Грамадства

«У сям'і засталіся адны жанчыны». Як экс-участковы з Бабруйска і яго сын сталі палітвязнямі — гутарка з жонкай і маці

«У нас засталіся адны жанчыны ў сям'і. Збяромся разам на свята — можам паплакаць, але пасля бяром сябе ў рукі: нельга духам падаць», — уздыхае Алена Букас. 10 жніўня 2020 года бабруйчанка вярнулася дадому без мужа і сына і больш іх на волі не бачыла. У канцы лістапада мужчын асудзілі па 364-м артыкуле КК (Гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў): мужа Ігара на чатыры гады калоніі строгага рэжыму, сына Алега — на два гады агульнага.

Распыталі жанчыну, як яна жыве ў абсалютна новай для сябе рэальнасці.

«Немагчыма быць абыякавай, калі тваіх збіваюць»

Алена і Ігар Букасы пазнаёміліся ў Бабруйску. Алена згадвае, што будучы муж проста падышоў да яе на вуліцы, а ўжо праз тыдзень зрабіў прапанову.

«Гэтак жа пасля павёў сябе з нявесткай і наш сын: паклікаў замуж пасля двух тыдняў знаёмства. Яна спрабавала казаць, што дрэнна яго ведае, але ў яго быў моцны аргумент: прыклад маці з татам, якія і па сёння жывуць разам у каханні», — расказвае Алена.

Алена разам з мужам Ігарам

Пасля вайсковай вучэльні Ігар скончыў школу міліцыі, уладкаваўся ў Бабруйску аператыўнікам, а пасля ўчастковым. Праўда, Алена адзначае, што адразу было відаць, што ў Ігара задужа добрае сэрца для такой працы.

«Ëн часам прыходзіць дадому і просіць: «Збяры паесці». Я пытаюся: «Каму?» І высвятляецца, што там нейкага добрага мужыка затрымалі, трэба яго пакарміць. Колькі муж ні працаваў там, так торбы яму і збірала».

Пасля звальнення Ігара з органаў сям’я пачала займацца грузаперавозкамі. Роўна да таго няшчаснага для сям’і дня — 10 жніўня 2020 года.

Што здарылася? 

Па версіі Букасаў, увечары 10 жніўня яны вырашылі заехаць у мясцовую «Карону» па прадукты. Прыпаркавалі машыну непадалёк ад плошчы Леніна і накіраваліся ў краму. На шляху ўбачылі канфлікт: ДАІ спыніла кіроўцу, які пасігналіў у знак салідарнасці пратэстоўцам. Людзі пачалі яго абараняць, прасілі не караць, нягледзячы на адсутнасць тэхагляду. Не засталіся ў баку ад сваркі і Букасы.

На судзе пасля Ігар расказаў, што ў нейкі момант супрацоўнікі міліцыі — падаспеўшыя прадстаўнікі дэпартамента аховы МУС — загадалі: «Затрымліваем». Ігар пачаў абараняцца і даў аднаму з іх па карку. Абараняць бацьку ў сваю чаргу кінуўся сын Алег — ударыў аднаго з сілавікоў у шлем. У выніку абодва апынуліся затрыманымі. Ігар пры гэтым быў увесь у крыві — яму зламалі нос, надарвалі вуха.

Ігар і Алег Букасы на судзе. Фота babruysk.by

«У мяне дагэтуль ляжыць тое іх акрываўленае адзенне — аддалі ў Следчым камітэце пасля экспертызы (думалі, што там кроў супрацоўнікаў органаў), спецыяльна нічога не сціраю. Нас спрабавалі ўпэўніць, што муж і сын былі п’яныя, але медэкспертыза паказала нуль праміле. Як я сама тады не кінулася ратаваць мужа і сына? Толькі дзякуючы малодшай дачцэ. Я ўжо хапанула кагосьці ў балаклаве за форму, бо немагчыма быць абыякавай, калі тваіх збіваюць. Але дачка загадала: «Стой ціха і роўна». Я толькі крычала, клікала на дапамогу».

Пацярпелы маёр Уладзімір Мяньшоў, які атрымаў па карку, не меў прэтэнзій да Букасаў і на судзе прасіў не пазбаўляць іх волі. Але змякчыць прысуд, запытаны пракурорам, гэта не дапамагло.

