Вызначыўся супернік жаночай зборнай Беларусі па баскетболе на чэмпіянаце Еўропы. Ім стала каманда Францыі.
«Трохкаляровыя» ва ўпартай барацьбе змаглі перамагчы Грэцыю. Гульня ішла «пункт у пункт». То наперад выходзіла адна каманда, то іншая. Яшчэ за дзве хвіліны да канца гульні грачанкі перамагалі 49:45, аднак не справіліся з хваляваннем.
Францужанкі дагналі і перагналі сваіх суперніц — 51:49. Паўфінал Беларусь — Францыя пройдзе заўтра.
Пачатак а 18:00. Тэлеканал «Лад» абяцае весці жывую трансляцыю.
Калі беларускі выйграюць, фінал у суботу ў 20:15, калі прайграюць - матч за 3-е месца ў 18:00 таксама ў суботу.
Дабрацца да Рыгі (беларускі ж заўтра гуляюць па-любому), напрыклад, можна аўтобусамі.
Выезд у 19:30 і 21:30 ад Мінск-Усходні. Прыезд у Рыгу раніцай наступнага дня. Кошт білета -- 88 340 рублёў, студэнтам - зніжка 10%.
***
Беларусь і Францыя ўжо сустракаліся на гэтым першынстве ў першым раўндзе. Тады ў овертайме фартуна ўсміхнулася францужанкам — 64:62. Ці атрымаецца рэванш?