Імаверна, нехта і ацэніць такую спробу захаваць аблічча. Але калі ў сухой рэшце, то хто выйграе, а хто прайграе ад гэтага рашэння? 

У Беларусі за 2020 год прадалося 3682 «Шкоды», гэта 3,7% ад аб'ёму гадавых продажаў «Шкоды» ў Расіі, адкуль да нас, уласна, і паступаюць машыны (і 0,45% ад агульнасусветнага аб'ёму продажаў «Шкоды»). Skoda Rapid збіраецца ў Калузе, Octavia — у Ніжнім Ноўгарадзе. Адказваючы на пазіцыю чэхаў і немцаў, забаранілі імпарт «саюзніка» — «ну такое». 

Рынак Беларусі малазаўважны для вялікай карпарацыі.

І прынцыповы момант у тым, што забарона продажаў стане не праблемай чэхаў, а праблемай беларусаў. Гэта яны будуць спрабаваць «вырашыць» сітуацыю. 

Сама «Шкода» ні з кім дамаўляцца не будзе, бо нічога тут не прадае — прадае беларускі бізнэс, імпарцёр «ФелОкт-сервіс» з дылерскай сеткай у абласных гарадах. 

Фота з сайта «Шкоды».

За кошт продажаў машын «Шкоды» выжываюць прадаўцы, менеджары, кладаўшчыкі, механікі сэрвісу і гэтак далей. За тысячу людзей, калі разам з сем'ямі. 

Уласнікі кампаніі цяпер у бязрадасным настроі. Відавочна, што на пабудову дылерскай сеткі яны бралі крэдыты, а як іх аддаваць, калі продажы машын стануць?

Застаецца невялікая імавернасць, што дзяржава прадумала эканамічную падтрымку для гэтых людзей пры прыняцці палітычнага рашэння, але досвед кавіднага года паказвае, што прыватнік можа не асабліва разлічваць. 

Атрымліваецца, улады абураюцца, што Захад санкцыямі губіць працоўныя месцы, а ў сухой рэшце вынік «контрсанкцый» выходзіць той жа самы. 

Але праглядаюцца тут наступствы і для шараговых купцоў машын — выглядае лагічным павышэнне цаны на «аднакласнікаў» забароненых машын праз звужэнне канкурэнцыі. 

Праўда пакуль невядома, ці ў рэальнасці сітуацыя такая страшная, якой выглядае ў загалоўках — фармулёвак самога дакумента яшчэ ніхто не бачыў, бо тэкст не публікаваўся. 

Відаць, імпарцёр будзе спадзявацца, што ў тэксце знойдуцца шчыліны і імпарт з Расіі застанецца магчымым. 

Што да «Шкоды» як брэнду, то ў сусветным маштабе ад беларускіх санкцый яны могуць нават выйграць.

Прыклад шведскай кампаніі H&M. Кампанію падверглі аналагічнаму астракізму ў Кітаі пасля таго, як яна звярнула ўвагу на правы ўйгураў. Кітайскі рынак у 275 разоў (па памеры ВУП) большы за беларускі, тым не менш, H&M кампенсавала страты за кошт росту продажаў на іншых рынках. Многія пасля гэтага сталі купляць H&M з перакананняў. Спажывец у дэмакратычных краінах усё больш схільны да Moral Purchasing, «выбару тавараў па перакананнях», маральнага выбару пры выбары тавараў.

У гэтым сэнсе, атака на «Шкоду» з боку рэжыму з адпаведнай рэпутацыяй можа падняць рэпутацыю гэтых брэндаў у вачах не толькі беларускай дыяспары, але і спажыўца на рынках нашмат большай ёмістасці, чым беларускі. У выпадку «Нівеа» ці «Лікві Молі» гэты «плюс прынцыповасці» можа быць яшчэ большым, чым у «Шкоды».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?