«Мне пасля многія, у тым ліку пажылая маці, казалі: ну прайшлі б вы міма. Вам што, больш за ўсіх быў патрэбны той спынены кіроўца? Але мы не так выхаваныя. І калі б з намі здарылася бяда і ніхто не прыйшоў на дапамогу, то што б было? Няправільна гэта», — каментуе Алена.

«Месяц няма ад мужа і сына ніякіх вестачак»

Апошні раз Алена бачыла сына з мужам у лютым — на абскарджванні прысуда, якое нічога не дало. Кажа, што амаль усю гадзіну спаткання з кожным праплакалі. Пасля гэтага слёзы сталі пастаянным спадарожнікам жыцця жанчыны.

«Ніводнага мужчыны ў сям’і не засталося: старэйшая дачка яшчэ развялася нядаўна… Гэта ўсё адбіваецца, вядома. Прыходзіш з працы — і самотна на душы, няма да каго прытуліцца. Рыдаеш, не спіш, ідзеш па афабазол. Нявестку ўвогуле адпраўляла да псіхолага: у іх з Алегам толькі нарадзілася дачка, у дзяўчынкі — парок сэрца. Цяжка. Але крыху паплачам — і бяром сябе ў рукі. Нам тут усё адно лягчэй, чым ім. І трэба быць моцнымі. Мне здаецца, я і раней была моцнай. А гэта сітуацыя яшчэ больш мяне загартавала».

Алена з сынам

Больш за ўсё Алена перажывае, што вось ужо як месяц ад родных няма ніякіх лістоў — пасля таго як іх перавялі з Бабруйскага СІЗА ў месцы адбыцця тэрміну: Алега — у Віцебск, а Ігара — у Ваўкавыск.

«Апошні ліст ад Ігара прыйшоў тры месяцы таму. Ëн толькі паспеў паведаміць, што на новым месцы збівае драўляныя паддоны — такая праца. І што ў адзін дзень у яго падняўся ціск: 200 на 120 было. Ëн прылёг там на лаўку, і за гэта атрымаў пяць дзён штрафнога ізалятара. Пасля гэтага — ні вестачкі. Пры тым што з Бабруйска лісты ад іх даходзілі кожны тыдзень. І я ведала, што іх там паставілі на прафілактычны ўлік як схільных да экстрэмізму, у душ вадзілі ў кайданках. Што ў камерах было вільготна і холадна…. А цяпер бандэроль для мужа і тая вярнулася, напісала на адрас начальніка калоніі, каб разабраліся. Сыну адправілі заказныя лісты-віншаванні на дзень народзінаў: 30 красавіка ён адзначаў у калоніі сваё 25-годдзе. Не ведаю таксама, ці дойдзе. Калі так справа працягнецца, трэба ехаць туды самім. Бо па тэлефоне нявестку запэўнілі: усё з вашым добра».

«Людзі думаюць: калі яны з намі камунікуюць, то абавязкова і па іх нехта прыйдзе»

У сувязі з новымі абставінамі Алене прыйшлося шукаць сабе новую працу: грузаперавозкамі адна яна не магла займацца фізічна. Кажа, што ў Бабруйску гэта было зрабіць складана: многія адмаўлялі ёй, ведаючы, што сваякі жанчыны асуджаныя.

«З адукацыі я кантралёр-касір, але ў выніку змагла ўладкавацца толькі памочніцай кухара ў школе: за 300 рублёў туды ніхто не хацеў ісці, а ў мяне выбару не было. Мы і сяброў згубілі шмат пасля прысуду: са мной шмат хто не вітаецца. Сябар дзяцінства Алегу ніводнай паштоўкі не даслаў… Людзям страшна за сябе. Нібыта калі яны з намі камунікуюць, то абавязкова і па іх нехта прыйдзе, пагрукае ў дзверы».

Сама Алена кажа, што даўно страціла страх:

«У нейкі вечар, калі мужа і сына ўжо затрымалі, пад вокнамі спыніўся бус з зацемненымі вокнамі. Мне пачалі бомкаць у дамафон. Бачна было, што гэта нейкія мужчыны. Я сказала, што Алены Феліксаўны, мяне, няма дома, выключыла святло і лягла спаць, а раніцай спакойна пайшла на працу. Ну забяруць мяне — і што? Не расстраляюць жа. Я на такое наглядзелася 10 жніўня — нібыта вайна з мірнымі грамадзянамі ў нашым горадзе пачалася. Валасы тады на галаве варушыліся і слёзы на вочы наварочваліся. Пасля таго дня ў нас у сям’і ніхто не хоча ў органах служыць: тая ж старэйшая дачка вучылася на правазнаўстве, але цяпер не плануе звязвацца з гэтай тэмай».

