Фота зь сайту Еўрарадыё

Фота зь сайту Еўрарадыё

Інтэрнэт‑партал «Тузін Гітоў» і грамадзкая кампанія «Будзьма беларусамі» прадстаўляюць апошняга, 12‑га ўдзельніка праекту «Тузін. Перазагрузка».

Адзін з галоўных прэтэндэнтаў на ўдзел ад Беларусі ў «Дзіцячай Эўравізіі» Юры Дземідовіч перасьпявае сваю песьню «Волшебный кролик» па‑беларуску. Маладому сьпеваку вельмі спадабалася ідэя зрабіць беларускамоўны варыянт свайго твору, які ўсяго за некалькі дзён стаў сапраўдным інтэрнэт‑гітом.

Юра Дземідовіч засьпяваў ужо ў тры гады. Ён добра памятае сваю першую песьню, якую выканаў на публіцы — гэта быў раманс «Белеет парус одинокий».

У дзевяць год ён трапіў у «Капэлу хлопчыкаў» — хор пры Рэспубліканскім музычным каледжы. Капэла мае ўжо 50‑гадовую гісторыю. Адсюль выйшлі салісты беларускай Опэры, камэрнага аркестру, харавой капэлі, хору «Унія» ды групы «Камэрата». Кіраўнік хору Ўладзімер Глушакоў лічыць, што і ў Юры Дземідовіча — вялікая будучыня.

Хлопец цяперака — вядучы саліст хору. Некалі ён нават сьпяваў на сьвяточным канцэрце з нагоды візыту маскоўскага патрыярха Алексія ІІ.
Самыя ўдалыя яго нумары — «Санта Лучыя», «O sole mio», а зь беларускіх — «Радзіма, мая дарагая». Юра называе сярод сваіх улюбёных выканаўцаў Павароці, Каруза ды Ларэці.

Песьня «Волшебный кролик» зусім нетыповая, як для рэпэртуару Капэлі, дзе сьпявае Дземідовіч. Словы і музыку выканаўца напісаў да яе сам пад уплывам твору «Аліса ў краіне цудаў». Адразу пасьля выкананьня твору на поўфінале адбору на «Дзіцячую Эўравізію» 1 чэрвеня, ён займеў ашаламляльны посьпех. Цяпер колькасьць праглядаў відэа на гэту песьню на youtube.com набліжаецца да 290 000.У сацыяльных сетках арганізаваліся фэн‑клюбы Юры, зьявіліся рознастайныя інтэрпрэтацыі сьпеву, прапануюцца майкі з выявамі «трусіка» і шырыцца дыскусія наконт патаемных сэнсаў гэтай песьні. Сам Юра з сваім кіраўніком Уладзімерам Глушаковым ставяцца да гэтага спакойна: «Галоўнае, што ў нашай песьні шмат слухачоў!», — заяўляюць яны.

Юра з задавальненьнем пагадзіўся зрабіць з «кроліка» — «трусіка» і пахваліўся, што беларускую мову вучыць старанна. Мае па гэтым прадмеце ў школе васьмёрку, а па беларускай літаратуры — дык наогул дзевятку. Хлопчык разам з сваім настаўнікам прынялі прапанову «Тузіна Гітоў» узяць пераклад літаратара Сяргея Балахонава.

Праца над «Чароўным трусікам» пачнецца ўжо на наступным тыдні.

***

У праекце «Тузін. Перазагрузка» інтэрнэт‑парталу «Тузін Гітоў» і грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі» бяруць удзел 12 самых цікавых айчынных небеларускамоўных выканаўцаў розных стыляў, якіх лучыць арыгінальнасьць матэрыялу, прафэсыйнасьць у музычным падыходзе і жаданьне эксперымэнтаваць. Кожны зь іх перазапіша адзін з сваіх гітоў у беларускамоўным варыянце, выкананым прафэсыйным перакладчыкам. Усе песьні будуць прэзэнтаваныя на старонках Тузін Гітоў і Будзьма

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0