А 15-й ля магілы Васіля Быкава на Усходніх могілках Мінску пройдзе ўшанаванне памяці Народнага пісьменніка. Рух за Свабоду ладзіць фэст у Бычках, на радзіме пісьменніка.

Васiля Быкава няма з намi ўжо 6 гадоў. Гэтыя чэрвеньскiя даты сiмвалiчна перакрыжавалiся ў лёсе народнага пiсьменнiка Беларусi:

Народны пісьменнік Беларусі нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 года нарадзiўся, 22 чэрвеня 1941 пайшоў на вайну, пра якую пiсаў усё жыццё, 22 чэрвеня 2003‑га — памёр.

Васiль Быкаў — адзiн з нямногiх беларускiх пiсьменнiкаў, якога i сёння ведаюць у свеце. Пра вайну пiсалi многiя, але большая частка напiсанага даўно здадзена ў лiтаратурныя архiвы. Быкаў пiсаў пра вайну так, што, кажуць, яшчэ ў Гродне пiянеры па замове мясцовых гора‑чыноўнікаў бiлi вокны яго кватэры. Сёння дзецi гэтых пiянераў даведваюцца пра вайну менавiта з твораў Васiля Быкава.

Да круглай даты падрыхтавана ўнiкальнае выданне. Яго задума прыйшла да журналiста Сяргея Шапрана яшчэ ў час пахавання народнага пiсьменнiка.

Сяргей неаднойчы рабiў iнтэрв’ю з Васiлём Уладзiмiравiчам, i смерць пiсьменнiка кранула яго надзвычай балюча. На стварэнне двухтомнай кнiгi «Васiль Быкаў. Гiсторыя жыцця» ў аўтара пайшло 5 гадоў. Яшчэ год — на пакутлiвы пошук сродкаў i выдаўцоў. Інiцыятыву падтрымала Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» i «Гарадзенская бiблiятэка». Два месяцы таму выйшаў першы том, i вось лiтаральна некалькi дзён таму — другi. Агулам — больш за 1500 старонак!

— Гэтыя 5 гадоў я правёў у архiвах, бiблiятэках, паездках, сустрэчах са знаёмымi i сябрамi Васiля Быкава, — распавёў Сяргей Шапран у iнтэрв’ю «Звяздзе». — Удалося аднавiць гiсторыю жыцця i творчасцi пiсьменнiка з дакументальнай дакладнасцю. Дзякаваць Богу, яшчэ жыве сястра Быкава Валянцiна Уладзiмiраўна, якая згадала iх з братам дзяцiнства — тое, пра што нiхто iншы ўжо нiколi не раскажа. Для кнiгi напiсалi свае ўспамiны пра Быкава такiя вядомыя асобы, як Мiхаiл Гарбачоў, Рыгор Барадулiн, Чынгiз Айтматаў, Уладзiмiр Някляеў, Святлана Алексiевiч… Удалося знайсцi вельмi шмат лiстоў Васiля Быкава да сваiх сяброў, у якiх ён апiсваў многiя лiтаратурныя i жыццёвыя праблемы таго часу…

У гэтыя днi па краiне праходзiць шэраг iмпрэзаў, прысвечаных Васiлю Быкаву. Тады, у 2003 годзе, Беларусь амаль адначасова страцiла двух сваiх генiяў: Васiля Быкава i Уладзiмiра Мулявiна. Бульвар Мулявiна ў Мiнску ўжо ёсць.

Можа, настаў час ушанаваць памяць i народнага пiсьменнiка?

Глеб Лабадзенка, Звязда

* * *

На радзіме пісьменьніка ў Вушацкім раёне Віцебскай вобласьці адбудзецца ўручэньне прэміі «За свабоду думкі».

Штогадовая прэмія заснаваная год таму «Рухам за Свабоду», яе ўручэньне прымеркаванае да дня нараджэньня Васіля Быкава. Летась ляўрэатамі былі Рыгор Барадулін, Уладзімер Арлоў, Павал Севярынец.

Імя сёлетняга ляўрэата назавуць на ганку дома‑музэя Васіля Быкава ў Бычках каля 16 гадзін.

Сваю імпрэзу ў музэі Быкава ў музэі ў Бычках і ў Доме культуры ў Вушачах правядуць і мясцовыя ўлады.

* * *

Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін быў найбліжэйшым сябрам Васіля Быкава.

Барадулін: «Быкаў для мяне быў, ёсьць і застаецца і братам, і бацькам, і старэйшым таварышам. Быкаў для мяне — ўсё. Быкаў для Беларусі ‑‑ гэта прарок, апостал нацыі. Па Быкаву ведаюць Беларусь ва ўсім сьвеце. У літаратурным сьвеце, грамадзкім сьвеце. Я думаю, яшчэ будзе адзначацца і стагодзьдзе Быкава, і двухсотгодзьдзе, таму што там, дзе Быкаў — там Беларусь».

* * *

Заснавальнік БНФ Зянон Пазьняк кажа, што Васіль Быкаў адыграў вялікую ролю ў аднаўленьні Незалежнасьці Беларусі

Пазьняк: «Як толькі падумаю пра Быкава ‑‑ пачынаецца шчымленьне душы. Гэта таму, што хацелася б, каб Быкаў быў пастаянна. У ім вымоўнае супадзеньне вялікага пісьменьніка, вялікай асобы і народнага лёсу цэлага пакаленьня. Прачытаўшы «Доўгую дарогу дадому», дзе Быкаў апісвае беднае, галоднае сваё дзяцінства пад бальшавіцкай акупацыяй, потым вайну, якую ён прайшоў разам з фронтам «ад званка да званка», цяжкія пасьляваенныя гады, ‑‑ стала зразумела, што ён ўвабраў усё гэта ў сваёй душы. Але змрочная рэчаіснасьць не зламала, не агрубіла яго, бо меў ён прыроджаныя якасьці інтэлігентнай натуры і здаровага сэнсу. Гэта — тое, што ў цяжкіх варунках даецца чалавеку як дар Духа Сьвятога. У гэтым ёсьць і прырода яго таленту, і прырода мудрасьці. Аснова, урэшце, яго літаратурнага экзыстэнцыялізму.

Веліч яго як пісьменьніка адлюстраваная ў яго творах, вобразах, ідэях, карцінах народнай рэчаіснасьці і лёсах народнага жыцьця. Гэта пісьменьнік сапраўды народны і беларускі.

Веліч яго асобы адбілася ў яго гістарычным выбары.

Калі вырашаўся лёс нацыі і будучыні Беларусі, ён, ужо немалады, стаў у шэрагі змагароў Народнага Фронту. Стаў сьмела, без папроку і сумневу, і разам з усімі адчуў радасьць найвялікшай падзеі стагодзьдзя — здабыцьцё і вяртаньне дзяржаўнай Незалежнасьці Беларусі. Яго бескампрамісная народная адраджэнская пазыцыя прыцягвала да яго добрых людзей. І адначасна яна дэмаскавала фальшывасьць шмат якіх афіцыйных асобаў, што займаліся словаблудзтвам і няшчыра сьпявалі яму хвалу. Гістарычны выбар Быкава скрышталізаваў, ачысьціў адносіны да яго творчасьці. Усё сьветлае ‑‑ пайшло з Быкавым. Уся дрэнь — адпала, засталася сама з сабой.

У вольнай, сьветлай Беларусі будуць стаяць помнікі вялікаму пісьменьніку, будуць плошчы і вуліцы, названыя яго імем, будуць бібліятэкі яго імя, і памяць пра яго будзе вечнай».

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0