Адзін з герояў арт-календару «Канец словаў» — музыка і літаратар Лявон Вольскі — дзеліцца сваімі ўражаннямі ад праекту.
— Ці дастаткова зроблена беларускімі літаратарамі для папулярызацыі беларускай літаратуры, каб пераходзіць да такіх сродкаў, як здымкі ў календары?
Па-мойму, гэта нармальны сродак папулярызацыі, таму што цяпер літаратура бясконца далёкая ад народу. У асноўным у нас творцы элітарныя, і паміж імі і народам — проста бездань. Каляндар — гэта набліжэнне да народу, хаця б да той яго часткі, якая будзе казаць: «Ну што ж гэта такое, як яны маглі!» Але ж гэта ўсё адно эмоцыі. Любыя эмоцыі — гэта ўжо плюс.
— На адной з рок-каранацый NRM выступілі распранутымі, а ў кліпе да песні «Чыстая-Светлая» Вы зняліся ў жаночым вобразе. У праекце «Крамбамбуля» вы таксама эпатуеце публіку кічавымі ўбраннямі. Дзеля чаго?
Тое, што мы робім, — свядомыя крокі спецыяльна для таго, каб наблізіцца да гэтай цёмнай шэрай масы народу, невядомай нікому. Я маю на ўвазе «Крамбамбулю». Ці вось, напрыклад, я збіраюся напісаць які-небудзь белетрыстычны твор, што-небудзь дэтэктыўнае ці, можа, штосьці пра вампіраў.
Як толькі ты пачынаеш рабіць штосьці блізкае да папсы, ты адразу ж падвяргаешся жорсткай крытыцы. Беларускае грамадства цяжка хворае, і трэба яго з гэтага стану выводзіць усімі даступнымі нам, творчым асобам, сродкамі. Трэба няўхільна працаваць у гэтым рэчышчы.
Што да календара, то перш за ўсё гэта бліжэй да чыстага мастацтва. Я адразу пагадзіўся ўдзельнічаць у праекце. Гэта праект, у якім бяруць удзел не толькі ты і публіка, але і фотамастакі. Атрымліваецца твор мастацтва, які мала ад цябе залежыць. Тут усю пастаноўку рабіў фатограф Андрэй Шчукін са сваімі калегамі, я толькі слухаў парады кшталту «нагу лявей, руку правей». Я асабіста ведаю Андрэя Шчукіна, і таму няёмкасці не адчуваў. Я б не назваў гэта эратычнай фотасесіяй, гэта мастацкая фотасесія крышачку з эпатажам. І тое гэта эпатаж толькі для нашай краіны. Мне вельмі спадабалася выкананне. Атрымалася нават лепей, чым я думаў. Мне падаецца, што гэта трошкі не для вешання каляндар. Пакладу так для архіву. У мяне вісіць дома каляндар. Я там пазначаю даты канцэртаў. «Канец словаў» — гэта суцэльны твор мастацтва, які мне не хочацца псаваць.
— Наколькі далёка асабіста Вы гатовы пайсці ў агаленні дзеля мастацтва?
Пакуль настолькі, наколькі я пайшоў у гэтым календары. Ну, калі гэта сапраўды дзеля мастацтва, то настолькі, наколькі трэба. Дзеля сапраўднага мастацтва, калі гэта неабходна, давядзецца ісці.
— Праект называецца «Канец словаў». Ці не азначае гэта, што сучасная беларуская літаратура вычарпала сваю асноўную зброю, то бок словы, і адзіным сродкам прыцягнення ўвагі застаецца голае цела?
Для мяне дзіўна было прачытаць каментар на «Нашай Ніве»: «Якія творчыя асобы, такі ў іх і пасыл, вось ў наш час былі Ніл Гілевіч, Янка Брыль, яны б да такога ніколі не дайшлі». Дзіўнае вельмі меркаванне.
Наогул у нашым грамадстве распаўсюджанае «злоснае» стаўленне да любой мастацкай акцыі. Справа ў тым, што і Янка Брыль, і Ніл Гілевіч, і Яўгенія Янішчыц, узгаданыя ў гэтым гнеўным пасыле, працавалі ў жанры традыцыйным. З чаго ім было рабіць такія акцыі?
Я напісаў нешта кшталту эсэ наконт гэтай назвы, і кожны напісаў, здаецца, нядрэнна атрымалася. Так што яшчэ не зусім канец, раз літаратары выказаліся на тэму канца словаў. Значыць, засталіся яшчэ нейкія словы, як ні парадаксальна гэта гучыць.