«Беларусам — воля, пацуку — падвал». Доктар з Бараўлян шчыра сказаў суддзі, што думае
Анестэзіёлага-рэаніматолага 1 ГКБ Святаслава Удота затрымалі 22 красавіка супрацоўнікі Бараўлянскага аддзялення міліцыі. Мужчыну абвінавачваюць у тым, што «22 красавіка каля 2:20 ночы на прыпынку Бараўляны-6 мужчына наклеіў аркуш А4 з надпісам «Беларусам — воля, пацуку — падвал».
У РАУСе на мужчыну склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП, расцаніўшы такое дзеянне як несанкцыянаваны пікет.
Справу Святаслава Удота разглядала суддзя Кацярына Новікава ў судзе Мінскага раёна 23 красавіка. На пытанне суддзі аб значэнні надпісу на лістоўцы мужчына сказаў, што трэба чытаць літаральна: «Беларусам — воля».
Даючы паказанні, Удот растлумачыў, што такім чынам хацеў выказаць сваю нязгоду з парушэннямі, якія апошнім часам адбываюцца ў краіне.
Дыялог з суддзёй:
— Чым пацукі правініліся перад Вамі?
— Пацукі даносяць.
— Якім чынам?
— Не даюць выказваць сваё меркаванне з адкрытым тварам.
— А якое меркаванне Вы хочаце выказаць?
— Якое меркаванне я хачу выказаць? Каб людзей не каралі за тое, што яны адкрыта выказваюць сваё меркаванне, каб іх не звальнялі з працы, каб іх не затрымлівалі.
Прысуд — 15 сутак.
У той жа дзень, калі адбыўся суд, міліцыя заявіла пра затрыманне падазраванага ў падпале трох «Табакерак» у Бараўлянах: 53-гадовы мясцовы жыхар, доктар адной з бальніц Мінска. Супраць яго завялі крымінальную справу па ч. 1 арт. 339 («Хуліганства»). Верагодна, гаворка вядзецца пра аднаго і таго ж чалавека, лічаць праваабаронцы.
Каментары