Прэс-сакратар Пэнтагону Джон Кірбі пакуль не расказаў дэталяў, але заявіў, што вайскоўцам, якія цяпер знаходзяцца ў Аўганістане, можа спатрэбіцца дапамога для завяршэньня вываду.

Дапамога, на яго думку, можа спатрэбіцца ў лягістыцы, інжынэрнай справе, магчыма, сілавой абароне, каб зрабіць вывад эфэктыўным і бясьпечным.

14 красавіка прэзыдэнт Злучаных Штатаў Джо Байдэн заявіў пра пляны вывесьці ўсе амэрыканскія войскі да 11 верасьня — 20-й гадавіны нападаў на амэрыканскія гарады, якія выклікалі ўмяшаньне ЗША і НАТА ў Аўганістан. Разам з тым у амэрыканскай адміністрацыі паабяцалі даць талібам «рашучы адказ» у выпадку працягу агрэсіі супраць амэрыканскіх вайскоўцаў.

Амэрыканскія сілы першапачаткова зьбіраліся вывесьці да 1 траўня, аднак Байдэн заявіў, што патрабуецца больш працяглы тэрмін на вывядзеньне войскаў. Таксама пра вывад кантынгенту цягам некалькіх месяцаў заявіў старшыня НАТО Енс Столтэнбэрг.

У 2011 годзе колькасьць войскаў ЗША ў Аўганістане перавышала 100 тысяч чалавек, з таго часу яна істотна зьменшылася і цяпер складае каля 2,5 тысяч. Агульная колькасьць прадстаўнікоў вайсковага кантынгенту краін НАТО — менш за 10 тысяч.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?