Найцікавейшы перформанс зладзіў у Маскве віцэ-міністр Савельеў, перформанс правялі мытнікі. А што магла зрабіць апазіцыя? Піша Уладзімір Падгол.

Малочная вайна скончылася. Бакі падлічваюць страты і трафеі.

Аналітыкі традыцыйна спрабуюць выдойваць з фактаў высновы, выяўляць пераможцаў. Я ж хачу паразмаўляць пра тое, якую ролю адыгралі ў вайне актывісты апазіцыі і чыноўнікі. Бо наперадзе выбары прэзідэнта. І там кожны бок будзе ставіць свой спектакль.

У аўторак у Маскве намеснік міністра сельскай гаспадаркі Беларусі Міхаіл Савельеў зладзіў перфоманс.

Ён на знак пратэсту супроць заявы Анішчанкі аб нелегітымнасці беларускай дэлегацыі на перамовах і нежаданне маскоўскага чыноўніка размаўляць з беларускімі падышоў да будынка Расспажыўнагляду і паклаў на ганак дакументы аб паўнамоцтвах сваёй дэлегацыі. Паклаў так, як быццам ляснуў казырнай картай.

Гэта быў жэст адчаю, крык душы, бо Савельеў з‑за байкоту Анішчанкі правальваў заданне малочнай партыі свайго міністэрства. Я ля свайго тэлевізара зладзіў чыноўніку апладысменты.

Назаўтра перформанс зладзілі беларускія мытнікі. Яны сталі на мяжы з Расіяй і, не маючы там ніякага абсталявання, прадэманстравалі намер усталяваць чаргу з машын ад мяжы да Масквы. План гэтага перфомансу быў задуманы Лукашэнкам даўно: «Не мы, а Россия ввела таможенную границу между нашими странами. А если мы введем? Что, выстроим в очередь все автомобили от Смоленска до Москвы?» (БТ 14.01.2007)

Перформанс Савельева, які паказала БТ, быў для чыноўніка звышкрэатыўным. Цікава, ці быў яго сцэнар зацвержаны міністрам Шапіра. Калі не, то мы ўбачылі новую палітычную зорку, мажлівага кандыдата ў прэзідэнты пад час палацавага перавароту.

А што магла зрабіць апазіцыя ды і ці мог больш крэатыўны перфоманс зладзіць міністр сельскай гаспадаркі?

Так. Гэткай акцыяй магла стаць карова. Дакладней яе даенне. Уявіце сабе, што да амбасады Расіі падвялі карову, падаілі яе і вядро паставілі да брамы амбасады, а на вядры папера з надпісам малако для Анішчанкі на экспертызу. На жывёле можна было таксама прымацаваць плакат: «Крамлёўская карова».

Адначасова карову з плакатам «малако для Пуціна» можна было б падвесці і падаіць ля ганка Расспажыўнагляду ў Маскве.

Гэту акцыю маглі б правесці сумесна актывісты апазіцыі і міністр сельскай гаспадаркі. Адны — у Маскве, другія — у Мінску.

Больш надзейна было б прыкаціць на Красную плошчу некалькі вазоў малакапрадуктаў. Уявіце, якая рэклама! Телекамеры з усяго свету здымалі б гэты адмысловы наступ беларусаў. На вазах маладыя хлопцы і дзяўчаты з бел-чырвонымі майкамі ды блакітнымі еўрасцягамі з зорачкамі. На спінах надпісы: БНФ, Еўравыбар.

І давалі б жадаючым пакаштаваць тваражку ды смятаны. Прычым пад велічэзным плакатам з надпісам кшталту: «Брацкім народам Расіі ад шчырых беларускіх сэрцаў!». Ці, думаеце, слова «сэрцаў» лепш замяніць на «вымяў»?

Усё! Капцы вялікай саюзнай інтэграцыйнай палітыцы. БНФ захапіў «Красную плошчу». Пад сценамі Крамля — беларусы-еўраінтэгратары.

Уявіце Лявона Баршчэўскага са сваёй барадой на возе і пакункамі малака ў руце, побач карова — ну тыповы заможны селянін!

Cвой! Да яшчэ на ўсіх трыццаці мовах, якімі цудоўна валодау, раздае інтэрвію журналістам.

А лейцы трымае, каня панукае, ды пугай махае Мікола Статкевіч.
Побач з возам бягуць нашы хлопцы, апранутыя ў цывільныя строі, толькі з шыльдамі на спіне, як у хакеістаў, там прозвішчы: Кудрын, Мядзьведзеў, Пуцін. А Мікола іх пугай с посвістам частуе ды пакрыквае: «Вось вам, паслугачы алігархаў! Вось вам — ворагі беларускага народа!»

