаго, каб агонь лягчэй распаўсюджваўся».

Бок абвінавачвання палічыў, што віна гора-пажарнага несумненна даказаная і што ён дзейнічаў «мэтанакіравана, наўмысна і добраахвотна» (сапраўдны пажарны-добраахвотнік!).

Пракуроры назвалі смешнай прапанаваную абвінавачаным у якасці кампенсацыі страт суму 4 тысячы еўра, падкрэсліўшы, што гэта не пакрые і дзясятай часткі нанесенай шкоды.

Суд таксама не ўспрыняў сур'ёзна меркаванне абароны, што іх падапечнаму варта было б змякчыць пакаранне, паколькі ён прымаў актыўны ўдзел у тушэнні.

«Яго ўдзел у пажаратушэнні нельга назваць ні эфектыўным, ні дарэчным, улічваючы, што да тушэння прыцягваліся не толькі добраахвотнікі, роля якіх была па большай частцы дапаможнай, але і чацвёра рэйнджараў, тры каманды ляснічых, чацвёра прафесійных пажарных, тры машыны вадзянога тушэння, аўтацыстэрна, пажарны пікап і два самалёты-амфібіі ВПС у дадатак», — падкрэсліў суддзя, зачытваючы вердыкт.