Так і хочацца заклікаць: апраніце нашыя спецслужбы па-еўрапейску!
Перад пачаткам сустрэчы еўракамісара Беніты Ферэра-Вальднер з прадстаўнікамі незалежнага грамадства, пасламі краінаў ЕС у Беларусі ў гатэлі «Еўропа», побач з будынкам дзяжурылі некалькі мікрааўтобусаў і легкавікоў з прадстаўнікамі спецслужбаў.
Магчыма, гэта было звязана з тым, што на сустрэчы прысутнічалі апазіцыйныя лідэры, а можа і таму што група жанчын вырашыла перадаць свой зварот еўракамісару (і ім гэта ўдалося, ня гледзячы на захады спецназу). На той момант яны, пераважна асобы ў цывільным, на вочы не паказваліся. Затое на выхадзе па сканчэнні сустрэчы побач з парадным уваходам гасцей мерапрыемства свідравалі калючымі позіркамі некалькі моцных дзецюкоў з дратамі у вушах.
Апранутыя яны былі у спартовыя касцюмы, адзін — у ярка-чырвоны гарнітур. Гэтая акалічнасць прымусіла задумацца, што сілавыя структуры нашай краіны яшчэ не навучыліся як след арганізоўваць такія сустрэчы на еўрапейскім узроўні.
Хочацца спадзявацца, што такія сустрэчы стануць частымі і ўсё прыйдзе з карысным вопытам. А пакуль так і хочацца заклікаць: апраніце нашыя спецслужбы па-еўрапейску!