Аліна Шэлег (Салігорск): «Уключаеш беларускае тэлебачанне — і хочацца адразу выключыць»

 

— Спачатку я думала паступаць на факультэт міжнародных адносін, але паўгода таму вырашыла ўсё ж ісці на журфак. Бацькі мой выбар ухвалілі, бо падтрымліваюць ва ўсім. Тым больш маці некалі таксама хацела быць журналісткай.

Увесь вольны час баўлю за праглядам розных інтэрв’ю — мне падабаецца аўдыявізуальная журналістыка, пісаць я люблю не асабліва.

Рыхтуюся да паступлення я сама: да рэпетытараў не хаджу, у нас вельмі добрыя настаўнікі ў школе. Плюс я чытаю зборнікі падрыхтоўкі да ЦТ.

Такіх СМІ, дзе б прам хацелася праходзіць практыку і працаваць, у Беларусі няма. Магчыма, толькі Tut.by — адзін з самых жывых і прыемных воку сайтаў. А яшчэ ў іх класны інстаграм. Беларускае тэлебачанне дакладна пакідае чакаць лепшага нават не ў плане палітычнай абстаноўкі, а проста ўсё там выглядае неяк непрэзентабельна. Якасць найжахлівейшая. Уключаеш канал — і хочацца яго адразу выключыць: знешняя карцінка і музычнае суправаджэнне, крэатыў — ніякія. А чаго вартыя перадачы ў стылі Азаронка!

Гэта жахліва, да такога я стаўлюся адмоўна і лічу, што журналістыка павінна паказваць праўду з усіх бакоў. Думаю, калі б змянілася кіраўніцтва медыя (гэта тычыцца і іншых СМІ), туды набралі каманду маладых творчых людзей, далі ім поўную свабоду, то ўсё магло б выглядзець крута, а не так, нібыта мы дагэтуль у СССР.

Яшчэ мне ў СМІ не хапае беларускай мовы.

Я лічу, што трэба больш укараняць яе і ў газеты-сайты, і на тэлебачанне. Смешна назіраць, калі на БТ часам бяруць інтэрв’ю ў кагосьці беларускамоўнага і субцітрамі даюць рускую мову. Як можна перакладаць з беларускай беларусам, нібыта гэта чужая мова?

За кім з беларускіх журналістаў сачу? Больш за ўсё падабаецца Мікіта Мелказёраў і яго «Жыццё-маліна»  на ютубе. Гэта ў стылі Дудзя, але сам па сабе Мікіта — добры інтэрв’юер, ён робіць якасны кантэнт. Я б і сама хацела рабіць нешта такое, але ў межах сучаснага тэлебачання, напрыклад.

Мне нястрашна ісці ў журналістыку: як кажуць, хто не рызыкуе — той не п’е шампанскае. Спадзяюся, за чатыры гады майго навучання на факультэце нешта зменіцца, і журналістаў, якія асвятляюць рэальныя падзеі, тое, што адбываюцца ў краіне, не будуць затрымліваць і здзекавацца з іх.

Ірына Сліжэўская (Маладзечна): «Бянтэжыць, што не магу ў поўнай меры выказваць свае думкі»

 

— Стаць журналістам я хацела з самага дзяцінства. Калі больш дакладна, то спачатку марыла быць пісьменніцай, а ўжо недзе ў 12 год — журналісткай. Пра існаванне журфака ведаю прыблізна з таго ж моманту і паставіла сабе мэту апынуцца там.

Бацькі з дзяцінства казалі мне, што прафесія журналіста вельмі шляхетная, і каб працаваць у гэтай сферы, трэба быць вельмі начытанай і цікавай асобай. Я люблю кнігі і ўпіваюся імі з малых гадоў.

Ідэальна было б патрапіць на аўдыявіз: гэта найбольш блізкая мне спецыяльнасць.

Я вельмі актыўная, амбіцыйная і творчая персона, таму пасля ідэальна было б праходзіць практыку на канале АНТ. А калі казаць пра друкаваныя выданні, то пакуль мне імпануе газета «Пераходны ўзрост». Яшчэ падабаецца часопіс «Бярозка»: ён прыцягвае візуальна, змястоўны і карысны па напаўненні.

Яшчэ я абсалютны рамантык, і тое, што цяпер адбываецца ў нашай краіне, зусім мяне не натхняе. Я не хачу лезці ў палітыку, таму што не лічу, што цяпер у гэтым ёсць нейкі сэнс. Але мяне бянтэжыць, што праз усю гэтую нестабільнасць я не магу ў поўнай меры выказваць свае думкі.

