Фота pixabay.com

Фота pixabay.com

Фларыдская кампанія Eternal Reefs ужо 23 гады ператварае парэшткі нядаўна памерлых у штучныя рыфы на акіянскім дне. Тэхналогія стварэння такіх рыфаў простая — трэба толькі дадаць прах памерлых у экалагічна бяспечную бетонную сумесь. Па стану на мінулы год каля берагоў ЗША размяшчаліся больш за 2 тысячы рыфаў кампаніі, піша ВВС.

Штучныя рыфы. Фота eternalreefs.com.

Штучныя рыфы. Фота eternalreefs.com.

Калі ж чалавек жадае, каб яго парэшткі засталіся на сушы, ён можа звярнуцца да іншай амерыканскай кампаніі, Recompose, што змяшчаецца ў Сіэтле. Яе эксперты распрацавалі тэхналогію, якая ператварае целы памерлых у глебу. Для гэтага цела змяшчаюць у стальны цыліндр, туды ж дадаюць пілавінне, салому і фрагменты расліны люцэрна. Цела застаецца ў цыліндры на працягу 30 дзён, прычым супрацоўнікі кампаніі кантралююць умовы ў цыліндры, каб усё спрыяла размнажэнню бактэрый. Праз 30 дзён цела цалкам ператвараецца ў глебу, якую пазней аддаюць родным памерлага або пераносяць у спецыяльны лес, за якім даглядаюць супрацоўнікі Recompose.

У гэтым годзе памер сусветнага рынку рытуальных паслуг ацэньваецца ў 110 мільярдаў даляраў, але эксперты чакаюць, што да 2025 года гэтая лічба вырасце да 148 мільярдаў. Пры гэтым не проста павялічваецца колькасць варыянтаў пахавання, але і ўзрастае колькасць крэмацый. То бок відавочная тэндэнцыя, што ўсё больш і больш людзей адмаўляюцца ад звычайных пахаванняў.

Пандэмія таксама спрыяе росту анлайн-трансляцый з пахаванняў, бо праз каранцінныя меры шмат дзе ў свеце колькасць людзей на пахаваннях абмяжоўваецца. Гэтым займаецца фірма Tribucast з амерыканскага штата Канэктыкут. Яна была заснаваная яшчэ да пандэміі, але менавіта з пачаткам кавіднай эры попыт на трансляцыі пахаванняў вырас у шмат разоў. Тым не менш, і раней трэнд на такую паслугу быў відавочны, хаця і не настолькі. Для прыхільнікаў іўдаізму ці ісламу важна, каб пахаванне адбылося на працягу 24 гадзін з моманту смерці, а гэтага часу не заўсёды хапае, каб сабраць разам усіх блізкіх памерлага. У такім выпадку трансляцыі дапамагаюць хоць неяк паўдзельнічаць у пахаванні.

Нарэшце, амерыканская кампанія Celestis дапамагае транспартаваць прах памерлых у космас падчас запланаваных касмічных місій. Дзякуючы развіццю камерцыйнага асваення космасу Celestis мае ў сваім распараджэнні два-тры касмічныя запускі на год, і ёсць добрая перспектыва росту як мінімум да палётаў раз на квартал.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0