Так, у некаторых клубах цягнулі жэрабя. У іншых хтосьці асабіста ішоў на ахвяру. Але па факце гэта не мае значэння. Рэжыму пасуюць тыя, хто здольны хатаскрайнічаць і ісці на кампраміс са сваім сумленнем.

Толькі, калі ласка, не вярзіце лухту пра выратаванне клуба. Збольшага можна зразумець Капскага (збольшага!) — яму клуб дастаўся ад бацькі. Там хоць бы тэарэтычна ёсць што ратаваць, там ёсць гісторыя. Але як можна выратаваць «Слуцк» або «Віцебск»? Нават калі гэтыя каманды здохнуць — на іх месцы з'явяцца новыя, калі прыйдзе час. У Віцебску ў свой час памёр КІМ. І што?

Калі хочацца выратаваць — пагуляйце за клуб бясплатна пасля таго, як яму не дадуць дзяржпадтрымку.

Увогуле, гэта зручная маскіроўка і не больш за тое. Вы нічога не ратуеце. Азірніцеся па баках. У краіне эканамічная дупа.

У красавіку ўпершыню за доўгі час затрымалі пенсіі і дэкрэтныя. Пакуль на пару дзён. У бюджэтнай сферы на ўсю моц ідуць 20-працэнтныя скарачэнні. Ці вы ў танку? «Гарадзея» ўжо была прыстрэленая. Ведаеце чаму? Бо ў Гарадзейскага цукровага камбіната скончыліся грошы. Не тое, што на футбол, а на заробкі супрацоўнікам. І ва ўсіх вашых спонсараў гэтых грошай таксама хутка не будзе. «Віцебск», чуеш? «Дыянісу», «Марка», «Віцебскай лесапільні» будзе хутка не да цябе. І першым пад нож пойдзе спорт. У выніку вы апыняцеся без грошай, як і «Гарадзея».

Усё як па Чэрчылю. Калі вы выбіраеце паміж адстаўкай і ганьбай, то вы атрымаеце і адстаўку, і ганьбу.

А гэты ліст — безумоўная ганьба. Гэта верх некампетэнтнасці, на якую здольныя цяперашнія моцныя гаспадарнікі ад спорту. І вы гэта падмахнулі.

Будзем сумленныя: вы не ратавалі клуб. Гэта гучныя словы. Інакш вы не бегалі б з клуба ў клуб за лішнія сто даляраў. Вы ратуеце свае дупы і проста працягнулі абанемент на міску баланды. Прычым даўно без мяса. Ды і тую да краёў недаліваюць.

У вас была магчымасць праявіць пазіцыю і сказаць: не. Як зрабілі гэта ў «Гомелі». Вас не могуць звольніць усіх і адразу. Проста таму, што тады спыніцца чэмпіянат. Мінспорту не можа арганізаваць забастоўку ў футболе сваімі рукамі. Інакш Кавальчук будзе ўкрыжаваны. Але — мая хата з краю. Я супраць, гэта трызненне, сэрца рвецца, але падпішу, каб выратаваць клуб.

Аргументы не прымаюцца. Правільна сказаў Хадасевіч. Гэта быў першы раз. За ім — іншыя. Спытайце ў Капскага.

Хлопцы, вы «ратуеце» клубы, а тут краіну трэба ратаваць.

Ратаваць трэба тых, хто сядзіць у турмах. Дапамагаць трэба сем'ям, у якіх забралі кармільцаў. Пофіг на вашы клубы.

Усё роўна ў новай Беларусі прыйдзецца ўсё будаваць нанова. У тым ліку і футбол.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?