22.06.2009 / 16:38

Беніта Ферэра‑Вальднер: «Калі беларусы выберуць Еўропу, іх будуць чакаць з абдымкамі» 1

Пасля сённяшніх сустрэчаў пачнуцца перамовы па ўсіх канкрэтных пытаннях, з адкрыццём еўрапейскіх рынкаў для беларускіх вытворцаў уключна, заявіла еўракамісар па замежных сувязях перад прадстаўнікамі незалежнага грамадства і пасламі краінаў Еўрасаюзу ў гатэлі «Еўропа».

Фота Яраслава Сцешыка

Пасля сённяшніх сустрэчаў пачнуцца двухбаковыя перамовы па ўсіх канкрэтных пытаннях, з адкрыццём еўрапейскіх рынкаў для беларускіх вытворцаў уключна, заявіла еўракамісар па замежных сувязях і палітыцы суседства перад прадстаўнікамі незалежнага грамадства і пасламі краінаў Еўрасаюзу ў гатэлі «Еўропа».

Беніта Ферэра‑Вальднер пачала сустрэчу са словаў пра тое, што яна нарэшце наведала Мінск.

Яна адзначыла некалькі сімвалічных момантаў, якія суправаджаюць яе падчас візіту ў Беларусь. Найперш, чыноўніца падкрэсліла, што гэта яе першы візіт у нашу краіну, як і першы візіт да нас еўракамісара.

«Наша з вамі сустрэча адбываецца ў гатэлі пад назвай «Еўропа», пад сцягам Еўрасаюзу.

Спадзяюся, што ЗША і Расія не супраць» — сказала Ферэра‑Вальднер.

У сваім выступе яна нагадала, што пачынаючы з мінулага лета Беларусь і Еўропа абмяняліся надзвычай пазітыўнымі сігналамі: афіцыйны Мінск закрыў пытанне з вязнямі сумлення, на што Брусель адказаў скасаваннем санкцый супраць шэрагу чыноўнікаў.

Але гэтага мала, падкрэсліла высокая госця, Еўропа чакае ад Беларусі наступных і больш глыбокіх зменаў. Найперш, зменаў у выбарчае заканадаўства.

А таксама роўных умоваў для СМІ і свабоду сходаў і выказванняў для прадстаўнікоў палітычных партый і незалежнага грамадства Гэтая думка, трэба думаць, была скіраваная да рэдактараў незалежных СМІ, пераважна рэгіянальных, што прысутнічалі на сустрэчы, а таксама да лідэраў палітычных партый і прадстаўнікоў грамадскі аб’яднанняў.

Асноўную частку выступу Беніты Ферэра‑Вальднер заняла тэма «Усходняга партнёрства».

Яна падзякавала пасланніку Чэхіі, у часе старшынства якой у ЕС і было адпісанае пагадненне. Пры гэтым еўрапейская чыноўніца нагадала і пра сваю ролю ў гэтым праекце:

«Я, калі дазволіце, маці «Усходняга партнёрства».
Прысутным нагадалі пра тое што Беларусь можа атрымаць у рамках праграмы: палёгка візавага рэжыму (магчымае скарачэнне яе цаны найперш), выхад беларускіх вытворцаў на еўрапейскі рынак, дыверсіфікацыя эканамічнага курсу краіны і г.д.

Еўракамісар коратка распавяла пра сустрэчу з кіраўніком Беларусі.

«Мы плённа паразмаўлялі, сустрэча працягвалася каля 2,5 гадзін» — паведаміла яна.

Ферэра‑Вальднер сказала, што асабіста паведаміла Лукашэнку пра адмену санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў. Найперш жа размова ішла пра «Усходняе партнёрства» і шляхі выхаду з эканамічнага крызісу.

Са словаў еўракамісара, пасля сённяшніх сустрэчаў пачнуцца двухбаковыя перамовы па ўсіх канкрэтных пытаннях, з адкрыццём еўрапейскіх рынкаў для беларускіх вытворцаў уключна.

«Калі беларусы выберуць Еўропу, іх будуць чакаць з распасцёртымі абдымкамі. У вас ёсць усе магчымасці, і я думаю, вы іх скарыстаеце», — заявіла Беніта Ферэра-Вальднер.

Сямён Печанко

0
Кнехт / Адказаць
24.06.2009 / 22:05
«Калі беларусы выберуць Еўропу, іх будуць чакаць з распасцёртымі абдымкамі. У вас ёсць усе магчымасці, і я думаю, вы іх скарыстаеце», — заявіла Беніта Ферэра-Вальднер. ------------------------------------ Упускаць сюды Еўропу трэба малымі дозамі, каб пасля "стабільнага" лукашызму тут многім бошкі не пазносіла ад іхняга лібералізму, а астатнія не засмуткавалі без "бырла". Нас можа абараніць толькі лінія Сталіна і спіраль Бруна.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру