У Беларусі не хочуць дрэнных адносін з Украінай. Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з дэпутатам Вярхоўнай рады Украіны Яўгенам Шаўчэнкам, перадае БелТА.

Лукашэнка падкрэсліў, што і людзі ў Беларусі вельмі добра ставяцца да ўкраінцаў.

«Калі ў вас пачаўся там канфлікт на Данбасе, мы, можна сказаць, за адзін раз прынялі 150 тысяч украінцаў. Нехта потым вярнуўся, многія працаўладкаваліся тут, і я падпісаў указ, даўшы роўныя правы ўкраінцам, што прыехалі ў Беларусь. А гэта, вы ведаеце, вялікі сацыяльны пакет. Гэта бясплатная адукацыя, бясплатнае медыцынскае абслугоўванне, працаўладкаванне, 150 тысяч «праглынуць» няпроста. Вы бачыце, як у ЕС мігранты прыбываюць, а яны не могуць 2 тысячы чалавек падзяліць, каб іх рассяліць. Тут — 150 тысяч», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У 2016 годзе Лукашэнка на сустрэчы з намеснікам памочніка міністра абароны ЗША казаў пра 160 тысяч уцекачоў з Украіны, тую ж лічбу пазней паўтарыў у інтэрв'ю Радыё ААН міністр замежных спраў Уладзімір Макей. На той момант у Беларусі афіцыйна быў зарэгістраваны толькі 1 уцякач з Украіны.

Агенцтва ў справах ўцекачоў ААН тлумачыла, што пісала пра 150 тысяч украінцаў, якія прыехалі ў Беларусь у 2014-2015 гадах. Гэта колькасць тых, хто звяртаўся па часовы або пастаянны дазвол на жыхарства. Сярод іх былі і тыя, хто прасіў дазвол на працу ці навучанне проста таму, што хацеў працаваць ці вучыцца ў Беларусі (а не праз вайну), і тыя, хто прыязджаў да родзічаў.

Колькасць тых, хто прыязджаў у Беларусь з Украіны менавіта з прычыны вайны, невядомая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0