Супрацоўніцтва ў беларускім разуменні — і лукашэнкаўцаў, і апазіцыі — гэта калі іншыя краіны ці міждзяржаўныя аб’яднанні даюць нам нейкія прэферэнцыі і крэдыты альбо проста дораць грошы.

Ці можа Беларусь зрабіцца падобнай да Паўночнай Карэі? Не. Таму што, каб быць такой, ёй трэба пераняць ідэалогію чучхэ. А каб пераняць яе, трэба, каб усе беларускія грамадзяне, ад звычайных гаротнікаў да лайдакоў з Адміністрацыі прэзідэнта, пагадзіліся разлічваць толькі на сябе, а не на дапамогу добрых дзядзькаў з-за мяжы. Якраз гэтага нам не ставала на заранку нашае незалежнасці, якраз гэта нас не вабіць цяпер, якраз да гэтага, відавочна, мы не станем імкнуцца ў бліжэйшай будучыні.

Беларусь ніколі не пабудуе вакол сваёй мяжы жалезную заслону, бо яна занадта публічная, але не як палітычная персона, а як дзеўка з пэўнага дома. Паўночная Карэя, моўчкі і нічога не просячы ў іншых, робіць балістычныя ракеты і пасля, палохаючы сваіх суседзяў, выпрабоўвае іх. Беларусь жа, не робячы нічога асабліва карыснага ці кепскага для сваіх суседзяў, бясконца лямантуе, каб на яе не забываліся, і пад гэты лямант несправядліва пакрыўджанай кабеты клянчыць грошы і розныя прывілеі ўсюды, дзе толькі можна іх выкленчаць.

Прычым на гэтай зямлі клянчаць амаль усе, незалежна ад палітычных схільнасцяў.

Лукашэнка ўжо больш за тузін гадоў клянчыць у Расіі. Цяпер, трохі пасварыўшыся з ёю, пачаў клянчыць на Захадзе. Апазіцыйныя лідэры не жадаюць адставаць ад свайго саперніка, бо раней на Захадзе клянчылі звычайна яны.
Лявон Баршчэўскі збіраецца прасіць эканамічнай дапамогі ў Еўрасаюзе, якая, паводле яго думкі, можа прыйсці ў Беларусь толькі ў звязцы з патрабаваннямі еўрапейцаў да мясцовай улады аб правядзенні палітычных рэформаў. Пытанне ж наконт таго, ці павінна Еўропа ўвогуле быць фундатарам Беларусі, спадаром Баршчэўскім не ставіцца, бо адказ яму вядомы загадзя: «Павінна!» Вось і Анатоль Лябедзька ўжо не першы месяц крычыць пра няправільныя паводзіны Еўропы: мала грошай на справы апазіцыі дае, а без яе грошай дэмакратыі ў Беларусі быць не можа.

Шаноўны Зянон Пазняк, седзячы дзесьці за межамі Бацькаўшчыны, кажа, што пасля малочнага канфлікту ўсім, нават савецкім беларусам, стала зразумела: Расія заўсёды трымалася і трымаецца толькі імперска-захопніцкага тыпу палітыкі, — і дадае, што гэтай сваркай павінен скарыстацца Еўрасаюз. Лукашэнку патрэбны грошы, і Еўрасаюз, прапануючы яму крэдыты ды інвестыцыі (з іншых месцаў дапамогі Лукашэнка цяперашнім часам не дачакаецца), мусіць высунуць тры ўмовы: 1) забеспячэнне абароны беларускае культуры; 2) вызваленне Аўтуховіча і іншых палітвязняў, а таксама спыненне палітычнага пераследу грамадзян; 3) правядзенне свабодных пазачарговых выбараў прэзідэнта і парламента.

Асабіста я падпісваюся пад усімі патрабаваннямі спадара Пазняка да існага беларускага рэжыму. Але ж такая пазіцыя, на жаль, ўсё роўна клянчанне: маўляў, мы самі не здольныя нават пракарміцца, таму, паважаныя еўрапейцы, як ужо будзеце ратаваць нас ад жабрацтва, дык і ўладу нам змяніць дапамажыце, бо мы й на гэта не здольныя.
Лукашэнка аднойчы прамовіў: не хоча Расія дапамагаць, пойдзем прасіць у другіх, у свеце шмат тых, хто жадае супрацоўнічаць з Беларуссю. І ён, як гэта часта з ім адбываецца, выказаў праўду пра нашу дзяржаву і пра нас, беларусаў.

Супрацоўніцтва ў беларускім разуменні — гэта калі іншыя краіны ці міждзяржаўныя аб’яднанні даюць нам нейкія прэферэнцыі і крэдыты альбо проста дараць грошы. Усім даўно відавочна, што Расія была (ці ёсць) сяброўкай асабіста Лукашэнку і ўсёй краіне таму, што яна не шкадавала штогод выдаткоўваць каля 5 млрд. даляраў на падтрымку «беларускага эканамічнага цуду». І Еўрасаюз выступае сапраўдным сябрам апазіцыі і беларускай незалежнасці толькі тады, калі трымаецца бязмежнай шчодрасці.

Мы — краіна-ўтрыманка, якая робіць выгляд, што жыве на свае, але крый Божа, каб нехта звярнуў на гэта нашу ўвагу, мы адразу пачнем трэсціся ў істэрыцы і называць яго паганым ворагам. Існы рэжым вагаецца: Расія — Еўрасаюз, яму ўсё роўна, хто далей будзе яго фундатарам, бо ён заклапочаны адным: самазахаваннем. Але як наша апазіцыя з такой цалкам залежніцкай арыентацыяй можа называць сябе праеўрапейскай? Еўропа доўгі час культывавала самадастатковую і вольную асобу, якая нічога не клянчыць у іншай асобы, а дамаўляецца з ею, сыходзячы з роўнасці іх правоў у дыялогу. Гэтак жа будуюцца дачыненні паміж еўрапейскімі дзяржавамі А

Беларусь выглядае нібы той алкаголік, якому так выпіць хочацца, што ён не саромеецца ледзьве не штодня прасіць грошы ў свайго суседа.
І вось алкаш, набраўшы грошай, адпраўляецца ў запой. Сусед яго доўга не бачыць, а калі сустракае, то з агідай кажа: «Я ўжо думаў, што ты сканаў». А той, з тлумнай галавой і дурнымі вачыма, ізноў просіць на апахмелку. Пасля наступнага запою алкаш да суседа не прыходзіць, затое прыходзіць ягоная жонка… І цяпер ужо сусед перакульвае чарку. Тады другую, трэцюю, і ўсё. Бо на памінках болей не п’юць.

* * *

Загаловак ад Рэдакцыі. Загаловак аўтара: «Пра жудасную несамастойнасць беларусаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?