Зварот 203‑х людзей навукі, культуры і бізнэсу, падтрыманых студэнтамі, да Аляксандра Лукашэнкі.

Спрэчны — звяртаюцца да чалавека, які да моўнага завалу прыклаўся; і драматычны — ідзе ад сэрца — зварот Аляксандру Лукашэнку, Барысу Батуру, Уладзіміру Андрэйчанку і Сяргею Сідорскаму накіравала ініцыятыўная група грамадзянаў.

«На пачатку 2009 году ЮНЕСКА аднесла мову беларусаў да моў, якія апынуліся пад пагрозай поўнага знікнення, — так зачынаецца зварот. — Таму мы з трывогай у сэрцы звяртаемся да кожнага беларуса: «Шаноўны, што ты можаш зрабіць, каб жыла і развівалася ў кожнай сям’і і ў роднай краіне дзяржаўная беларуская мова?» Найперш мы звяртаемся да гаранта Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь; дазвольце, Аляксандр Рыгоравіч, паставіць перад Вамі пытанні».

Тон звароту прасіцельны: «Мы спадзяемся на Ваша разуменне і зацікаўленасць прадметам размовы. Мы спадзяемся, што Вы не дапусціце знікнення Беларусі з палітычнай карты свету, і адсюль пытанне:

ці не паставілі б Вы перад дзяржаўнымі службамі задачу распрацаваць больш годную нацыянальную палітыку?

Ці не маглі б Вы падаць асабісты прыклад — вярнуцца да практыкі ўжывання роднай мовы ў дні ўсенародных урачыстасцяў і ў дакладах па найбольш важных праблемах нацыянальнага жыцця?

Наша родная мова яшчэ не згублена, бо захоўваюцца яе карані ў народзе, яшчэ жывая, так бы мовіць, грыбніца, гатовая прыняць шчыры клопат і ласку ад дзяржавы, каб адрадзіцца, ачысціцца і пайсці ў рост. Але ж, не сакрэт, шмат хто баіцца размаўляць на роднай мове, асабліва ў дзяржаўных структурах, таму:

ці не знялі б Вы ганебнае таўро ненадзейнага чалавека, альбо яшчэ горш «апазіцыянера» з тых грамадзян, якія ведаюць беларускую мову і з задавальненнем карысталіся б ёю, калі б не баяліся, што іх залічаць у ворагі афіцыйнага курсу?

У гэтай жа сувязі:

ці не паставілі б Вы перад дыпламатычным корпусам і супрацоўнікамі афіцыйных сродкаў масавай інфармацыі задачу: выглядаць больш карэктна і весці размову па‑беларуску … ?

ўтары звароту просяць палаты нацыянальнага сходу весці заканатворчую дзейнасць на беларускай мове. «І яшчэ, калі пойдзе на добры лад: ці не палічылі б Вы за свой гонар прыняць дапаўненне да Закона аб дзяржаўнай службе, унёсшы ў яго патрабаванне, каб усе дзяржаўныя служачыя ведалі абедзве дзяржаўныя мовы, як гэта мае месца ва ўсіх краінах».

У частцы звароту, скіраванай не да Лукашэнкі, а да ягоных падначаленых, тон становіцца вастрэйшы: «Сяргей Сяргеевіч [Сідорскі], пагадзіцеся, што ацэнка экспертамі ЮНЕСКА стану нашай мовы з’яўляецца прысудам ураду і кіруючым ўладам краіны на розных узроўнях. То ці не наспеў час прыняць стратэгічна важныя для краіны і нацыі рашэнні аб сістэмнай беларускамоўнай адукацыі і пераўтварэнні ў бліжэйшы час пакуль хоць аднаго з універсітэтаў у нацыянальны па духу і мове навучання альбо адкрыцці новага паўнавартаснага беларускага універсітэту? Вам, напэўна, вядома, што кіраўнікі Мінадукацыі не бачаць неабходнасці ў сістэмнай беларускамоўнай асвеце. … Такі ход падзей задавальняе міністэрскіх касмапалітаў і русіфікатараў, пры якіх, дарэчы, моцна ўпаў прэстыж запалоханага, загнанага безліччу справаздачных папер настаўніка; але ж беларускаму ўраду ў падобным выпадку зробіць гонар іншая, па‑сапраўднаму нацыянальная палітыка.

Як на нашу думку, наспеў час вярнуць значна скарочаныя гадзіны на выкладанне беларускай гісторыі, мовы і літаратуры, аднавіць практыку большага матэрыяльнага заахвочвання настаўнікаў роднай мовы і літаратуры».

У звароце называецца «трагікамічным» «становішча, калі адзін з высокіх чыноўнікаў супакойвае грамадзян такім чынам: «Не бойцеся, беларуская мова не знікне, бо мы заўважылі тэндэнцыю. Чым больш прыціскаем, тым больш жадаючых вучыцца па‑беларуску!»

