Эканоміка

Спыненне паставак нафты з Расіі ставіць пад удар усю эканамічную мадэль Беларусі. Што адбываецца на «Нафтане»?

Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка публічна заяўляе, што санкцыі ЗША не спынілі паставак нафты з Расіі. Ён падкрэслівае, што пастаўкі адбываюцца «абсалютна штатна, спакойна».

Тым часам нішавыя расійскія тэлеграм-каналы паведамляюць, што Міністэрства энергетыкі Расіі зацвердзіла майскую пастаўку нафты на беларускі «Нафтан» у памеры ўсяго толькі 50 тысяч тон. А гэта, маўляў, у 14,5 разу менш, чым у красавіку. Прычына — адмова буйных расійскіх кампаній пастаўляць нафту на прадпрыемства з амерыканскага санкцыйнага спісу.

Аб'ём паставак у Мазыр змяняецца ненашмат (змяншэнне з 600 тысяч тон да 560 тысяч тон), бо Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод не ў санкцыйным спісе. 

Крыніцы «Нашай Нівы» мяркуюць, што гэтая інфармацыя адпавядае рэчаіснасці, але пакуль шырока не афішуецца. 

Па іх словах, спыненне паставак нафты з Расіі ставіць пад удар усю існую эканамічную мадэль Беларусі.

Наваполацкі «Нафтан» можа перапрацоўваць да 12 мільёнаў тон нафты за год. Ён атрымліваў з Расіі 600—800 тысяч тон штомесяц, а майскіх 50 тысяч тон можа быць недастаткова нават для таго, каб падтрымліваць заводскі цыкл. Калі перыяд дэфіцыту зацягнецца, то для нафтавай галіны і ўсёй эканомікі настануць цяжкія часы. 

«Каб не даць заводу стаць, лагічным выглядае адпраўка на «Нафтан» беларускай нафты, якую мы прадаём у Германію і зарабляем на гэтым добрыя сотні мільёнаў. Праблема яшчэ і ў тым, што пасля гісторыі з растваральнікамі Расія не пастаўляе нам нафтапрадукты звыш за вызначаную квоту, таму трэба будзе вырашаць праблему з насычанасцю нафтапрадуктамі ўласнага рынку», — тлумачаць крыніцы.

Памеры ўласнай здабычы ў Беларусі даволі сціплыя — 130—140 тысяч тон за месяц. Уся гомельская нафта ідзе на заводы ў Германіі, бо гэта выгадней, чым перапрацоўваць яе тут. 

З цёмных і светлых фракцый нафты атрымліваюцца розныя нафтапрадукты. Светлыя дызелі і бензіны Беларусь экспартуе на захад, з цёмных выходзіць бітум, які пастаўляецца ва Украіну. 

Фактычнае спыненне аднаго з двух існуючых заводаў не дазволіць летам разгарнуцца на прэміяльным украінскім рынку: яшчэ нядаўна Украіна рыхтавалася да вайны, замарозіўшы інфраструктурныя праекты, але цяпер яны размарожаныя. Наступае высокі сезон для будоўлі дарог і нерухомасці, і патрэбы ў бітуме велізарныя. 

З улікам таго, што пастаўкі нафтапрадуктаў з Расіі ва Украіну забароненыя, усе вяршкі ў апошнія гады здымалі беларускія кампаніі, як правіла, прыдзяржаўныя. Па словах абазнаных, у найлепшыя часы Беларусь прадавала бітум ва Украіну за 460 даляраў за тону, у той час як у Расіі ён каштаваў 220 даляраў за тону. Летась Беларусь прадала ва Украіну 583 тысячы тон бітуму, з іх 410 тысяч тон было пастаўлена з Мазырскага НПЗ, які ў новых умовах наўрад ці зможа цалкам засяродзіцца на бітуме. 

Што будзе са светлымі фракцыямі, таксама няясна, тут таксама лагічнае скарачэнне паставак. Агулам жа за 2020 год на пастаўках нафтапрадуктаў Беларусь зарабіла $2,7 мільярдаў. 

Але гэта кароткатэрміновыя рызыкі і страчаныя магчымасці, у доўгатэрміновай перспектыве адсутнасць паставак у Наваполацк бачыцца эканамічнай катастрофай. Існаванне завода як такога можа страціць сэнс, а расіяне тады змогуць настойваць на продажы ім гэтага актыву — часова неліквіднага. 

Але чаму рускія забаяліся пастаўляць нафту? 

Справа ў тым, што «Раснафта» мае вялікія супольныя праекты з заходнім капіталам, займаецца геалагічнай выведкай у ЗША і актыўнічае ў Паўднёвай Амерыцы. І хаця сама кампанія знаходзіцца пад амерыканскімі санкцыямі, яны не маюць катастрафічнага характару і толькі скарачаюць тэрміны крэдытавання «Раснафты» амерыканскім капіталам.

Расійскія нафтавікі пільна сочаць за тым, каб не трапіць у драконаўскі SDN-ліст — чорны спіс, куды дадаюць за супрацоўніцтва з кампаніямі, якія ўжо там ёсць (напрыклад з «Нафтанам»). Гэта новаўвядзенне. Раней такога не было, таму «Нафтану» і пад санкцыямі жылося даволі камфортна. 

Аб сур'ёзным стаўленні да амерыканскіх санкцый сведчыць і тое, што «Раснафце» давялося сысці з Венесуэлы, як толькі перад ёй замаячылі абмежаванні за парушэнне санкцыйнага рэжыму. 

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

На нарадзе ў Лукашэнкі публічна пасварыліся чыноўнікі. Ён не ведаў, каго падтрымаць15

На нарадзе ў Лукашэнкі публічна пасварыліся чыноўнікі. Ён не ведаў, каго падтрымаць

Усе навіны →
Усе навіны

«$10 тысяч — самы мінімум». Нявеста ў разгубленасці ад цэн на «сціплае» вяселле і не ведае, ці вартае яно таго11

Нацбанк хоча забараніць у Беларусі разлікі з дапамогай крыптавалют

Зніклая два з паловай гады таму работніца віцебскай хіміі скончыла жыццё самагубствам3

Паглядзіце, як беларусы ўпарадкоўваюць старыя габрэйскія могілкі — розніца паміж «да» і «пасля» ўражвае7

Фіца: Славакія здымае вета з 18-га пакета санкцый ЕС супраць Расіі4

«Нёман» выйшаў у наступны раўнд, а брэсцкае «Дынама» вылецела

Сеніцкі воўк, якога гераічна застрэліла міліцыя, усё ж аказаўся сабакам. Пад пытаннем і ягонае шаленства12

Загінуў вядомы аўстрыйскі парашутыст-экстрэмал Фелікс Баўмгартнэр1

ЗША адклалі ўзгодненую пастаўку Patriot Швейцарыі, бо ў прыярытэце Украіна3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На нарадзе ў Лукашэнкі публічна пасварыліся чыноўнікі. Ён не ведаў, каго падтрымаць15

На нарадзе ў Лукашэнкі публічна пасварыліся чыноўнікі. Ён не ведаў, каго падтрымаць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць