Фота: pixabay.com

Фота: pixabay.com

Тыдзень таму жыхарка вёскі Ліпаўка Хоцімскага раёна Вольга Вашчыліна страціла 46 курэй — птушкі загінулі з разбежкай у некалькі дзён. У яе суседзяў, кажа жанчына, з курамі ўсё ў парадку, але ў вёсцы было яшчэ наколькі выпадкаў мору хатняй птушкі на падворках. Аказалася, праблема ёсць і ў іншых раёнах Магілёўшчыны. Прычына — хвароба Ньюкасла, пераносчыкамі якой у дадзеным выпадку, хутчэй за ўсё, з'яўляюцца пералётныя птушкі, піша Tut.by.

«Куры ікалі, пачыналі хрыпець, антыбіётыкі не дапамагалі»

— Я ўстала раніцай, убачыла, што некалькі птушак ледзь ходзяць. Падумала, што прыхварэлі — усякае бывае. Але да вечара яны загінулі. На наступны дзень памерлі і іншыя, — распавядае Вольга Вашчыліна.

Сімптомы ў курэй, кажа Вольга Ягораўна, былі прыкладна аднолькавыя — спачатку птушкі разяўлялі дзюбы, як быццам ім не хапала паветра, некаторыя прагна пілі халодную ваду проста з лужын. І жудасна крычалі, нібы прасілі аб дапамозе. У многіх былі характэрныя вадкія выпаражненні белага колеру «як малако». За некалькі сутак «згарэў» увесь бацькоўскі статак і маладняк.

— Засталася адна квахтуха, яна ў нас была зачыненая асобна, сядзела на яйках. Вось цяпер на яе ўся надзея, — кажа жанчына.

Уся хатняя птушка ў пенсіянеркі пастаянна знаходзілася на закрытай тэрыторыі, але на падворак пажывіцца кормам часта прыляталі вераб'і.

— Іншых кантактаў у нашых курачак з птушкай або жывёламі не было.

Страты Вольга Ягораўна не падлічвала, да ветэрынараў не звярталася — проста закапала загінулую птушку. Куры для пенсіянеркі былі вялікай падтрымкай і дапамогай для дзяцей, унукаў. Цяпер, кажа Вольга Ягораўна, аб хатніх яйках прыйдзецца надоўга забыцца — грошай на куплю новай жыўнасці няма. Адна пяцімесячная курачка, па словах жанчыны, на рынку каштуе 13 рублёў, несціся яна пачне толькі праз 2—3 месяцы. Праўда, ёсць надзея, што ў выжылай квактухі ўсё ж з'явяцца здаровыя піскляняты.

Алена, нявестка Вольгі Вашчылінай, жыве ў Хоцімску і кажа, што куры мруць і ў раённым цэнтры, і ў суседніх вёсках.

— Мы самі птушку не трымаем, але і на рынку, і ў аўтобусе людзі абмяркоўваюць гэтую сітуацыю.

Марына Навумава з вёскі Язеры Чэрыкаўскага раёна за адну ноч страціла 70 курэй. Кажа, раніцай заўважыла, што нясушкі перасталі выседжваць яйкі, вырашыла прадэзынфікаваць курнік. Але гэта не дапамагло — птушка загінула.

— Куры спачатку ікалі, потым пачалі хрыпець, антыбіётыкі не дапамаглі. Плакала разам з імі, ужо вельмі шкада птушку — кажа жанчына.

У некаторых яе суседзяў куры таксама загінулі, аднак зразумець, чаму гэта адбылося, складана.

— Я сваю птушку трымала пад замком, выпускала ў двор літаральна на некалькі гадзін. У іншых куры ходзяць цэлымі днямі па вуліцы, і з імі ўсё ў парадку.

Жыхарка аграгарадка Бель-1 Крычаўскага раёна Ніна Шміт таксама распавяла аб масавай гібелі хатняй птушкі. У жанчыны, на шчасце, абышлося без страт, а вось у суседзяў лік загінуўшых курэй ужо ідзе на сотні.

— У нас у аграгарадку шмат выпадкаў, і ў суседняй Камароўцы, ды і ў самым Крычаве птушка гіне.

Сімптомы, кажа жанчына, ва ўсіх курэй падобныя — спачатку яны пачынаюць крычаць, пасля буркуюць як галубы і хрыпяць, у іх сінеюць дзюбы, з'яўляецца панос.

— Тры дні — і птушка гіне, ніякія антыбіётыкі не дапамагаюць.

Паведамленні аб масавай гібелі курэй таксама прыходзяць з Слаўгарадскага, Мсціслаўскага, Магілёўскага раёнаў.

Афіцыйна: «Адзіны выхад — вакцынацыя курэй»

Датэлефанавацца да раённых ветстанцый немагчыма, тэлефоны ўстаноў у Мсціславе, Хоцімску, Слаўгарадзе адключаныя. Дырэктар Магілёўскай абласной ветэрынарнай лабараторыі Міхаіл Лусцянкоў паведаміў, што не ў курсе таго, што адбываецца.

Tut.by удалося звязацца з начальнікам Чэрыкаўскай раённай ветстанцыі Сяргеем Куцарскім, які пацвердзіў гібель хатняй птушкі на падворках.

— Ёсць такія выпадкі. Не масава, але куры гінуць. Прычына — хвароба Ньюкасла, пераносчыкам якой у дадзеным выпадку, хутчэй за ўсё, з'яўляюцца пералётныя птушкі.

Сяргей Куцарскі кажа, што для людзей хвароба Ньюкасла не ўяўляе небяспекі, аднак птушку, калі яна ўжо інфікаваная, уратаваць немагчыма — не дапамогуць ні антыбіётыкі, ні дэзінфекцыя памяшканняў. Адзінае выйсце — вакцынацыя курэй, прэпарат трэба дадаваць птушкам у пітво.

— Чэрыкаўскі раён ужо замовіў вакцыну, якую прывязуць у бліжэйшыя дні, яе можна будзе атрымаць у райветстанцыі. У суседнім Слаўгарадскім раёне, наколькі я ведаю, вакцынацыя ўжо пачалася.

* * *

Хвароба Ньюкасла або псеўдачума

Упершыню ўспышка псеўдачумы была зафіксавана ў Англіі ў 1926 годзе. Хвароба перадаецца паветрана-кропельным шляхам і пераральна, крыніцай могуць быць іншыя птушкі, чалавек, інвентар, памёт, корм і шкарлупінне яек. Інкубацыйны перыяд віруса доўжыцца ад 7 да 12 сутак. Характэрныя сімптомы:

зніжэнне апетыту;
млявасць, маларухомасць;
кан'юктывіт;
выдзяленні з дзюбы;
панос.

Звычайна птушка гіне на працягу трох дзён пасля з'яўлення першых прыкмет захворвання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0