Журналістыка — сфера, якую можна ўдасканальваць бясконца. Нават патрэбна! Час ідзе, змяняюцца пакаленні, а разам з імі ў свет прыходзяць новыя пытанні, праблемы, думкі, ідэі. Я лічу, што журналісты — гэта рухавікі краіны. Для некаторых тое, што напісана ў газеце — гэта жалезабетонная праўда, таму быць журналістам вельмі адказна: словам можна і параніць, і натхніць. Я гэтую адказнасць асэнсоўваю.

Дар’я Бука (Глыбокае): «Не баюся трапіць у поле ў сённяшніх умовах»

— На журфак я вырашыла паступаць у 10-м класе. Неяк само сабой выйшла, што пачала ў сацыяльных сетках сачыць за людзьмі, якія вучацца на журфаку, і натхнілася. У прынцыпе, я заўсёды ведала, што абяру сабе прафесію, неяк звязаную з творчасцю.

Думаю, ісці на спецыяльнасць інфармацыя і камунікацыя, але калі не атрымаецца, то паспрабую вэб-журналістыку.

Цяпер я наведваю рэпетытараў. А яшчэ збіраю партфоліа: пішу артыкулы ў раённую газету і на розныя інтэрнэт-парталы.

Сачу я за беларускімі навінавымі блогерамі — напрыклад, за Максімам Пушкіным. Ён актыўна расказвае навіны, якія адбываюцца ў нашай сталіцы і краіне ў цэлым. Але я паважаю абсалютна кожнага, хто не баіцца займацца ў Беларусі журналістыкай ва ўсіх яе фарбах.

Я ведаю пра тое, што адбываецца цяпер у беларускіх СМІ, і, вядома, мне ад гэтага зусім некамфортна. Спадзяюся, што ў будучыні ўсё гэта выйдзе на новы ўзровень: будзе сапраўдная свабода слова без пакаранняў за праўду і смеласць у выказваннях. Але сама не баюся трапіць у поле і ў сённяшніх умовах, інакш не ўвязялася б у такую «авантуру».

Марыя Карквеліс (Браслаў): «Рэфармаваць сістэму я вырашыла ўласнаруч»

Маё захапленне журналістыкай пачалося ў сёмым класе. Разам з бацькамі я глядзела нейкі спартовы матч і пачула, як «пыкае» дыктар. У яго каментаванні не было і мінімальнай уцягнутасці ў працэс. Гэта было проста жудасна. У той момант я зразумела, што патрэбна нешта мяняць у беларускіх СМІ. Можа, гэта гучыць саманадзейна, але рэфармаваць сістэму я вырашыла ўласнаруч.

Варыянтаў будучай прафесіі ў мяне было вельмі шмат, але я вярнулася да спрадвечнага — журналіст. Я зразумела, што хачу дапамагаць людзям, даносячы да іх розную інфармацыю. У інфармацыйным грамадстве гэта асноўны рэсурс усіх сфер жыцця. У бацькоў ад майго выбару ў вачах радасць не іскрыцца, але яны імкнуцца падтрымліваць усе мае рашэнні па жыцці.

Для сябе я разглядаю ўсе спецыяльнасці, бо на факультэце абвясцілі агульны набор, але аддаю перавагу міжнароднай журналістыцы.

Да ЦТ рыхтуюся з рэпетытарамі, а да ўступных экзаменаў ва ўніверсітэт — самастойна. Імкнуся ўлічваць досвед мінулых гадоў: людзі, што паступаюць на факультэт журналістыкі, вельмі камунікабельныя, так што ў дапамозе абітурыентам яны не адмаўляюць. Існуе вялікая колькасць груп у сацыяльных сетках, дзе сарамлівым адзінаццацікласнікам усё патлумачаць і дапамогуць парадамі.

Я б хацела працаваць у СМІ, якое піша пра культуру. Напрыклад, у газеце «Літаратура і матацтва». У Беларусі вельмі шмат таленавітых людзей, якія працуюць у сферы культуры, але пра іх мала каму вядома, таму мяне цягне ў гэтую сферу.

Што тычыцца журналістаў, за якімі я сачу, то мне вельмі імпануе Кацярына Барысевіч, якую, на жаль, арыштавалі. Даведалася я пра гэтага чалавека пасля падзей жніўня 2020 года: яна праяўляла актыўную грамадзянскую пазіцыю.

Менавіта праз тое, што журналістыка цяпер такая напружаная, я і хачу працаваць у гэтай сферы. Мне некамфортна знаходзіцца ў такім становішчы, а гэта значыць, што сітуацыю трэба выпраўляць.

А наконт нейкіх ідэй для рэалізацыі — было б выдатна аднойчы запусціць трэвэл-шоу па беларускай глыбінцы. Можа, гэтым я і займуся ў будучыні.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?