Алег Букас з жонкай і дачкой

Алена расказвае, што ў 2020 годзе іх сям’я поўным складам адправілася на выбары, упершыню з 1994 года. Нават яе 85-гадовая маці прынцыпова ўзяла ў рукі кіёк і пайшла на ўчастак складваць свой бюлетэнь гармонікам.

«Раней неяк мне не было за каго галасаваць. Ды і ў прынцыпе палітыкай я не цікавілася: не ведала, што і ў мінулым у нас існавалі палітзняволеныя. А тут сын настроіў цікавіцца: навучыў карыстацца інтэрнэтам, падключыў тэлеграм, на ютубе мы глядзелі «Краіну для жыцця». Цяпер я ў абед на працы адразу лезу маніторыць навіны, пакуль калегі ядуць. Мне мае дзеўкі кажуць: «Ты ўжо з глузду з’язджаеш». А я не разумею, як можна атрымліваць 300 рублёў і проста вяртацца дадому, не цікавіцца тым, што адбываецца навокал, у тваёй краіне. Я даводжу: «Вы пражывяце на гэтыя 300 рублёў, а дзеці як вашы будуць жыць?» На што чую: «Хай яны самі пасля разбіраюцца». Такая абыякавасць бянтэжыць: пры тым што летам у Бабруйску на вуліцу выходзілі тысячы людзей. Я ганарылася землякамі. А цяпер усе зноў схаваліся па кватэрах. Не трэба было людзям у жніўні сыходзіць з вуліц, пакуль іх не пачуюць, мне падаецца. Цяпер многіх запужалі…»

З Фемідай

У лістах да сына і мужа Алена не дазваляе сабе плакацца: запэўнівае Алега і Ігара, што перамены прыйдуць і яны хутка будуць на волі.

«Я вырашыла даваць ім веру і надзею. Кажу, маўляў, патрывайце крышачку, тут ніхто не сядзіць са складзенымі рукамі. Я і сама настройваю сябе верыць: спачатку верыла ў вясну, цяпер у лета. Мару, што хутка ўсіх несправядліва асуджаных выпусцяць на волю. Не толькі маіх. Закуплюся ў той дзень шампанскім і выйду на вуліцу святкаваць дзень перамогі, як і ўсе астатнія беларусы».

Адрасы для лістоў зняволеным:

Алегу Букасу: ПК №3, 211322, Віцебская вобласць, г. п. Віцьба
Ігару Букасу: ПК №11, 231900, г. Ваўкавыск, вул. Ракасоўскага, 118

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Амерыканцы дабіліся вызвалення Юрыя Зянковіча. Ён быў прысуджаны да 11 гадоў зняволення18

Амерыканцы дабіліся вызвалення Юрыя Зянковіча. Ён быў прысуджаны да 11 гадоў зняволення

Усе навіны →
Усе навіны

Праз два тыдні ў Мінску пачнуць адключаць гарачую ваду. Глядзіце адрасы

У Польшчы затрымалі беларуса з пісталетам — ён сказаў, што едзе ваяваць у Беларусь2

Стала вядома асоба беларуса, якога падазраваюць у выбуху ў Ханты-Мансійску2

Эканаміст Дзмітрый Крук дае песімістычны прагноз для беларускага бізнэсу. У прадпрымальнікаў тры варыянты

Каго прымуць у ЕС у найбліжэйшыя гады?1

Аб'яднаны пераходны кабінет Беларусі хочуць прызнаць «тэрарыстычнай арганізацыяй»1

У кадр зноў трапіла, якім памерам шрыфта для Лукашэнкі друкуюць выступы, каб ён бачыў19

У Расіі за падрыхтоўку дыверсіі супраць расійскага вайскоўца затрыманы беларус

Беларускі трэнер расказаў, якую смешную задачу яму паставілі ў чэмпіянаце Кітая па хакеі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Амерыканцы дабіліся вызвалення Юрыя Зянковіча. Ён быў прысуджаны да 11 гадоў зняволення18

Амерыканцы дабіліся вызвалення Юрыя Зянковіча. Ён быў прысуджаны да 11 гадоў зняволення

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць