Грамадства

Першы ліст ад Алеся Пушкіна сям’я атрымала амаль праз месяц, як палітвязень у турме. Жонка падазрае, што перапіску блакуюць

Чакаецца, што 28 красавіка мастака Алеся Пушкіна этапуюць з Горадні ў СІЗА № 1 Менска. Жонка палітвязьня Яніна Пушкіна скардзіцца на блякаваньне перапіскі зь ім, піша Свабода.

Паводле тэлеграм-каналу Belsat, горадзенскія сьледчыя перадалі крымінальную справу ў цэнтральны апарат Сьледчага камітэту. Імавернай прычынай пераводу называюць тое, што «справу Пушкіна» нібыта аб’яднаюць са «справай Саюзу палякаў».

Сябра мастакоўскай суполкі «Пагоня» Алесь Пушкін амаль месяц знаходзіцца за кратамі, з 30 сакавіка. На яго і кіраўніка горадзенскага Цэнтру гарадзкога жыцьця Паўла Мажэйку завялі крымінальную справу за «рэабілітацыю і апраўданьне нацызму». Нагодай стаў партрэт паваеннага антысавецкага партызана Яўгена Жыхара, які мастак вывесіў на выставе. Мажэйку праз нейкі час выпусьцілі, а Пушкіна зьмясьцілі пад варту.

Жонка мастака Яніна Пушкіна ў размове са Свабодай пацьвердзіла, што раней абаронцы казалі ёй пра хуткі перавод мужа ў СІЗА ў Менск, але не было пэўнасьці адносна даты.

Па яе словах, ёй і дзецям пакуль не вярнулі канфіскаваныя падчас ператрусу мабільныя тэлефоны і кампутарную тэхніку, хоць у апошнія дні прыйшлі некалькі лістоў з аддзелу прымусовага выкананьня Крупскага раёну.

Яніна слаба верыць у хуткае вызваленьне мужа, хоць сёлета ў сям’і чакаецца значная падзея — заканчвае школу сын Мікола. Выпускную вечарыну плянавалі загадзя, але цяпер давядзецца пляны карэктаваць.

Яніна перакананая ў моцы Алеся Пушкіна: «Гэта не яны яму судзілішча рыхтуюць, а ён ім», — мяркуе яна.

Яніна Пушкіна паведаміла, што за месяц атрымала з турмы толькі адзін ліст ад мужа — якраз напярэдадні. Таксама аднойчы дайшоў ад Алеся ліст да ягонай сястры і пляменьніцы. З размоваў з астатнімі сваякамі і валянтэрамі робіць выснову, што зь імі ліставаньне наўмысна блякуецца — пошта вяртаецца з пазнакай «адрасат не існуе». Яна падазрае, што і яе лісты не даходзяць да мужа, ёй лісты не вярталіся, але няма пэўнасьці, ці даходзілі, бо ў атрыманым лісьце Алесь піша, не прывязваючыся да яе лістоў, як быццам іх не было.

Пра тое, што ўсе допісы мужа праходзіць цэнзуру, сьведчаць закрэсьленыя «крамольныя» выразы.

«У тым лісьце пра свой побыт ён нічога не паведамляе — магчыма, каб дайшло хоць у выхалашчаным выглядзе. У асноўным інструкцыі нам па гаспадарцы — куды пайсьці, што зрабіць, — усьміхаецца Яніна. — Але неяк прапусьцілі, дзе піша, што стварылі цэлую камісію, каб фабрыкаваць ягоную справу. І ўсе гэтыя дармаеды будуць праядаць дзяржаўны бюджэт. Але колькасьць «камісараў» замазана асадкай. Гэтак жа ў лісьце да сястры, дзе ён абураўся сытуацыяй у краіне, зафарбавалі слова «фашысты». Хоць на сьвятло ўсё роўна прачытваецца».

На перакананьне праваабаронцаў, справа Алеся Пушкіна мае палітычны характар і грунтуецца на ідэалягічным падмурку савецкай гістарыяграфіі. Праваабарончая супольнасьць прызнала творцу палітвязьнем.

У аналягічнай крымінальнай справе аб «распальваньні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай варожасьці і рэабілітацыі нацызму» праходзіць і група актывістаў непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў. Падставай стала неафіцыйная імпрэза ў гонар «праклятых жаўнераў», якое сёлета прайшло ў Берасьці.

Пасьля гэтага Менск і Варшава ўзаемна выслалі дыпляматаў, а ў Берасьці і Горадні затрымалі заснавальнікаў асьветніцкай ініцыятывы «Польская школа» і польскіх актывістаў на чале з Анжалікай Борыс.

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

«Я хачу справядлівасці — і для жанчын, і для сябе». Шчырая гутарка з Андрэем Стрыжаком пра скандал з дыкпікамі, залежнасці і будучыню16

«Я хачу справядлівасці — і для жанчын, і для сябе». Шчырая гутарка з Андрэем Стрыжаком пра скандал з дыкпікамі, залежнасці і будучыню

Усе навіны →
Усе навіны

«Казахстанскі квартал» і новабудоўлі ў Чыжоўцы, Масюкоўшчыне, Лошыцы. Як будзе забудоўвацца Мінск3

Галоўны трэнер «Нёмана» выканаў дзіўны танец пасля перамогі ў матчы Лігі канферэнцый

«Змагла развітацца па-людску». У Польшчы ў беларускі памёр муж — яна расказала, як даставіла прах на радзіму і арганізавала пахаванне

Банкаўскія інсайдары лічаць новыя санкцыі супраць чатырох беларускіх банкаў малазначнымі. І вось чаму11

Францыя вырашыла прызнаць Палесцінскую дзяржаву. Ізраіль заявіў, што гэта «ўзнагарода за тэрарызм»15

Каранавірус паскорыў старэнне мозгу нават у тых, хто не хварэў4

Мінскае «Дынама» без шанцаў прайграла албанскай «Эгнаціі»2

Тавары з «Пагоняй» прадавалі, нягледзячы на забароны11

Стала вядома, як рагачоўскі завод працуе на расійскую вайсковую прамысловасць5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я хачу справядлівасці — і для жанчын, і для сябе». Шчырая гутарка з Андрэем Стрыжаком пра скандал з дыкпікамі, залежнасці і будучыню16

«Я хачу справядлівасці — і для жанчын, і для сябе». Шчырая гутарка з Андрэем Стрыжаком пра скандал з дыкпікамі, залежнасці і будучыню

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць