— У нас выклікае пэўнае здзіўленне, што спадарыня прызначаны пасол, некалькі разоў наведваючы Вільню, Варшаву і яшчэ нейкія краіны, робіць пэўныя заявы, у той жа час нашы партнёры не даюць да канца дакладнага адказу адносна таго, у якім статусе спадарыня пасол мае намер прыбыць у Беларусь. Кажуць толькі аб жаданні ўсталяваць прамыя кантакты на афіцыйным узроўні, — сказаў Макей.

Паводле яго слоў, беларускі бок зацікаўлены ў аднаўленні прамых кантактаў.

— Мы гатовыя прыняць амерыканскага пасла ў любы час, але мы хочам мець выразную і зразумелую перспектыву нашага далейшага ўзаемадзеяння па ўсіх напрамках з нашымі амерыканскімі партнёрамі. Мы зацікаўлены ў нармальных раўнапраўных адносінах з ЗША ва ўсіх сферах і абласцях.

Але мы не прымаем пэўныя метады спробы аказаць ціск на Беларусь, усё роўна, ад каго б яны ні зыходзілі, і тут падзеі апошніх дзён сапраўды прымушаюць яшчэ раз паўторна прааналізаваць стан нашых адносін з гэтай найбуйнейшай дзяржавай свету і паглядзець, што і хто стаіць за спробай арганізацыі дзяржаўнага перавароту ў Беларусі, як пра гэта было сказана па лініі спецслужбаў.

Ён адзначыў, што МЗС адпаведным чынам адрэагуе на сітуацыю.

— Але паўтаруся яшчэ раз: мы хацелі б старанна вывучыць усе аспекты для таго, каб аргументавана і ўзважана даць адпаведную ацэнку. Зразумела, для таго, каб прыехаць у Беларусь, любому грамадзяніну патрабуецца віза. Таму мы хацелі б мець поўную яснасць, у якім статусе спадарыня прызначаны пасол мае намер працаваць у Беларусі,

калі яна збіраецца прыехаць і рабіць заявы аб нелегітымнасці рэжыму, то які сэнс тады рабіць гэта.

Я думаю, што ў такім выпадку яна будзе сядзець у пасольстве і нічога не рабіць і не зможа эфектыўна працаваць, у тым ліку і па ўсталяванні прамых кантактаў паміж структурамі Беларусі і ЗША, — сказаў міністр.

***

16 красавіка ў інтэрв'ю Нацыянальнаму грамадскаму радыё ЗША, адказваючы на пытанне, калі яна ляціць у Менск, Джулі Фішэр заявіла, што ў яе няма візы.

— З Новага года я спадзявалася прыбыць у Мінск. Я была зацверджана на пасаду Сенатам ЗША ў канцы снежня. Але да гэтага часу не ўдалося прыехаць у Мінск. ЗША са свайго боку гатовыя. Я была гатовая, і мы чакаем ад беларускага боку адпаведных дзеянняў, — сказала Фішэр.

19 красавіка Джулі Фішэр на сустрэчы са Святланай Ціханоўскай у Вільні заявіла, што ЗША аднаўляюць санкцыі супраць «Белнафтахіма» і яшчэ 8 беларускіх дзяржпрадпрыемстваў.