Хутчэй за ўсё, абодвух пасадзілі б на суткі за распальванне міжнацыянальнай варажнечы. Але ж якая реклама патрыятызму палітыкаў для выбаршчыкаў!? Гэта ж магла б адбыцца мяса-малочная рэвалюцыя ў мазгах беларусаў! Антыкрамлёўскі мазгатрус! Праеўрапейскі цыклон! І тады замест саўгаснага брыгадзіра народ бы ўпадабаў-палюбіў паліглота-патрыёта ды ваяра-змагара.

Але карову так публічна і не падаілі, колы не падкацілі, малаком не пачаставалі, плакатаў не паказалі, рэйтынгу не прыдбалі, а так шкада!

Скажаце: а хто б дазволіў? А, нават, калі б і ніхто, то сам факт хады да амбасады Расіі з каровай беларускай пароды, і яе «арышт», «затрыманне», як аршыт і затрыманне «Кудрына», «Мядзьведзева», «Пуціна» стаў бы найцікавейшай інфармацыйнай падзеяй. А пасля гэтага карову, але толькі намаляваную ў поўны рост на картоне, можна было б панесці да амбасады і там імітаваць даенне каровы з плаката… А замест воза можна было на насілках паднесці малако і кефір у скрыначках.

З боку актывістаў апазіцыі пад час малочнай вайны не было ніводнага руху, нават ніхто выразна не прамычаў, ні мыкнуў. Толькі жавалі сваю нікому не цікавую паліталагічную жуйку.

Калі і надалей будзе такая актыўнасць з боку лідэраў апазцыі падчас канфліктаў, за якімі сочаць шмат выбаршчыкаў, то лепей пайсці не кандыдатам ў прэзідэнты, а пасвіць кароў, ці традыцыйна — стада рахманых аднапартыйцаў.

У чарговы раз палітычная карова засталася непадоенай тымі, хто імкнецца ў лідэры нацыі. А шанец быў унікальны, бо галоўнакамандуючы ў разгар малочнай вайны, дрыжэў у сваёй рэзідэнцыі, як Сталін у 1941‑м пасля нападу гітлераўцаў.

Чым жа даражэнькія збіраецеся карміць выбаршчыкаў? Якім палітычным харчам? Чым думаеце прывабліваць народ да сваіх эўра канцэпцыяў? Балбатнёй? Тэкстамі на газэтных палосах у стыле ЦК КПСС, ад якіх на ваніты цягне?

Мне могуць запярэчыць, што пад час малочнай вайны некалькі палітычных мужоў правялі прэс-канфэрэнцыю і заявілі, што толькі адстаўка Лукашэнкі можа выратаваць Беларусь.

Але ж гэта палітычны постмадэрнізм старадаўняга пэрфоманса, як хлопчык, што пасвіў авец, раз-пораз клікаў людзей: «Ваўкі! Ваўкі!» Людзі дарэмна бегалі бараніць жывёл, а калі сапраўды напалі ваўкі, ніхто не паверыў хлопчыку. Так і нашы палітычныя мужы.

Нягледзячы на былыя пасады і дасягненні ў розных галінах, засталіся палітычнымі хлопчыкамі і гуляюць ужо больш дзясятка гадоў у гэты перфоманс, і людзі ім ужо не вераць. Бо чакаюць людзі не палохалаў на пару з касандрамі, а палітычных дзеячоў ды ваяроў.

У суботу адбудуцца сходы сябраў БНФ і еўрапрыхільнікаў, што называюць сябе сілай. Ці пагаманяць партыйцы сур’ёзна аб метадах барацьбы за пасаду прэзідэнта? Покуль бачна, што іх не бачна на палітычным полі. Ідзе падрыхтоўка іншага перфомансу.

Яго сцэнар выглядае як у класічным анекдоце:

«Па лясной дарозе тупоча статак монстраў. Пыл ахутаў усё да вяршалін дрэў. Зверы ў жаху разбегліся, пазашываліся ў норы. Стада спынілася і з пылу даляцеў пагрозлівы, ганарлівы голас: «Ну, ці не коні мы?!» У адказ: «Коні! Коні! А ты, наш лідэр — Зубр!» Пыл асеў, а на дарозе стаяць вожыкі».

А яны, як вядома могуць лавіць мышэй, нават укалоць, калі яго схопяць, а вось паваліць сур’ёзнага палітычнага звера — ніколі.

Дацэнт кандыдат філасофскіх навук, Кіраўнік аналітычнага цэнтра «Інфарамцыйныя і сацыяльныя інавацыі» Уладзімір Падгол

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0