Упакоўка мукі з цвыркуноў. Фота pixabay.com

У краінах Захаду, у тым ліку і Беларусі, насякомыя — не самая папулярная ежа, але на самой справе чалавецтва ведае гэты прадукт ужо тысячагоддзі. У краінах Азіі, Паўднёвай Амерыцы і Афрыцы спажываюць каля дзвюх тысяч відаў насякомых. Але, згодна з даследаваннем Еўрапейскай арганізацыі спажыўцоў, толькі 10% еўрапейцаў згодныя замяніць імі мяса, піша ВВС.

Пры гэтым насякомыя — прадукт вялікай харчовай вартасці, і нават іх маленькая порцыя змяшчае ў сябе велізарную колькасць карысных рэчываў. Развядзенне насякомых у сельскай гаспадарцы магло б дапамагчы ў змаганні з важнымі сусветнымі праблемамі — недахопам ежы і кліматычным крызісам.

Культываванне насякомых патрабуе менш зямлі, энергіі і вады, чым традыцыйная гаспадарка, і выклікае значна меншыя ў параўнанні з ёй выкіды вуглякіслага газу ў атмасферу. Напрыклад, цвыркуны вырабляюць прыкладна на 80% менш метану, чым каровы, і ў 8—12 разоў менш аміяку, чым свінні. Метан — гэта моцнадзейны парніковы газ, які за 20-гадовы перыяд уплывае на глабальнае пацяпленне ў 84 разы мацней, чым вуглякіслы газ. Аміяк, у сваю чаргу, выклікае акісленне глебаў, забруджванне грунтавых водаў і разбурэнне экасістэм.

Развядзенне насякомых мае і іншыя бонусы. Напрыклад, падчас яго змяншаецца памер адкідаў у параўнанні са звычайнай гаспадаркай, бо, у адрозненне ад мяса, частка якога губляецца пры вырабе прадукту, насякомае звычайна з’ядаюць цалкам. А яшчэ развядзенне насякомых — вельмі хуткая з’ява. Каб выгадаваць парася ці цяля, трэба доўгія месяцы, а насякомыя вырастаюць за пару дзён і могуць даваць тысячы нашчадкаў.

Стаўленне людзей да гэтага прадукту таксама змяняецца. Па прагнозах, да 2027 года памер рынку насякомых, прыдатных да ежы, дасягне 4,63 мільярда даляраў, і еўрапейскія кампаніі ўжо інвестуюць у такі прадукт.

Адна з ідэй наконт таго, як лепей прэзентаваць прыдатных да ежы насякомых еўрапейцам, гучыць так: трэба малоць насякомых да стану мукі і дадаваць іх у іншыя прадукты. Гэта зробіць звыклую нам ежу больш разнастайнай.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?