Шмат у звароце і пустых клішэ: «І ёсць нямала прыкладаў, калі разам з мовай знікае нацыя і дзяржава». Аднак жа, аўтары наўрад ці дадуць хоць адзін прыклад, калі спачатку знікла мова, а пасля — дзяржава і тым больш — нацыя. Або: «Беларусь з’яўляецца адзінай у свеце краінай, якая не мае вышэйшай адукацыі на мове тытульнай нацыі», — аўтары звароту не ведаюць прыкладаў за межамі Цэнтральнай Еўропы. Так, у нашай частцы Еўропы — няма, а вось на землях амерыканскіх індзейцаў — спрэс.

Ёсць і двухсэнсоўныя расшаркванні: «Прыняты ў 2008 годзе Закон «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» засведчыў пра клопат некаторых уладных устаноў аб функцыянаванні роднай мовы, але ён будзе нічога не варты, калі дзяржава і ўсе грамадзяне не спыняць працэс свядомай дэбеларусізацыі жыцця».

Аўтары звароту мяркуюць: «Ад рашэння пазначаных тут пытанняў … выйгралі б усе … і выйграў бы кіраўнік незалежнай краіны, з прыходам якога да ўлады па нейкім дзіўным непаразуменні пачаўся новы этап дыскрымінацыі беларускай мовы, багаты склад якой, годнасць і прыгажосць прызнаны далёка ў свеце.

На нашай … зямлі адвыклі ад клопату пра свае нацыянальныя каштоўнасці … — на тое былі пэўныя і зусім няпростыя гістарычныя прычыны, — народ сам сабе не належаў. Але ж цяпер дазвольце спадзявацца, што наш Зварот знойдзе водгук у вашых сэрцах і душах».

Як бы ні спрэчны нам быў тэкст звароту, але пісаўся і падпісваўся ён яўна ад сэрца. Звярнула ўвагу, як многа падпісала яго людзей з акадэмічных колаў і дзяржаўных выданняў, ніяк не звязаных з незалежным грамадствам. Мова з’яднала. Масавасць жа звароту надалі шматлікія подпісы студэнтаў. Гэта пры тым што тэкст перад апублікаваннем цыркуляваў толькі ў вузкіх сталічных асяродках. У Рэдакцыі «НН» яго да публікацыі не бачылі.

Тэкст падпісалі:

