Віталь Макаранка

Віталь Макаранка

У КДБ назвалі прозвішчы 9 чалавек, якія праходзяць у якасці абвінавачаных па справе «дзяржаўнага перавароту»

Еўрарадыё звязалася з Віталём Макаранкам. Ён распавёў, як стаў датычны да зум-канферэнцыяў «змоўшчыкаў» і што думае наконт крымінальнай справы. 

Еўрарадыё: Як здарылася, што вы прыцягнулі ўвагу сілавікоў?

Віталь Макаранка: Мая выява была ў прапагандысцкіх фільмах: гэта былі запісы размовы ў зуме, там я прадстаўляўся. Але я нават не ведаю, якім чынам можна мяне прыплесці да перавароту ці замаху. Я толькі аднойчы выказаўся пра тое, што пераможцы ў рэвалюцыі вырашаюць, законнымі былі іх дзеянні ці не. І прывёў прыклад бальшавісцкага перавароту.

На тыя размовы я трапіў не выпадкова — мяне туды запрасілі. Але падчас размовы не было ніякіх момантаў, якія можна было б звязаць з замахам ці з нейкім пераваротам. Першая размова ўвогуле мела характар паліталагічнай лекцыі.

У другой лекцыі абмяркоўвалася пераважна дэкларацыя, якая магла б стаць падставай для аб’яднання ўсіх апазіцыйных сіл. Там таксама нічога крымінальнага няма. Ні прозвішча Лукашэнкі, ні нечага такога я не чуў. Абмяркоўвалася кожная коска, што ў якім абзацы паставіць. Падчас размовы я проста паставіў тэлефон на стол і займаўся сваімі справамі.

Былі размовы пра магчымыя варыянты развіцця падзей. Нейкія гістарычныя паралелі праводзіліся. Усё гэта мела характар інтэлектуальна-дыскусійнага клуба.

Еўрарадыё: Як вы апынуліся ва Украіне?

Віталь Макаранка: Я знаходзіўся ў Беларусі да 17 красавіка 2021 года. 12 красавіка першых фігурантаў забралі. Калі я такі небяспечны змоўца, саўдзельнік дзяржаўнага перавароту, чаму за 5 дзён мяне нават на допыт не выклікалі? Я ж нікуды не хаваўся, сядзеў дома ў Магілёве, займаўся звычайнымі справамі. Да Кастусёва ў Цехцін даехалі, а да мяне ў Магілёў не?

Я ў прынцыпе не планаваў з’язджаць, але спіраль пачала раскручвацца. У нас, як кажуць, «бывае не да законаў», і ў мяне пачалі з’яўляцца сумневы. Таму я вырашыў з’ехаць, але ніякай віны за сабой не адчуваю. І аб’ектыўна няма за што адчуваць. Для мяне ўвогуле загадка, што я ці Кастусёў маглі зрабіць для замаху на Лукашэнку. Зброі ў нас няма, мы людзі звычайнага прыбытку, выхадаў на сілавыя структуры няма, нейкіх глыбінных сувязяў з чыноўніцтвам няма, сотняў тысяч баевікоў няма. Я проста бачу татальную дэкваліфікацыю генпракуратуры, КДБ і гэтак далей.

Еўрарадыё: Навошта вы бралі ўдзел у дыскусіях?

Віталь Макаранка: Мы з Зянковічам прыяцелі па партыйнай лініі з пачатку 1990-х. Раз на паўгода, год стэлефаноўваліся: як справы, якія думкі наконт таго, што адбываецца. Аднойчы я выказаў ідэю, што адзінае, чым цяпер варта займацца, — гэта аб’яднанне ўсіх апазіцыйных сіл. І традыцыйнай апазіцыі, і кабінету Ціханоўскай, і НАК, і астатніх. Бо драбленне, узаемныя сваркі і недавер недапушчальныя. І мне Юрась кажа: «Добра, у нас ёсць аб’яднанне палітычных экспертаў. Калі хочаш, далучайся, мы там абмяркоўваем у тым ліку і такія варыянты». Я далучыўся, але там абмяркоўвалі абсалютна розныя тэмы. Не зусім тое, дзеля чаго я прыйшоў. І мне было, шчыра кажучы, не цікава.

Я сказаў пра гэта Юрасю і з сярэдзіны студзеня мы з ім не камунікавалі. У гэтых зум-канферэнцыях я больш не ўдзельнічаў. 

Еўрарадыё: Як вы лічыце, навошта гэтая справа пра «замах»? Што гэта значыць?

Віталь Макаранка: Я чалавек, які, як кажуць, проста міма праходзіў. Я падазраю, што і ўсе астатнія ў гэткім стане, асабліва Кастусёў. Тое, што цяпер ідзе з вуснаў людзей, якія сядзяць, не мае ніякай вагі. Знаходзячыся ў кіпцюрах КДБ, казаць можна ўсё, што заўгодна. Мы не ведаем, што там робіцца.

Я лічу, што гэта добра распрацаваная правакацыя. Цяжка сказаць,ці гэта беларускі КДБ, ці расійская ФСБ, ці іх супольная справа. Толькі ім гэта выгадна.

Тут ёсць карысць беларускім уладам. «Замах» на лідара — і адразу яго электарат, паплечнікі змыкаюць свае шэрагі вакол яго. Малюецца негатыўны вобраз апазіцыі. У нас народ жаласлівы, тым больш, калі пачалі казаць, што там дзяцей хацелі забіць. Можа, на нейкую частку насельніцтва гэта неяк паўплывае.

Таксама профіт мае Расія. Яна кажа: «Ты ж бачыш, Аляксандр Рыгоравіч, мы адзіныя, хто можа цябе абараніць. Ідзі да нас». 

Ведаеце, не робяцца змовы, спробы замаху ў зуме пад запіс. Зянковіч кожны раз папярэджваў, што размова запісваецца. І казаць, што сур’ёзныя, адэкватныя людзі абмяркоўваюць пытанне такога кшталту ў зуме — гэта нейкая фантасмагорыя.

Еўрарадыё: Чым вы займаліся ў Беларусі апошнім часам? Што будзеце рабіць ва Украіне?

Віталь Макаранка: Я сябра Партыі БНФ з 1997 года, сябра Сойма Партыі БНФ і апошнія гады быў кіраўніком магілёўскай абласной арганізацыі БНФ. У мяне сям’я ва Украіне, я рэгулярна сюды езджу. Фактычна апошнія гады я жыў на дзве краіны.

30 красавіка я падаў заяву на атрыманне палітычнага прытулку — як толькі даведаўся пра крымінальную справу. На перыяд разгляду заявы ўкраінскія ўлады не маюць права мяне выдаваць. Адзінае, што беларускія структуры могуць выкрасці мяне, як Фядуту і Зянковіча з Масквы. Але спадзяюся, што ў іх няма магчымасцяў так працаваць ва Украіне.

Натуральна, што ад палітычна-грамадскай дзейнасці я не адыду. Наколькі магчыма ёй тут займацца, цяжка сказаць, але тым не менш. Планы звычайныя: жыць, працаваць, чакаць, пакуль змены адбудуцца. Я не збіраюся кідаць Беларусь. Як толькі будзе магчымасць, я вярнуся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?