21 красавіка траіх жыхароў забралі ў РУУС за выкрыкі «Жыве Беларусь» з акон іх кватэр. У кватэрах 29-гадовай Яны Апасавай, 31-гадовага Аляксандра Анісько і 32-гадовага Алега Ляліка правялі ператрусы. На іх склалі пратаколы па арт. 24.23 КаАП.

Згодна з пратаколам, жыхароў Новай Баравой абвінавацілі ў тым, што яны «20 красавіка ў перыяд часу 21:00-21:03 наўмысна парушылі закон «Аб масавых мерапрыемствах», прыняўшы ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні, высунуўшыся з акна кватэры, выкрыкнулі лозунг «Жыве Беларусь».

Іх справы 23 красавіка разглядзела суддзя Кацярына Новікава ў судзе Мінскага раёна.

Алег і Аляксандр жывуць на другім паверсе, а Яна жыве на восьмым, але гэта не перашкодзіла сведку-міліцыянту ў цёмны час сутак разглядзець іх твар, пасля чаго апазнаць іх на судзе.

На судзе Алег і Яна сказалі, што ў той дзень чулі крыкі, але ўдзелу ў гэтым не прымалі. Аляксандр у гэты час наогул разам з жонкай купалі дзіця, а незадоўга да затрымання быў панятым пры ператрусе ў суседа па тамбуры.

Калі прыйшлі дадому да сям'і Апасавых, дома была яшчэ іх сяброўка. Супрацоўнікі міліцыі прапанавалі жыхарам самім выбраць, каму праехаць з імі у РУУС для гутаркі. Так як муж Яны хварэе, дзяўчына вырашыла паехаць сама. Сведка-міліцыянт жа сцвярджае, што ён асабіста бачыў, як Яна выкрыквала лозунгі з акна, таму і затрымалі менавіта яе.

Вокны Аляксандра Анісько ў адзінага выходзяць не на двор, а на лес. Сведка-міліцыянт у гэты раз не стаў агаворваць чалавека, таму, не маючы ніякіх доказаў, суддзя Новікава вырашыла адправіць яго справу на «дапрацоўку».

Алег Лялік і Яна Апасава па рашэнні суддзі Новікавай будуць адбываць 10-сутачныя арышты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0