Затрымалі 30-гадовага хлопца 26 сакавіка ў мінскім мікрараёне Серабранка.

Ілюстрацыйнае фота

«Я ўвечары вяртаўся дадому, ішоў з інструментам. З сабой былі яшчэ цукеркі і шампанскае — хацеў павіншаваць бабулю з днём народзінаў. Спынілі мяне за ліхтарык: там людзі свяцілі ў вокны, а мне якраз патэлефанавалі, тэлефон пачаў мільгаць — я і папаўся. Міліцыянты ўбачылі, што ў мяне нейкія ўлёткі ёсць з сабой, падумалі, што я мала таго што апазіцыянер, дык яшчэ і агітацыю ляпіў. Пазванілі ў РУУС, там сказалі: цягніце яго сюды. Калі ў аддзяленні маёр убачыў мае ўлёткі, адчытаў міліцыянтаў: «Вы што зусім? Каго вы мне прывезлі?»

На буклетах было напісана «сантэхніка, укладка пліткі, электрычныя работы». Але адпускаць Анатоля не збіраліся. Нават тое, што ў яго з сабой шрубавёрт і працоўныя дакументы, нікога не збянтэжыла. Спыталі толькі падчас вопісу, у колькі ён ацэньвае свой інструмент. Далі «народны» артыкул 24.23. У пратаколе напісалі, што хлопец бегаў па двары, крычаў «Жыве Беларусь», свяціў ліхтарыкам у вокны і тым самым заклікаў людзей выйсці на мітынг.

Справу разглядала суддзя Ленінскага раёна Таццяна Шоцік.

«На паседжанні даваў тлумачэнні супрацоўнік міліцыі. Расказваў, што мяне затрымаў АМАП, хоць мяне ўзялі міліцыянты — дзве дзяўчыны і хлопец. Я пытаюся: а ў што я быў апрануты? «У чорнае». Кажу: якога колеру ў мяне былі красоўкі? «Я не памятаю, было цёмна. На вас была маска і капюшон». Цікаўлюся, як жа міліцыянт мяне тады пазнаў. «Па вачах». Ён не ўбачыў, што ў мяне белыя красоўкі, а вочы нібыта запомніў.

Міліцыянт сказаў, што з сабой у мяне нічога не было. Я зрабіў заўвагу: прыбярыце яго, гэта ілжэсведка. І прапанаваў суддзі паглядзець вопіс маёмасці. А там — балгарка, шрубавёрт… Але ім было пляваць.

Суддзя толькі паўтарала: у вас ёсць яшчэ пытанні? Калі пачуў, што далі 15 сутак, закрыў ноўтбук (суд быў па скайпе. — «НН») і пайшоў «здавацца».

У Анатоля гэта другое затрыманне. Першае было ў сярэдзіне жніўня. Тады хлопцу далі штраф у 10 базавых. Цяпер ён адбываў суткі на Акрэсціна і ў Жодзіне.

«Я б лепш на Акрэсціна іх усе адбыў, там прасцей: была гарачая вада, ежа нармальная, стаўленне лепшае. Але пасля 31 сакавіка нас перавезлі ў Жодзіна — і пачалося.

Са мной сядзеў мужчына, які не раз быў у турмах. На суткі ён трапіў не за палітыку, а за скандал з жонкай. І ён быў у шоку: «За што мне гэта? Я ў такіх умовах ніколі не сядзеў». А было так. А 6-й пад’ём, у 6.10 прыносяць ежу, назавём гэта так, а 9-й вас трамбуюць у сцену тварам, б’юць, абражаюць».

Спачатку хлопец сядзеў у камеры на чатыры месцы, дзе было сем чалавек, пасля на восем, дзе змясцілі дзевяцёх. Суседзі — айцішнікі, доктар, музыка.

Анатоль працуе сам на сябе. Колькі замоў згубіў за гэты час, лепш не думаць.

«Я ў пятніцу якраз запіліў рэкламу, ведаў, што спрацуе 100 працэнтаў. На суботу, нядзелю і панядзелак ужо была праца. А тут на табе… Першыя дні мне было невыносна цяжка з-за гэтага. Плюс перажываў, як там мая кошка. Шмат што згубіў, але набыў гэты досвед — ён зрабіў мяне мацнейшым. Вельмі ўдзячны валанцёрам, якія дапамаглі дабрацца дадому».

Тыдзень пасля вызвалення хлопец адлежваўся дома — захварэў у ізалятары.

«Нам спецыяльна адчынілі акно, было шалёна холадна. У душы гарачая вада адсутнічала, вада ў камеры таксама толькі халодная. І спаць на нарах было немагчыма, бо балюча (матрацаў не было ні на Акрэсціна, ні ў Жодзіне), спалі на падлозе. І я бліжэй да канца тэрміну захварэў», — тлумачыць Анатоль.

Інструменты з аддзялення міліцыі ён яшчэ не забраў. Кажа, абскарджваць прысуд не будзе — не бачыць сэнсу.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?