Беніта Ферэра‑Вальднер прыбыла ў Мінск позна ўвечары 21 чэрвеня.
Паводле інфармацыі прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Мінску, яна мае намер сустрэцца з прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам, міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым, актывістамі апазіцыі і грамадзянскай супольнасці.
Як зазначылі ў прадстаўніцтве, Ферэра‑Вальднер «выкладзе шляхі, якімі могуць развівацца адносіны ЕС і Беларусі ў будучыні, калі ўлады зробяць далейшыя пазітыўныя крокі да дэмакратыі, павагі правоў чалавека і незалежных СМІ». Камісар ЕС па знешніх сувязях і палітыцы добрасуседства, у прыватнасці, плануе абмеркаваць праграму ЕС «Усходняе партнёрства» і яе патэнцыял для Беларусі.
Чакаецца, што падчас візіту Ферэра‑Вальднер аб’явіць пра выдзяленне Беларусі 10 млн. еўра на праграму павышэння якасці прадуктаў харчавання. «ЕС гатовы падтрымаць Беларусь у розных сферах, таму мне прыемна, што мы можам выдзеліць 10 млн. еўра на павышэнне бяспекі і якасці прадуктаў харчавання ў Беларусі», — сказала яна напярэдадні паездкі ў Мінск.
«Гэта цудоўны прыклад супрацоўніцтва, якое можа развівацца і далей, калі Беларусь абярэ правільны шлях. Пашырэнне адносінаў прынясе безумоўную карысць беларускім грамадзянам», — падкрэсліла еўракамісар.
Яна зазначыла, што Беларусь ужо «зрабіла крокі ў правільным кірунку». «Мы прызналі гэта, запрасіўшы Беларусь да ўдзелу ва Усходнім партнёрстве, — дадала Ферэра‑Вальднер. — Але для пашырэння нашых сувязяў мы павінны бачыць далейшы рух па развіцці дэмакратычных свабод. Калі мы ўбачым такі прагрэс, ЕС зможа яшчэ многае прапанаваць Беларусі ў розных сферах. Нашы далейшыя адносіны будуць залежаць ад таго, які выбар зробіць Беларусь».
Нагадаем, Беніта Ферэра‑Вальднер планавала наведаць Беларусь 12—13 сакавіка, аднак у апошні момант візіт быў перанесены.
Першапачаткова ў Еўракамісіі заяўлялі, што перанос звязаны з «перагружаным графікам еўракамісара». Аднак у маі на саміце Усходняга партнёрства ў Празе Ферэра‑Вальднер патлумачыла: за два дні да запланаванага візіту ў тэлефоннай размове яе папярэдзілі аб тым, што Аляксандр Лукашэнка не зможа яе прыняць, паколькі паляцеў у Арменію.