Фота Depositphotos.com

Сем год таму прарасійскія сепаратысты ў Данецкай і Луганскай абласцях Украіны абвясцілі незалежнасць гэтых тэрыторый пры падтрымцы Масквы. З таго часу бакі дамовіліся аб спыненні агню, што неаднаразова парушалася, у выніку чаго загінулі больш за 14 тысяч чалавек.

Нядаўна Расія перакінула свае войскі ў памежны рэгіён, але затым адвяла назад. Цяпер Пуцін і Зяленскі збіраюцца правесці перамовы, але месца і час пакуль не вызначаныя.

У той жа час адзіны актыўны ўзброены канфлікт у Еўропе працягвае нарастаць. Больш за тое, існуе верагоднасць, што ў яго будуць уцягнутыя ЗША, бо, пакуль Расія пашырае свой уплыў у рэгіёне, Украіна намагаецца ствараць новыя альянсы з Захадам.

Украінскія аналітыкі ў сферы бяспекі перакананыя, што нядаўняе нарошчванне расійскай ваеннай сілы каля мяжы Украіны здзяйснялася з мэтай ціску на Зяленскага, каб прэзідэнт адмовіўся ад свайго намагання ўступаць у НАТА. Таксама сцягванне расійскіх войскаў было праверкай для адміністрацыі Байдэна, каб выявіць ступень падтрымкі, што аказваюць ЗША Украіне.

Некаторыя ўкраінскія чыноўнікі сцвярджаюць, што заключэння міру ў бліжэйшы час не будзе.

«Канфлікт з Расіяй будзе доўжыцца 10-15 гадоў. Яны не пакінуць нас у спакоі», — заявіў дарадца па нацыянальнай бяспецы адміністрацыя Зяленскага Аляксей Арастовіч.

Па звестках Арганізацыі бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе, якая сочыць за канфліктам, у сакавіку было зафіксавана 3000 парушэнняў дамовы аб спыненні агню, а ў красавіку — 9000. Україна заяўляе, што сёлета загінула больш за 30 яе вайскоўцаў.

За апошні месяц Расія развярнула каля 100 тысяч вайскоўцаў на мяжы з Украінай падчас вучэнняў, якія, па словах Масквы, былі адказам на актыўнасць НАТА ўздоўж расійскай мяжы, у тым ліку ў Чорным моры.

Расія заяўляе, што вучэнні ўжо скончыліся, і яна выведзе частку сваіх войскаў, аднак у аўторак Зяленскі папярэдзіў украінскія войскі, каб яны заставаліся ў стане баявой гатоўнасці. «Хоць расійскія войскі выводзяцца, армія мусіць быць падрыхтаваная да іх магчымага вяртання», — адзначыў Зяленскі.

За апошнія гады Масква выдала 600 тысяч расійскіх пашпартоў жыхарам раёнаў, што кантралююцца сепаратыстамі. Прадстаўнік украінскай разведкі заявіў, што ў апошні час Расія пачала накіроўваць больш ваенных інструктараў у рэгіён, а таксама пастаўляе больш ваеннага абсталявання сепаратыстам. Аднак Расія гэтыя заявы адмаўляе.

Зяленскі заклікае ЗША да больш актыўнага ўдзелу ў працэсе заключэння міру і жадае як мага хутчэй уступіць у НАТА.

Таксама Зяленскі абмяжоўвае ўплыў прарасійскіх палітыкаў ва Украіне і адмаўляе ў большай аўтаноміі сепаратыстам, бо гэта ўзмацніць пазіцыі Расіі і зменшыць шанцы Украіны на ўступленне ў НАТА.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?