Мікалай Статкевіч. Фота Юліі Дарашкевіч

Мікалай Статкевіч. Фота Юліі Дарашкевіч

Па абранні Міколы Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты ад Кангрэсу еўрапейскага выбару палітык адказаў на пытанні «Нашай Нівы».

«Наша Ніва»: Якія ўражанні ад Кангрэсу? Ён абнадзеіў вас?

Мікола Статкевіч: Безумоўна. Кангрэс прадэманстраваў здольнасць «Еўрапейскай кааліцыі» выконваць пастаўленыя задачы. Мерапрыемства было арганізавана аператыўна і досыць якасна. Думаю, што ў залі было недзе 600 чалавек.

«НН»: Калі прынялі рашэнне аб сваім вылучэнні?

МС: Такое рашэнне было прынятае на Сойме БСДП «Народная грамада», які праходзіў 23 траўня. Мы не афішавалі тады гэтае рашэнне, чакалі Кангрэсу. Досыць нечакана я аказаўся адзіным кандыдатам ад «Еўрапейскай кааліцыі».

Цяпер вось адны віншуюць, іншыя спрачуваюць. Спадзяюся, што гэтае вылучэнне неяк застрахуе мяне ад турмы. Бо перад дзвюма папярэднімі прэзідэнцкімі кампаніямі на мяне заводзілі крымінальныя справы.

«НН»: Людзей хопіць, каб правесці паўнавартасную выбарчую кампанію?

МС: Думаю, што так. Кангрэс мог бы быць і больш шырокім, калі б улады далі іншую залу. У гэтай жа былі пэўныя квоты ад кожнай арганізацыі, і яны былі выкананыя.

«НН»: З якімі лозунгамі і абяцаннямі пойдзеце на выбары?

МС: Думаю, што для іх выпрацоўкі трэба будзе правесці яшчэ адзін Кангрэс. Плануем яго ў пачатку наступнага году ва Ўкраіне.

«НН»: Ці магчыма аб’яднанне з іншымі апазіцыйнымі кандыдатамі?

МС: Так, мы гатовыя да супрацоўніцтва. Пачакаем каго вылучаць Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы, можа яшчэ хто. Ёсць наша стратэгія, якая была прынятая Кангрэсам, і калі імаверны кандыдат згодзен з ёй, то мы гатовыя з ім працаваць.

Самае галоўнае, што я хачу зазначыць, кандыдат павінен быць гатовы абараняць сваю перамогу нават у выпадку небяспекі для ўласнага жыцця.

«НН»: А што наконт супрацоўніцтва з Аляксандрам Мілінкевічам?

МС: У Мілінкевіча быў шанец на мінулых выбарах. Ён не зусім добра ім скарыстаўся. У 2006 годзе ў яго была разгубленасць, няведанне, што рабіць. Не хочацца, каб гэта паўтарылася.

Я думаю, што Мілінкевіч мусіць знайсці сабе нейкую іншую функцыю.
Што да праектаў Руху за Свабоду, якія накіраваныя на падтрымку еўрапейскага выбару Беларусі, то мы гатовыя іх падтрымліваць. Я сам прыйду на форум, які рыхтуе на кастрычнік Аляксандр, калі ён будзе непалітычны.

«НН»: У 2010 годзе шанцы перамагчы ёсць?

МС:

Наша справа не лічыць шанцы, а змагацца.
Толькі нейкая дзейнасць знаходзіць водгук у людзей. Зарабляць сабе пазітыўны імідж. Калі нават шанцаў на перамогу няма, то нас усё адно не зразумеюць, калі мы не паспрабуем.

Гутарыў Зміцер Панкавец

* * *

Мікола Статкевіч нарадзіўся 12 жніўня 1956. Ён на два гады малодшы за Аляксандра Лукашэнку. Старшыня аргкамітэту Беларускай сацыял‑дэмакратычнай партыі «Народная Грамада». Адзін з стваральнікаў знакамітага на пачатку 90-х Беларускага згуртавання вайскоўцаў, якое дамагалася беларусізацыі войска, атрыманага ў спадчыну ад СССР.

У 1978 скончыў Мінскую вышэйшую інжынерную зенітна‑ракетную вучэльню СПА. Кандыдат тэхнічных навук, падпалкоўнік запасу. У 2005 быў асуджаны да двух гадоў абмежавання волі за падрыхтоўку і правядзенне вулічных акцый пратэсту супраць вынікаў рэферэндуму 2004. Пакаранне адбываў у Баранавічах і вёсцы Блонь (Пухавіцкі раён). Міжнароднай арганізацыяй Amnesty International прызнаны вязнем сумлення.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0