Пятро Нікіценка, эканаміст, акадэмік НАН Беларусі, Іван Гайшун, матэматык, акадэмік НАН Беларусі, Яўген Бабосаў, філосаф, акадэмік НАН Беларусі, Радзім Гарэцкі, геолаг, акадэмік НАН Беларусі, Генадзь Лыч, эканаміст, акадэмік НАН Беларусі, Аляксандр Вайтовіч, фізік, акадэмік, экс‑прэзідэнт НАН, экс‑старшыня савету рэспублікі, Міхаіл Касцюк, акадэмік НАН Беларусі, Міхаіл Дрынеўскі, Народны артыст Беларусі, кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага Народнага хору імя І.Цітовіча, прафесар, Леанід Яўменаў, доктар філасофскіх навук, член‑карэспандэнт НАН Беларусі, Міхаіл Казінец, Народны артыст Беларусі, прафесар, Валянціна Гаявая, Народная артыстка Беларусі, Аляксандр Булыка, член‑карэспандэнт НАН Беларусі, прафесар у галіне мовазнаўства, Міхась Мушынскі, член‑карэспандэнт НАН Беларусі, прафесар, Уладзімір Шакуцін, старшыня праўлення Беларускага грамадскага аб’яднання былых вязняў фашызму «Лёс», Георгій Штыхаў, доктар гістарычных навук, прафесар, Мікалай Крукоўскі, доктар філасофскіх навук, прафесар, Захар Шыбека, доктар гістарычных навук, Васіль Бернік, доктар фізіка‑матэматычных навук, прафесар, Сцяпан Лаўшук, доктар філалагічных навук, член‑карэспандэнт НАН, прафесар, Уладзімір Гніламёдаў, пісьменнік, доктар філалагічных навук, акадэмік, Леў Гумілеўскі, Народны мастак Беларусі, скульптар, Васіль Шаранговіч, Народны мастак Беларусі, прафесар, Віктар Скорабагатаў, мастацкі кіраўнік творчага калектыву «Беларуская Капэла», Уладзімір Конан, доктар філасофскіх навук, Арлен Кашкурэвіч, Народны мастак Беларусі, Уладзімір Стальмашонак,Народны мастак Беларусі, Леанід Шчамялёў, Народны мастак Беларусі, Зінаіда Бандарэнка, Народная артыстка Беларусі, Рыгор Барадулін, Народны паэт Беларусі, Ядвіга Грыгаровіч, доктарка педагагічных навук, прафесарка, Міхась Міцкевіч, доктар тэхнічных навук, Эдуард Збароўскі, доктар медыцынскіх навук, прафесар, Арсень Ліс, доктар філалагічных навук, Уладзімір Гілеп, былы намеснік міністра культуры, Васіль Коўшар, аграном, кандыдат сельскагаспадарчых навук, Генадзь Бураўкін, паэт, дыпламат, Валеры Мазынскі, тэатральны дзеяч, рэжысёр, Васіль Якавенка, пісьменнік, Анатоль Казлоў, пісьменнік, Раіса Баравікова, пісьменніца, Алег Трусаў, старшыня Таварыства беларускай мовы, Таццяна Кім, інжынер, Віталь Міклашэўскі, інжынер, Мікола Бамбіза, эканаміст, Міхаіл Малько, фізік, Мікалай Савіцкі, прафесар інфарматыкі, Аляксей Рагуля, прафесар культуралогіі, Яўген Сахута, доктар мастацтвазнаўства, прафесар, Станіслаў Лісоўскі, інжынер, Надзея Малаковіч, настаўніца, Уладзімір Якімовіч, вадзіцель, Аляксей Фралоў, музыкант, Аляксандра Руская, выхавацелька дзіцячага саду, Яраслаў Мальдзіс, дызайнер, Ілья Копыл, пенсіянер, Лета Юстыновіч, пенсіянерка, Сафія Дземідовіч, бібліятэкарка, Іван Макавецкі, кандыдат тэхнічных навук, Ала Крыцкая, доктарка‑стаматолаг, Ларыса Шаўчэнка, інжынер, Уладзімір Джэйгалс, інжынер, Сяргей Занкевіч, бухгалтар, Надзея Мініна, студэнтка, Уладзімір Азёма, інжынер, Васіль Касінец, афіцэр запасу, Алег Шагулін, радыёінжынер, Яўген Рамяніца, студэнт, Ян Квяцінскі, студэнт, Ганна Вус, студэнтка, Марына Шацінская, студэнтка, Яўген Ганязоўскі, студэнт, Віктар Сянько, рабочы, Павал Севярынец,сустаршыня аргкамітэту Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, Юрый Карэтнікаў, лідэр ініцыятывы Правы альянс, Сяргей Салаш, грамадскі лідэр з Барысава, Антон Астаповіч, старшыня Таварыства аховы помнікаў, Людміла Карэтнікава, інжынер НВА «Інтэграл», Андрэй Паротнікаў, юрыст, Ягор Купа, студэнт, Дзмітрый Міцкевіч, студэнт, Алесь Шарафановіч, інжынер, Ігар Чапіга, студэнт, Кастусь Краўчанка, чыгуначнік, Наталля Апаровіч, студэнтка, Сяргей Марцулевіч, студэнт, Таццяна Кузьміч, студэнтка, Аляксандр Кундра, студэнт, Алена Кузьміч, студэнтка, Юрый Акінчыц, службовец, Алена Гайко, студэнтка, Ірына Фурман, студэнтка, Юрый Макарэвіч, студэнт, Ірына Уласавец, студэнтка, Вольга Дуброўка, студэнтка, Наталля Урбан, студэнтка, Вольга Уласавец, цырульніца, Андрэй Беліч, студэнт, Ірына Лысова, студэнтка, Святлана Кударэнка, студэнтка, Іна Казлоўская, студэнтка, Вольга Ясюкевіч, студэнтка, Ірына Гудойць, студэнтка, Вераніка Навіцкая, студэнтка, Юлія Мазай, студэнтка, Віктар Казлоў, электразваршчык, Юрый Губарэвіч, намеснік старшыні Руху за Свабоду, Ларыса Сімаковіч, кампазітарка, Валянціна Лемцюгова, доктар філалагічных навук, прафесарка, Алег Залётнеў, кампазітар, Алесь Лозка, старшыня Таварыства беларускай школы, Аляксандр Талстыка, прадпрымальнік, Аляксандр Макаеў, прадпрымальнік, Ігар Свіркоў, начальнік цэху, Эдуард Сарока, доктар філасофскіх навук, Святлана Снапкоўская, доктарка гістарычных навук, прафесарка, Георгій Латушка, протаіерэй, настаяцель Свята‑Пятра‑Паўлаўскага сабору ў Мінску, Сергій Гардун, протаіерэй, дацэнт Мінскай духоўнай акадэміі, Леанід Левін, архітэктар, Заслужаны архітэктар Беларусі, Ірына Бохан, юрыстка, Галіна Дзягілева, артыстка, Дзмітры Бабіцкі, эканаміст, Алег Гаеўскі, інжынер‑электронік, Павал Біч, кандыдат тэхнічных навук, Уладзіслаў Абухоўскі, геадэзіст ды іншыя — усяго 203 подпісы.

Кантакты: (029) 776‑77‑13, yakavenka@list.ru — Васіль Якавенка